Бутрым змрочна глядзеў на слугу.
— Што пад дзверы лінуў?
Ясючок паціснуў такімі ж вузкімі плячыма, як у гатычных статуй на храме, светлыя вочы глядзелі адсланёна-спакойна.
— А тое, што пані ў слоіку намяшала. Рашчынне на аснове рэчыва, называнага аміякам. Сказала ліць, калі знак падасць.
— А магла і не падаць, каб я іначай ёй адказаў... — скрушна прамармытаў Лёднік сам сабе.
А Вырвіч не мог ачомацца: як жа так, выходзіць, нават гэты недамерак яго перахітрыў, аказаўся разумнейшы за пана маршалка? Ганьба якая! Ці ж зухаваты Вырвіч такі стораж, што як засне, дык не ўспораш? Ці яны з Лёднікам зусім ужо спарахнелі, што ўсе падзеі вакол іх учыняюцца маладзейшымі нават без радаў-парадаў?
Нехта ўскараскаўся на званіцу, з якой можна было агледзець касцёл і бліжэйшыя скалы, і крычаў, што ніякай жанчыны не заўважае.
Не растраціла наймічка сваіх уменняў.
Абатыса была замілавана-радаснай. Пралічыла ўжо, што калі разляцяцца чуткі, як святая Даратэя сама з'явілася за сваёй будучай мнішкаю і забрала яе проста за аблокі, дык ад багатых паломнікаў і новых пацыентаў адбою не будзе. Зараз у кляштары прыдумаюць, як усё прыгожа расказаць. Нават калі хто і западозрыў шалберства — мудра прамаўчыць.
Таму маці Агнэса павіншавала Лёдніка з тым, што ягоную дачку неба ўшанавала сапраўдным цудам, і няўважна выправіла гасцей прэч. Жылкава ахвяраванне таксама ў прыбытак манастыру, дулю яны яго вернуць.
У свой здымны дом ліцвіны амаль забеглі, хаваючыся ад цікаўных позіркаў і спробаў роспыту. Папяльман быў сунуў доўгі нос, але Пранціш яго выправадзіў, спаслаўшыся на абвастрэнне хваробы доктара на нервовай глебе.
А Лёднік сапраўды нерваваўся, кідаўся то маліцца, то пакаваць у валізку лекі... Ясючок спакойна складаў куфры. На пытанні адказваў так блытана, што не разбярэшся. Вырвіч ужо не ведаў, наколькі нядошлік дурны, наколькі прыкідваецца і як шмат утойвае. Адзінае, што той уцямна паўтараў, як дзецям неразумным: трэба цярпліва сядзець і чакаць пані Галену. Гасподзь яе прывядзе.
Сабакі ў паселішчы брахалі і брахалі, нібыта таксама ўзрушыліся цудам у кляштары і ім конча трэба было голасна гэта абмеркаваць. Баўтрамей вось ужо хвілінаў дваццаць стаяў упёршыся лбом у шыбу акна, што выходзіла на горы, і ўглядаўся ў напоўненую сабачым брэхам і кігіканнем начных птахаў цемру. На падаконні гарэла тоўстая васковая свечка, робленая, як відаць, у кляштары Святой Даратэі. Дрогкі агеньчык паглыбляў цені на худым твары доктара, рабіў рысы яшчэ больш рэзкімі i злавеснымі... Пранціш падазраваў, што Бутрым можа так i ўсю ноч прастаяць, чакаючы сваю шалёную жоначку...
Ды ці вернецца яна?
Вырвіч, вядома, агучваць свае сумневы не стаў. Меланхолія выканала тое, дзеля чаго ўсё прыдумвала, — вызваліла Сафійку... А Бутрым са сваім вечным замольваннем грахоў (а галоўны ягоны грэх яна, Гальшка) мог кабету да пячонак дастаць, якая б ні была цярплівая.
У шыбу нешта лёгка грукнула. Бутрым ірвануў рамы... Ледзь не выламаў. Цераз падаконне лёгенька пераскочыла стройная постаць.
— Гальшка... — Бутрым абдымаў яе, прагна цалаваў. — Што ж ты з сабой зрабіла? Саколка ты мая.
Ну так, не лебедзь жа, а птаха драпежная, з кіпцямі, паспрабуй прыручы.
У цьмяным святле можна было разабраць, што твар, хоць i не такі страшны, якім падаваўся ў касцёле, усе ж скрыўлены ды абдрапаны.
— Лухта. Ёсць у мяне рэчыва са старых запасаў, часовы паралюш цягліцаў выклікае. Ткнула сабе голку ў твар. Праз пару тыдняў павінна прайсці
Лёднік ужо нечым намазваў жонцы свежы шнар на шчацэ, які імітаваў Сафійчын апёк.
— Баюся, вось гэта да канца не пройдзе. Глыбока падрапала.
— Лухта!
Пранціш першы раз сустракаў гожую жанчыну, якая гэтак абыякава ставілася б да сваёй знешнасці. Бутрым усадзіў сваю саколку драпежную на ложак i цяпер акуратна размотваў анучу на яе правай руцэ — каб схаваць даўнюю адсутнасць пальца, Меланхолія садрала са старога шнара скуру, нібыта толькі вось цяпер злы дух палец адкусіў. Фантазія ў спадарыні працуе. У маршалка было ду-ужа шмат пытанняў да гэтай асобы. Якая, дарэчы, заявілася да іх пераапранутай у мужчынскі касцюм, падобны да таго, у якім прадстаўляла доктаравага сакратара.
— Дзе ж ты хавалася?
— А загадзя месца прыгледзела. Неяк уначы палазіла. Там у адной вежачцы наверсе касцёла добранькая схованка... Адзежу таксама там прыхавала — не бегаць жа ў белых манаскіх трантах.
Між іншым, усе маніпуляцыі ёй давялося рабіць у цемры... Лазіць па сцяне касцёла, караскацца па скале, прабірацца па горнай сцежцы... Там жа цёмна як у магіле. Вырвіч успомніў белавалосага Ватмана, магчымага бацьку Меланхоліі: той мог у цемры бачыць. Ці не ўспадчынніла Чума тую здольнасць? Не прызнаецца ж, зараза.