Выбрать главу

А пальцы ж пячэ... Вырвіч крадма плюнуў на іх і зноў абцёр. Нешта ўпала на стол перад ім. Скураны мяшэчак з нейкім парашком...

— Пасып пашкоджаныя месцы. I няма чаго хапаць незнаёмыя рэчывы голымі рукамі.

Вось жа доктар пільны, заўважыў.

Добра, што Вырвіч той шарык атрутны на смак не пакаштаваў.

Та-ак, гэта не яблыкі з анёльскіх садоў.

Раздзел шосты

ЯК АДНА КРУЧАНАЯ МНІШКА ПА БЛОКАХ

БЕГАЛА

Калі старыя майстры ўзводзілі храм, абавязкова рабілі на фасадзе акно-ружу, якое глядзіць на захад. Круглае, вітражнае, са свінцовымі мацаваннямі. I павінна яно ўвасабляць пячатку Саламона, мудрага біблейскага цара, які той пячаткай утаймоўваў злых духаў.

Мяркуючы па так званым ніжнім храме кляштара Святой Даратэі, злыя духі, калі і былі тут зняволеныя, мусілі разляцецца, бо вітраж у акне-ружы разбіты. Зрэшты, увесь фасад з чырвона-шэрай цэглы нібы воспаю пабіла: стралялі і з гарматаў, і з ружжаў. Вострыя вежачкі, што аздаблялі верх фасада, часткова паадбіваныя. Пацярпелі і скульптуры святых, высечаныя з шэрага каменю, дзве дык увогуле страцілі галовы. Не кожны ж святы, як Франтасій, нябесны апякун Пранціша Вырвіча, здольны ўзяць уласную свежаадсечаную галаву, ды яшчэ з забітымі ў яе цвікамі, пад паху і адправіцца пехам развітацца з вучнямі.

Баі тут ішлі відавочна нядаўна, раз не паспелі аднавіць храм. Толькі дзверы новыя паставілі, пабліскваюць свежымі заклёпкамі і металёвымі накладкамі з выявамі біблейскіх сцэн. Злева выбітыя ў срэбры Ева і Адам, прыстойна прыкрытыя вялізнымі вінаграднымі лістамі, стаяць па абодва бакі прысадзістага райскага дрэва, і яблык на галіне яшчэ не надкусаны, і выгнанне вогненным мячом яшчэ наперадзе. Справа аброслы валасамі прасцяк Ісаў падкрадваецца з дзідай да казулі, а ў той час да ягонага аслеплага бацькі Ісака падбіраецца хітры малодшы брат Іякаў, накрыўшы галаву казлінаю скураю, каб скрасці бацькоўскае блаславенне. Ранейшыя дзверы, відаць, нападнікі зусім раскалашмацілі. Няма зацішку нават у такім загубленым у аўстрыйскіх гарах месцы...

Гэты храм побач з брамай у кляштар і кавалергардыяй быў для агульнага карыстання, сюды вольна заходзілі месцічы і паломнікі. У самім кляштары меўся свой, толькі для мнішак. Так што спадзявацца ўбачыць тут пацыентак шпіталя не выпадала.

Вырвіч утаропіўся ў агідную пысу гаргуллі, што глядзела на яго з фрыза храма. Святыя фігуры пашкодзіліся, а гэтую пачвару, сумесь казы з яшчаркай, і гармата не ўзяла.

З каменнай пабеленай брамы, што вяла ў кляштар, паказалася знаёмая высокая хударлявая постаць з валізкаю. Ну вось, чарговы візіт скончаны...

Лёдніка да дачкі пускалі раз на дзень, калі яна не мусіла быць на малітве. Лекаваў, выслухоўваў, суцяшаў... Дамогся, каб перасталі звязваць ёй рукі. Тым больш адмысловы Баўтрамееў масаж дапамог зняць сутаргі ў князёўны Магдалены фон Шнаўцэнваген-Караваеф, маці Агнэсы, і тая трохі палагаднела. У дзвюх цяжкіх пацыентак доктар вылечыў прыступы буянства. Адну кабету, што як каменная тры гады была, прывёў да свядомасці. А такіх моцных і бясшкодных супакаяльных мікстураў, як прыдумваў Лёднік, ні Папяльман, ні іншыя аўстрыйскія дактары рабіць не ўмелі.

Гісторыі тых, хто трапляў на лячэнне да Святой Даратэі, часта рвалі сэрца і змушалі ўсумніцца ў сусветнай справядлівасці. З другога боку, тут былі толькі тыя пацыенты, чыя багатая радня магла ахвяраваць шпіталю добрыя грошы. I таму білеты сюды не прадавалі, як у лонданскі Бедлам, каб кожны жорсткі разявака мог прыйсці падражніць і памучыць няшчасных. I не сядзелі хворыя, як у тым Бедламе, паўголыя і брудныя, на ланцугах. У гэтых сценах надзейна захоўваліся змрочныя таямніцы радавітых сем’яў. Шапталіся, што нават нехта з імператарскага аўстра-вянгерскага дому тут у якасці пацыента знаходзіцца.

Калі Лёднік не быў у дачкі, дык завіхаўся ў лабараторыі. Нарыхтаваныя ім лекі ў кляштар заносілі Сцяцко ды Ясючок, яшчэ і Папяльман карыстаўся іх паслугамі, каб перадаць свае заказы і сэканоміць на пасыльных.

Вырвіч лазіў па гарах, з задавальненнем адчуваючы, як крапчэюць цягліцы ад чысцюткага паветра i караскання па сцежках, а Ясючок, якога ён часам браў з сабою, збіраў нейкія траўкі ды кветкі (не толькі дзеля сваёй варажбы, але і выконваючы заданні Лёдніка) і нават звяраўся з гравюрамі ў давераным яму падручніку па батаніцы. Цяпер замест спасылак на Алатыр-камень з вуснаў нядошліка гучала «Bergenia crassifolia», «Vinca minor», «Hierochloe odorata». Ну Лёднік — адукатар...