Сцяцко даглядаў коней i не выпускаў з вока гожых аўстрыйскіх дзевак. Не тое каб ix было шмат у маленькім паселішчы без назову, да таго ж былі яны, як на густ Вырвіча, занадта крамяныя, а ў сваіх шырокіх ваўняных спадніцах дык зусім як кадушкі. Але гарны парубак, як і Пане Каханку, менавіта такіх і вылучаў: возьмешся — маеш рэч.
А Меланхолія працягвала свае шпяжанскія справы. Калі не круцілася ў лабараторыі, шнырыла па паселішчы, пачціва выпраўлялася разам з месцічамі ў касцёл Святой Даратэі... А да Лёдніка стала асабліва ласкавая. Так і намагалася то па руцэ пагладзіць, то да боку прытуліцца... I ўсё ўглядалася ў рэзкія рысы, як быццам пісала партрэт.
Гэх, нават дабрадзейнага цара Саламона загубіла любоў да жанчын... Калі Вырвіч вучыўся ў Менскім езуіцкім калегіуме, яго змушалі зубрыць на памяць выказванне гэтага мудрага цара: «Гарчэй за смерць жанчына, таму што яна — сетка, і сэрца яе — сіло, і рукі яе — аковы; добры перад Богам выратуецца ад яе, а грэшнік злоўлены будзе ёю».
Ага, добра было казаць такое пану, у якога мелася шэсць соцень жонак ды яшчэ трыста наложніцаў... Якое ўжо шчырае каханне пры такой колькасці? Ён хоць паўсотні па імёнах мог назваць? Але знайшоў аматар разнастайнасці ў ложку апраўданне: жанчыны вінаватыя!
Праўда, шкаляры Менскага езуіцкага калегіума не надта пужаліся Саламонавага папярэджвання ды ахвотна лезлі ў згубнае сіло, заляцаючыся да менскіх красунек.
Што б яны там ні перажылі разам, Вырвіч не мог цапкам давяраць былой наймічцы-забойцы. Яна шпягуе, ну і ён стараўся прыкмячаць за ёй... на ўсялякі выпадак. Вось добра паладзіла з Карусём, гугукаюць з ім пра нешта. Ясючка прывабіла. Перастаў «ведзьмы» баяцца, i часам яна яму нешта тлумачыла, тыцкаючы пальцам у падручнік па батаніцы, калі Бутрым быў заняты. Нават дапамагла пазбавіцца страху перад насельніцамі манастыра Святой Даратэі: набыла дурнячку чырвоную ваўняную шапку з абвіслым брылём, такім, што адзін нос відзён. Запэўніла: цяпер усе сурочлівыя пагляды адлятаць будуць, бо шапку зваляў адзін празорлівы старац і вымачыў у расе на святога Яна. А для вернасці трэба прашыць палі загаворанай суворай ніткай, якая, напэўна ж, у Яся маецца.
Добра брэша, шкада вешаць.
Дык Ясючок у той шапцы нават спаць пачаў класціся.
Аднойчы Пранціш, праходзячы паўз пакой, які Чума з Бутрымам займалі, пачуў падазроныя свіст i стуканне... Зазірнуў — Гальшка ў раму акна нажы шпурляе, прычым рукой з адрэзаным вялікім пальцам. За старое ўзялася.
Яшчэ выпадак, нібыта нязначны. Чорнай фарбы на падлозе перад Бутрымавым пакоем было накапана, Вырвіч толькі паспеў заўважыць — Меланхолія тут жа падэшвай бота кроплі расцерла і выскалілася сваёй нахабнай усмешкай... Некалькі разоў Вырвіч яе падлавіў, калі ў лабараторыі крадма штось намешвала. Не дзеўка — японскі куфэрачак з таямніцамі.
Да меркаванага кансіліуму заставалася пара тыдняў. Бутрым зусім звёўся... Не дзіва, што занядужаў. I, на злосць, якраз перад тым, як ісці да Сафійкі. У лабараторыі, толькі напакаваўшы валізку і кошык з лекамі, схапіўся за жывот, збляднеў, спацеў. Ажно лаянка бездапаможная скрозь зубы працадзілася ў няздзейсненага мніха.
Гальшка тут жа прыляцела... Слухаць не стала слабых запэўніванняў мужа: вось зараз вып’ю таго, гэтага, памалюся, падымуся...
— Сам ведаеш — калі страўнік гэтак прыхапіла, за дзесяць хвіляў не ачуняеш. Сёння замест цябе давай да Сафійкі Карусь з Ясючком сходзяць. Павер, Сафійка шчаслівая будзе з панам інжынерам пабачыцца. Добры настрой — найлепшае лячэнне. Не хвалюйся, я хлапцам дапамагу...
Карусь, які тут жа намаляваўся, пачаў так прасіцца да панначкі, што каменнае сэрца трэба мець, каб адмовіць.
I Бутрым не змог запярэчыць, бо яго, небараку, пачало ванітаваць. Вырвіч дапамог сябру дабрацца да цэбра... Доктар ледзь паспеў прагаварыць некалькі настаўленняў Карусю наконт лячэння Сафіі.
Карацей, Меланхолія і інжынер, узяўшы лекі, адправіліся па Ясючка, які мусіў завіхацца ў іх здымным доме на варыўні, а Вырвіч і Сцяцко, які прыбег на дапамогу, важдаліся з доктарам.
— З’еў пан штосьці нясвежае, — спачувальна зазначыў Сцяцко. — А мо травы якой пераеў. Надта пан доктар на траву ўсялякую налягае, замест мяса.
Бутрым скіраваў на гайдука мутна-злосны позірк, але яго зноў заванітавала.