Выбрать главу

Вырвіч мімамаволі схаладнеў і ўхапіў Лёдніка за плячо, каб не даць учыніць якое глупства, калі агучацца, мяркуючы па ўсім, не вельмі добрыя навіны.

— Навіны пра вашую дачку ёсць і кепскія, і добрыя, — удакладніла князёўна Магдалена фон Шнаўцэнваген-Караваеф.

— Пачніце з кепскага, — паспяшаўся Пранціш, бо Лёдніка ажно дрыготка прабірала ўжо ад трывогі.

— Цяпер вы не пазнаеце сваю дачку, — паківала галавою абатыса, і — дзіва — у яе перакрыўленай усмешцы адчуваўся такі лагодны сум. — Калі чалавека апаноўваюць цёмныя сутнасці, яны, адчуваючы супраціў, могуць учыніць з целам страшнае... I асабліва калі разумеюць, што вымушаны гэтае цела хутка пакінуць. Са мной так здарылася.

Маці Агнэса правяла непрыемна доўгімі і худымі пальцамі па сваім скалечаным твары. Мнішка побач заківала, заўздыхала, дадаўшы ў прыклееную да зрэзанага глыбокімі зморшчынамі твару ўсмешку спачування.

— Вы хочаце сказаць, што маю хросніцу скалечыла? — не вытрымаў Вырвіч, бо ў Лёдніка, здаецца, дух заняло.

Абедзьве жанчыны заківалі.

— Паверце, я ведаю, як гэта бывае, — абатыса прамакнула хустачкай сліну ў апушчаным куточку рота. — Horret animus[9]... Мне было шаснаццаць. Ноч перад маім першым балем у імператарскім палацы... Калі б мае пакуты не адбываліся на вачах людзей, якія прыбеглі на мае хрыпы, і каб мяне пабачылі толькі раніцай — маглі прыняць за самазванку, якая залезла ў адзенне князёўны.

— Што з маёй дачкой? Я магу... да яе... — нарэшце выціснуў Лёднік.

Абатыса пакруціла галавой:

— He, дарагі доктар. Цяпер вашы паслугі ёй не патрабуюцца. Сястра Эльза, раскажы, што вы бачылі.

Таўсманая мнішка перажагналася, у яе азызлых рысах раптам прачытаўся сапраўдны спалох.

— Пасля таго як ваш памочнік са слугою прынеслі ёй лекі, фрау Сафія дзесьці гадзіну малілася, укленчыўшы. Калі мы зазіралі — прасіла даць ёй магчымасць пагаварыць яшчэ з Госпадам, бо нарэшце можа ягоны голас пачуць у сваёй душы. А потым... Прыбеглі на крыкі — бедную трасе. Курчыць дух нячысты...

Мнішка яшчэ раз перажагналася. Вырвіч сціснуў мацней плячо Лёдніка.

— Ваша дачка, гер доктар, i ваша хросніца, гер Вырвіч, моцна пацярпела ад супраціву злому духу. Той нават палец ёй адкусіў і скрывавіў стары шнар на шчацэ, — цвёрда заявіла ігумення. — Але затое ён пакінуў яе... Спрацавалі нашыя малітвы, лячэнне доктара Айзенхаўэра ну i вашыя лекі, гер Лёднік. Цяпер пані Сафія можа ясна мысліць i нарэшце прымаць правільныя, падказаныя Госпадам рашэнні. Яна ў бліжэйшы час прыме пострыг.

Агаломшаны Вырвіч сустрэўся позіркам з гэткім жа агаломшаным Лёднікам.

— Як гэта можа быць? Мая дачка замужам. Праваслаўная.

— Жаданне стаць нявестай Хрыстовай вышэй за сямейныя абавязкі, — перакрыўлены рот абатысы расцягнуўся яшчэ шырэй. — Тым болей у ейным цяперашнім стане. Шаноўны Валянцін фон Жылкаф ужо даслаў сваю згоду на скасаванне шлюбу і паведаміў пра тое адпаведным уладам, і духоўным, і свецкім. Вылучае шчодры пасаг для манастыра, які стане домам ягонай былой жонкі. Думаю, за тыдзень усе фармальнасці будуць уладжаныя і Сафія стане годнай сястрой ордэна Святой Даратэі. Вельмі, дарэчы, разумнай выявілася ваша дачка, гер Лёднік, і ўдзячнай, з вялікім палам жадае прысвяціць сябе догляду за няшчаснымі хворымі.

Вось што Меланхолія прыдумала! Сапраўды, самая важкая падстава для разводу — калі сужэнец ідзе ў кляштар. Што ж, для Ганулькі і Валентага пачэсны выхад з прыкрай сітуацыі.

— Прашу вас дазволіць мне пабачыцца з Сафіяй! — Лёднік сціскаў рукі, каб не дрыжэлі. — Урэшце, лячэнне павінна працягвацца... будзе кансіліум...

— Не дазволю, — князёўна фон Шнаўцэнваген-Караваеф магла быць даволі застрашлівай. — Тым болей паслушніца Сафія сама не хоча з вамі сустракацца. Ніякае лячэнне і кансіліум болей не патрэбныя, засталіся адно духоўныя рэчы, недаступныя вам, гер Лёднік. Адзінае — Сафія прасіла, каб яе пераход у ісцінную веру, а затым пострыг адбыліся не ў манастырскай капліцы, а ў храме ўнізе, у якасці прыкладу простым вернікам, і каб вы маглі на публічнай частцы прысутнічаць і таксама атрымаць духоўны ўрок. А яшчэ каб свайго беднага дробнага слугу з сабою абавязкова прывялі... Думаю, што гэта слушная просьба. На само таемства пострыгу староннія не дапускаюцца, але перад гэтым пабачыце Сафію, падчас вячэрні ў нядзелю.

Вырвіча і Лёдніка ледзь не выштурхалі з кляштара.

Бутрым сядзеў на ложку, абхапіўшы галаву рукамі, і Вырвіч не ведаў, што параіць. Халоднае, паскуднае пачуццё бездапаможнасці.

вернуться

9

Скаланецца душа (лац.).