Толькі б не рвануў гэты лось з каханай на руках прабівацца на волю.
— Я не думаю, што смерць жонкі пачцівага Валянціна фон Жылкаф будзе да гонару кляштару і асабіста вам, маці Агнэса, — Вырвіч не хаваў гневу. — Semper in dubiis benigniora praeferenda sunt![8]. Дазвольце доктару Лёдніку лекаваць яго дачку, і заадно ён дапаможа з лячэннем усім хворым кляштара, i вам у тым ліку.
Маці Агнэса зацікаўлена слізнула вачыма па доктару. Якая б сумніўная ні была рэпутацыя Лёдніка ў вачах пільнавальнікаў традыцый, але лячыцца, калі прыцісне, усе беглі навыперадкі менавіта да гэтага суворага блюзнера.
— Я магу паспрабаваць зменшыць вашыя болі і часткова зняць сутаргі цягліцаў, — глуха прамовіў Лёднік, апусціўшы вочы. — Прыгатую бяспечныя супакаяльныя лекі на ўсіх хворых. Мне ўдавалася лячыць выпадкі харэі з дапамогай адмысловага масажу. Маю шмат прэцэдэнтаў удалага лячэння нервовага паралюшу... Можаце правяраць мяне і мае лекі якімі заўгодна свяшчэннымі рытуаламі ды рэліквіямі. Толькі не хавайце ад мяне дачку. Яна сапраўды ў вельмі кепскім стане.
У Каруся вырваўся амаль звярыны прыглушаны рык... Пасля такога звычайна хрумсцяць нечыя косткі. Мнішкі адступілі яшчэ на крок.
Урэшце сышліся на тым, што Лёдніку дазволяць падлячыць Сафійку, каб высокі кансіліум пабачыў вынікі і прыняў рашэнне наконт далейшых працэдураў. Правялі Бутрыма і да некаторых іншых хворых, вынікам былі гнеўныя размовы, разбітыя шкляніцы з нейкай атрутай, адна гістэрыка і некалькі жарынак надзеі, якія запаліліся ў вачах пацыентак.
Як лёгка запальваюцца тыя жарынкі, і як рэдка ім даюць разгарэцца ў вогнішча...
— Я мог бы амаль усіх там вылечыць... — Бутрым сядзеў, панурыўшыся, у чужой аптэкарскай лабараторыі, чорна-сівыя патлы завешвалі худы твар. — Калі б толькі перасталі няшчасных хворых марыць голадам, апойваць дурманам і выпрабоўваць на іх усялякія вычварныя механізмы.
Побач, у суседнім пакоі, гучалі галасы — нехта зайшоў у аптэку, а значыць, яе ўладальнік на нейкі час будзе заняты.
Вось і добра, хоць трохі без шпега. Вырвіч нахмурыўся: усё ехала на крывой казе. Думалі, паселяцца ў кляштары, дзе мусяць жа быць памяшканні для паломнікаў, агледзяцца... Тым больш у знаёмага аўстрыйскага банкіра Вырвіч нарэшце разжыўся на грошы. Але ў кляштары Святой Даратэі мужчын не сялілі — нават ахоўнікі месціліся ў адасобленым памяшканні ўнізе. Бутрыму прапанавалі працаваць тут, у аптэцы мястэчка пад гарой, на якой знаходзіўся манастыр.
Ну як мястэчка — шапкай накрыць можна, дамкоў дваццаць, што нагадвалі калядныя пернікі. Нават назвы сваёй няма. Кажуць «ля Святой Даратэі». Тут пакаленнямі жылі тыя, хто абслугоўваў багаты кляштар, ягоных ахоўнікаў ды паломнікаў, якія сюды з’язджаліся круглы год. Адзін з тубыльцаў шыў, другі вырошчваў гародніну, той гадаваў курэй, а гэты пёк хлеб, здабываў воск i мёд... Хтось жыў з таго, што здаваў багатым прыезджым, якіх не пускалі ў кляштарныя келлі, памяшканні.
Звычайна менавіта ў кляштарах рабілі найлепшыя лекі, працавалі адметныя фармацэўты. Ды што там, нават порах вынайшаў мніх Бяртольд па мянушцы Чорны, бо дым у твар ягоны ўеўся. Але прытулак Святой Даратэі стагоддзямі карыстаўся паслугамі аптэкі ў паселішчы ўнізе. Яе цяперашні ўладальнік, худы да жаўцізны і з’едлівы да костак Ганс Папяльман, працаваў на Святую Даратэю, як калісь ягоны бацька і ягоны дзед. Нос у аптэкара на свята рос, а ён яго па буднях насіў. Паколькі ў Папяльмана дзяцей не мелася, сямейная традыцыя мусіла перарвацца, што не дадавала геру аптэкару лагоды, асабліва ў зносінах з навязанай на ягоную галаву бандаю чужынцаў. Тым больш які гэта майстар спакойна сцерпіць, калі яго змушаюць саступіць сваю майстэрню іншаму, які нібыта ўмее рабіць тое, што ён не можа?
Згодна з атрыманым ад маці Агнэсы загадам, Папяльман даваў падазронаму чарнавалосаму доктару ўсё для працы, але мусіў сачыць, каб той не ўжываў магію і не намешваў атруту.
Ці трэба казаць, што магію і атруту пан Папяльман падазраваў у кожнай мензурцы, да якой датыкаўся ліцвінскі доктар?
Лёднік ужо нават на крык пару разоў зрываўся ў бясконцых дыспутах, хоць гэта было як на пень брахаць.
Асаблівае падазрэнне ў Папяльмана выклікаў Ясючок, якога Лёднік прыстасаваў сабе ў дапамогу, а заадно адукоўваў як мог, лекцыі чытаў па натуральных навуках. Недарэка быў злоўлены Папяльманам, калі навязваў нейкую нітку на ножку лабараторнага стала.