Ну, самы час зірнуць на вязня пячоры.
Вырвіч з дапамогай магутнага Сцяцка без цырымоніяў расштурхаў чаргу. Ясючок туліўся за спінай, хрысцячыся ды мармычучы малітвы.
— Пpa хваробу раскажу асабіста лекару! — маршалак менскі пёр як вол на стог. — Маўчыць? Нічога, на паперцы дыягназ напіша. Пісаць жа святы брат умее? Ці вашаму манастыру новая званіца не вельмі патрэбная?
Грошай на званіцу Вырвіч сапраўды адваліў. Мог i папанстваваць.
У пячоры, дакладней келлі, смярдзела, як у пашчы Цэрбера альбо... у алхімічнай лабараторыі пасля няўдалага доследу. Вырвіч у свой час нанюхаўся. Камфара, аніс, нашатыр, сера... Люцыпар зачхаўся б.
Прытулак манастырскага лекара аказаўся куды большы, чым здавалася звонку. Прыкрытыя з панадворку дзірваном сцены складзеныя з тоўстых бярвенняў... Ды тут сапраўдная фартэцыя! Столь нізкаватая: шапка ўвесь час чаплялася за пукі сухіх зёлак, падвешаных зверху. З сенцаў, застаўленых кошыкамі, далей вялі дзверы з груба збітых дошак, без замка і клямкі.
Так і просяцца ў ix нагой даць. Дык чаму не даць?
Доўгае памяшканне заканчвалася, як ні дзіўна, сцяной з акном. У новенькія шкляныя шыбы з усіх бакоў зазіралі кветачкі. Мусіць, фармацэўт запатрабаваў лепшага асвятлення.
А вось і ён. Цёмная постаць перад акном, манаская раса вісіць як на штыкеціне, галаву прыкрывае вастраверхі каптур. Лекі калбоціць.
Пранціш слізгануў позіркам па пакоі. Вузкі ложак з голых дошак, нат ануч няма абкрыцца, гліняная, чыста падмеценая подлога, пацямнелыя абразы... А на стале ля акна ці не срэбныя кубачкі для тынктураў? Ды яшчэ цэлая куча дарагога лабараторнага абсталявання, такого недарэчнага на тле шурпатых бярвенняў. Колбы круглымі бакамі пабліскваюць, медзяная змяя перагоннага куба звіваецца ў кольцы.
У руцэ падазронага фармацэўта бліснула чарговая шкляніца, брат Філагоній паглядзеў яе змесціва на прасвет, патрос... Паставіў на край стала, у шэраг напоўненых слоікаў i бутэлечак. Да кожнай пасудзіны была прылепленая воскам паперка з надпісам.
— Памагай Божа! Даруй, брат, што парушаю твой спакой, але патрэбная тэрміновая кансультацыя.
Той нат не павярнуўся. Узяўся за другую шкляніцу. Mo яшчэ і глухі?
Вырвіч прысунуўся бліжэй, важка прамовіў у худую спіну:
— Я менскі маршалак, пан Франтасій Вырвіч герба Гіпацэнтаўр. Адмыслова прыехаў сюды ў пошуках добрага лекара, Божай воляй кіраванага.
Як са сцяной гаварыць.
За спінай злосна саплі мніхі, але не асмельваліся вывесці небяспечна нахабнага пана з гнязда куркі, што нясе манастыру залатыя яйкі.
— Гаворка пра жыццё маладой жанчыны... Толькі замуж выйшла... I няшчасце яе спасцігла страшнае. Сафійкай завуць...
Падалося ці чарговая шкляніца ў руцэ на імгненне затрымалася?
Хоць ты сарві гэты каптур.
Пранціш у адчаі наблізіўся амаль ушчыльную да брата Філагонія...
I ледзь не загалёкаў ад радаснага ўзрушэння. Далоні мніха, вузкія, з доўгімі пальцамі, былі пасярэдзіне прыкрашаныя белымі зорачкамі старых шнараў — быццам калісь прабітыя цвікамі.
— Бутрым!
Вырвіч з невымоўнай палёгкай схапіў мніха за плечы — а кашчавы ж які! — і развярнуў да сябе.
З глыбі капюшона паглядалі знаёмыя цёмныя вочы. Але — хоць у цені не разабраць дакладна — не было ў іх і жарынкі ранейшага агню. Кругі пад вачыма, шчокі ўваліліся... Барада з пядзю даўжынёю, чорна-сівая... I позірк такі, быццам Вырвіч празрысты, як шкло ў шыбіне.
— Мы ўжо дзесяць паветаў аб’ездзілі, цябе шукаючы! Ты чуеш — Сафійка ў бядзе! Акром цябе, ніхто ёй не дапаможа!
Адвярнуўся і далей мікстуры-тынктуры разлівае.
Ну ўжо не, не адмаўчыцца!
— Схаваўся? Душу ратуеш? Грахі выкупляеш? Кашы з перцам-імберцам наварыў, кінуў-рынуў — задушыцеся без мяне? Дачку на пагібель аддаеш? Думаеш, Саламея табе даруе на тым свеце?
Далей адмярае лекі... Няўжо не засталося нічога ад ранейшага Баўтрамея Лёдніка, які дзеля ратунку дарагіх людзей віхорам уздымаўся, у агонь гатовы быў кінуцца?
У спіну маршалка таўклі мніхі, адзін вельмі настойліва цягнуў за крысо, мармыталі штось раздражнёна — Вырвіч не слухаў.
— Што ж, заслугоўвай сваю святасць! Хто я такі, каб пярэчыць волі Божай? Мо Гасподзь над Сафійкай злітуецца, калі родны бацька да яе літасці не мае.
Ужо ў дзвярах, амаль выштурханы з келлі, Пранціш пракрычаў:
— Доктар, я буду чакаць ля тваёй пячоры!.. Чуеш?!
Сонца ажно сляпіла пасля таго прыцемка... Вырвіч адмахнуўся ад бубняжу святых братоў пра тое, як нядобра было спакушаць паслушніка парушаць ягоныя зарокі, адрываць ад малітоўнага подзвігу... Валасы ад скавытання вянуць. Кіўнуў Сцяцку ды Ясючку і скіраваўся да бярозак непадалёк. Нічога, у вайсковых паходах i не тое даводзілася трываць. Пасядзіць тут, на траўцы, не камень, не абамшэе.