Выбрать главу

Гэта было вусцішна. Тым болей што вочы глядзелі некуды ў нетутэйшыя эфіры...

Лёднік кінуўся да дачкі.

— Гер доктар, трымайце сябе ў руках! Ніякіх самавольных умяшальніцтваў! — выкрыкнула абатыса.

Але наўрад Баўтрамей яе чуў. Ён ліхаманкава аглядаў, асцярожна абмацваў крывіначку. Зазірнуў зблізу ў адсутныя вочы.

— Што за блёкат ёй даяце?

Абатыса падціснула скрыўленыя вусны, выцершы хустачкай нітку сліны з апушчанага кутка рота.

— Усе пацыенты атрымліваюць супакаяльнае.

Доктар адкінуў доўгія рукавы сукенкі. Худзенькія рукі ваяводзіны Жылкавай былі складзеныя накрыж і абматаныя на запясцях белай стужкай.

Доктар так ірвануў перавязь, што тая разляцелася на шматкі, расцёр запясці, памацаў пульс.

— Знясіленне. Адурманьванне. Гэта ваша лячэнне?

Вырвічу і тое было непамысна ад гнеўнага тону Лёдніка. Зрэшты, яму самому хацелася звярнуць крывую шыю абатысы. А Каруся ўвогуле давялося адчувальна схапіць за руку, каб не ўчыніў тое, што ў доме Жылкаў. З боем наўрад праб’ешся.

— Злы дух не павінен мець у распараджэнні моцнае цела, тады хутчэй яго можна змусіць шукаць іншы сасуд, — князёўна фон Шнаўцэнваген-Караваеф завяла літанне пра слушнасць лячэння.

Лёднік, не азіраючыся на абатысу, працягваў агляд. Асцярожна зняў з галавы Сафійкі хустку, не зважаючы на злоснае буркатанне мнішак. Тыя ўсё-ткі не асмельваліся перашкаджаць доктару ў прысутнасці раз’ятраных дужых мужчын і адышліся на крок ад сваёй падапечнай, аднак працягвалі захоўваць нялюдскія ўсмешкі.

Валасы Сафійкі былі чыстыя, акуратна расчасаныя, але не блішчэлі, не ліліся, як раней, чорным шоўкам — быццам пылам прыпарушыліся. Доктар павольна памацаў галаву дачкі — тут Сафійка першы раз выявіла нейкую рэакцыю, тузанулася, уздыхнула...

— Што за апарат вы ўздзявалі ёй на галаву?

Ад пагляду доктара магло што-небудзь загарэцца.

— Думаю, вы маеце на ўвазе вынаходніцтва прафесара Айзенхаўэра, — ахвотна патлумачыла маці Агнэса. — Металічныя штыры націскаюць на пэўныя кропкі чэрапа, ствараецца адпаведны ціск, і рэгулюецца плынь мазгавых флюідаў...

— Лухта! — Бутрым ледзь стрымліваў гнеў. — Я бачыў падобныя прыстасаванні, нічога, акрамя пакутаў яны хвораму не нясуць. Доўгае сцісканне чэрапа можа, наадварот, парушыць мазгавыя працэсы, а жалезныя мацаванні раняць скуру галавы і могуць выклікаць нагнаенне.

Сафійка раптам пахіснулася і пачала падаць. Карусь ірвануўся і паспеў падхапіць сваю любую паненку раней за ўсіх. Ён туліў яе да сябе з невымоўнай пяшчотай i жалем. У яго быў такі твар...

Памутнелыя вочы Сафійкі раптам страцілі адсланёнасць, і ў іх мільганула пазнаванне.

— Карусь... — галасок ценькі, амаль нячутны — трава гучней шуміць.

Вырвіч павярнуўся да абатысы.

— Ваша княская мосць маці Агнэса, я хросны бацька гэтай дзяўчыны, маршалак Менскага павета, i я настойваю, каб яе лячэннем займаўся Баўтрамей Лёднік, які мае аўтарытэт...

— Я ведаю рэпутацыю гера Лёдніка, — нецярпліва перабіла яго абатыса, на якую пасада Вырвіча, натуральна, не зрабіла ніякага ўражання. — Ведаю не толькі з добрага боку. Нават ягамосць Жылкаф дае зразумець у сваім лісце, што ў яго цесця могуць быць тыя ж праблемы з уплывам нячыстай сілы, што ў ягонай дачкі.

Ну вось закарцела ж доктару дэманстрацыю сваіх здольнасцяў у доме Жылкаў учыняць...

— Таму змены ў лячэнні могуць быць толькі пасля кансіліума, — вока маці Агнэсы круцілася, быццам жыло сваім жыццём. — У канцы месяца вернецца з Берліна гер Айзенхаўэр, запросім таксама з Граца айца Амадэуса, прызнанага экзарцыста. Доктар Лёднік выкажа ім свае меркаванні. Нагадаю, што гер Валянцін фон Жылкаф, муж i апякун гэтай хворай, даў нам права лячыць яе душу i цела.

— Ён збіраецца разводзіцца, ваша святая мосць! — запэўніў Вырвіч.

Абатыса пахітала галавой:

— Не магу пана Валянціна за гэта асуджаць, хаця разводы — грэшная справа. Калі шлюб будзе скасаваны, так, фрау Сафія можа быць перададзеная пад апеку ейнага бацькі... Пры пацвярджэнні ягонай дзеяздольнасці. Dura lex, sed lex[6].

Вырвіч кінуў трывожны позірк на Баўтрамея: каб яшчэ доктара не абвясцілі апантаным ды не пазбавілі права апекавацца Сафійкай...

— Але, пакуль не будзе афіцыйнага пацвярджэння разводу, ipso jure[7] Сафія фон Жылкаф застаецца пад уладаю яе мужа, пачцівага Валянціна фон Жылкаф, а значыць, пад юрысдыкцыяй кляштара Святой Даратэі, якой гер Жылкаф гэтую ўладу цалкам перадаў.

Развод за некалькі дзён не зладзіш... Карусь шчыльней прыгарнуў да сябе Сафійку, трымаючы яе на руках беражліва, як немаўля, і нешта шаптаў ёй на вуха... Мнішкі паспрабавалі спыніць плюгаўства, змусіць пушчанскага дзікуна перастаць датыкацца да іхняй падапечнай... Вырвіч здагадваўся, што яны прачыталі ў блакітных вачах нахабніка, бо адкаснуліся, ледзь захаваўшы свае прыклееныя ўсмешкі.

вернуться

6

Закон суровы, але гэта закон (лац.).

вернуться

7

Па законе (лац.).