Выбрать главу

Мніхі хутка зразумелі, што менскага маршалка прасцей сцярпець, чым угаварыць, каб яго скулле абсела... Ігумен нават прыслаў фундатару будучай званіцы збан квасу ды кошык праснакоў. Усё асвячонае, смачнае.

Але не смакавала.

Няўжо Бутрыма нарэшце зламала жыццё? Пранціша аж перасмыкала, калі ўспамінаў адсутныя, пустыя, як высахлы калодзеж, вочы, нібыта там ніколі не люстраваліся ні зоры, ні любыя абліччы... Малелец, які знайшоў ратунак у няспыннай гаворцы з небам, так глядзець не можа.

А мо і праўда грэх вяртаць гвалтам да зямных спраў таго, хто вырашыў прысвяціць сябе Богу? Пранціш паныла жаваў праснак, назіраючы за тым, як апошнія паломнікі атрымліваюць свае шкляніцы і сыходзяць. I прыкідваў, як жа цяпер справіцца, без Лёдніка? Цягнуць жа болей нельга, i так за росшукамі прамарудзілі. Каб ведаць, дзе Алесь, дык i старэйшы брат мог за дзеўку заступіцца. Але па тым і пырскаў не стала. Хросны бацька не мае таго ўплыву... Побач Сцяцко змрочна тупаў сюды-туды па палянцы, гатовы выламаць усе дзверы і вынесці ўпартага доктара на плячы. Адзін Ясючок быў шчаслівы: з дазволу свайго пана ўсе святынькі абышоў, да ўсіх абразоў прыклаўся, ва ўсіх бацюшкаў блаславення папрасіў, новыя нагавіцы на каленках працёр... Здаецца, і застаўся б тут, у манастыры. Навошта кагось адсюль зманьваць?

Калі старагрэцкі бог Геліяс сцебануў сваіх дрыкгантаў, каб зіхоткі воз хутчэй спускаўся за чорны грэбень лесу, да Вырвіча, які амаль задрамаў пад бярозкай, наблізілася высокая худая постаць.

— Што з Сафійкай?

Голас асіплы ад доўгага маўчання.

Пранціш ускочыў на ногі, нат не спрабуючы стрымаць радасную ўсмешку.

— Хадзем, брат Філагоній, па дарозе раскажу.

* * *

У хаце мясцовага пісара ўсё гэтак жа пахла кіслым цестам і сушанымі яблыкамі, але дадаўся яшчэ і пах анісу. Вырвіч тут добра анісаўкі сербануў, здаецца, апошні кілішак не ўвесь да вуснаў данёс.

Ад новага госця ў манаскай расе, які сядзеў на лаве ля акна, выпрастаўшы спіну, бы за прафесарскай кафедрам, пахла... не, не ладанам, а палыном i безнадзейнасцю. У святле аргандавай лямпы твар здаваўся высечаным з каменю. Між іншым, гэта ж Лёднік, прагрэсіст і слынны вучоны, які сачыў за ўсімі еўрапейскімі вынаходніцтвамі, замовіў і сабе, і Вырвічам гэты цуд — прыдуманую швейцарцам Аргандам лямпу, якая працавала на алеі, замяняла дванаццаць свечак і пры гэтым не дыміла. Дзялкі Лондана хуценька зразумелі каштоўнасць вынаходніцтва і наладзілі цэлую фабрыку.

Дзе ж падзеўся той апантаны навуковец Лёднік, які, гледзячы на гэтую астральную лямпу, мармытаў, як яе можна ўдасканаліць, калі адтуліны зрабіць па крузе?

Пранціш злаваўся сам на сябе за тое, што так разгублена пачуваўся ў прысутнасці старога сябра. Не ведаеш, як падысці да гэтага высахлага, як леташні трыснёг, маўклівага спадара са строга сцятымі вуснамі і чорна-сівой барадою... Здаецца, штось не тое скажаш — развернецца з адсутным выглядам і сыдзе, глухі да любых маленняў ды закліканняў. Вырвіч дарэмна шукаў у рэзкіх рысах худога твару хоць адценне пачуццяў: страху, гневу, шкадобы. Ну таго, што сам адчуваў, чытаючы той ліст, які зараз знаходзіўся ў руках Лёдніка.

Доктар слізгаў цёмнымі запалымі вачыма па роўных радках, пісаных ягоным колішнім слугою Карусём, і нічога не люстравала ягонае выснажанае аблічча.

А Карусь паведамляў наступнае... Пасланы сваім гаспадаром Баўтрамеем Лёднікам на вучобу ў Венскі ўніверсітэт, ён адсочваў як мог лёс сваёй недасяжнай каханай, гаспадарскай дачушкі... Дакляраваў жа — будзе аберагаць яе, пакуль дыхае. Можа, нават час ад часу ездзіў паназіраць здалёк... I, калі аднойчы Сафійка знікла, рынуўся высвятляць. Ды з Жылкавага дому, куды пушчанскі хлопец заявіўся з роспытамі, ён адправіўся ў гарадскую вязніцу... Патрапіў як Піліп у каноплі, карацей. Адтуль і адаслаў неяк гэты ліст.

Праўда была жахлівай.

Сафія Лёднічанка, у шлюбе пані Жылкава, ваяводзіна Супрасльская, аддадзена мужам і свекрывёй на лячэнне ў шпіталь Святой Даратэі, што ў аўстрыйскіх гарах, непадалёк ад Бадэна. Юную пані прызналі небяспечнай вар’яткай, ды яшчэ ці не апантанай нячыстай сілаю. Лячылі падобнае самымі суровымі метадамі.

Ліст з аўстрыйскае вязніцы блукаў доўга, пакуль не дабраўся да Дамініканскай вуліцы ў Вільні... У апусцелы дом.

I патрапіў да Чорнай Меланхоліі. Шпяжанка, прайдзісветка і забойца зладзіла назіранне над нядоўгім сваім сямейным гняздзечкам. Чакала, ці не аб’явіцца расталы, як цукар у вадзе, сужэнец.