У лісце Карусь прасіў напрамілы бог свайго добрага пана адправіцца выручаць паненку.
I ранейшы Бутрым ужо хапаўся б за шаблю і бег да каня...
Гэты дачытаў, склаў ліст, як свой мінулы дзень, паклаў на стол, перахрысціўся і замармытаў малітву.
— І ўсё?
— На ўсё воля Божая... — прасіпеў манастырскі фармацэўт пасля настойлівага панукання менскага маршалка. — Буду маліцца за рабу Божую Сафію... Ён управіць.
На акне пісаравай хаты настойліва зумкала муха, спрабуючы прабіцца праз каламутнае шкло маленькіх, у даланю шырынёю, шыбаў: шкло — раскоша, эканоміць трэба. Бутрым раптам уцягнуў доўгім носам паветра, падазрона скасавурыўся ў бок стаўбурка ля ложка. Гаспадар дома скарыстоўваў яго, каб трымаць ля сябе бутэлькі з прыемнымі напоямі, пра што сведчылі круглыя плямы на светлай лакаванай паверхні... А часовая пасяленка Меланхолія расстаўляла там сваю парфуму. Пустая шкляніца, з мезенец велічынёй, сціпла паблісквала празрыста-зялёнымі бакамі. Вось нюх у спрактыкаванага хіміка... Нават позіркам сюды-туды кінуў, ці не заўважыць яшчэ якіх сведчанняў прысутнасці адной непажаданай асобы — але шпяжанка Гальшка транты свае ўсе прыбрала. Зрэшты, ці не адмыслова шкляніцу з-пад парфумы пакінула?
У прыадчыненых дзвярах ружавеў усхваляваны шырокі твар Сцяцка і бялеў замілаваны тварык Ясючка, якому надта імпанавала, што ў іхняй бандзе нарэшце з’явіўся святы чалавек... Мо духоўную гаворку ўдасца завесці, не напароўшыся на параду прамыць мазгаўню добрым півам?
Пранціш махнуў рукой у бок назіральнікаў — маўляў, здрысніце, не да вас. Дзверы прычыніліся бліскавічна, бы накрыўка рондаля з жывымі мышамі.
Лёднік між тым зноў унурыўся ды зашаптаў малітвы.
— Чаго ж ты тады са мной з манастыра паехаў? — не вытрымаў Вырвіч. — Здаецца, ігумен з браціяй цябе на вяроўку гатовыя былі навязаць, каб застаўся.
— Брат Анфімій, мой айцец духоўны, адправіў. Я да яго прыйшоў пасля твайго візіту параіцца... А ён кажа, не гатовы я яшчэ да духоўнага жыцця, пакуль з зямным не разбяруся. Брат Анфімій — старац святы, ісціну бачыць. Ігумен мусіў змірыцца і блаславіць на ад’езд.
У голасе няздзейсненага мніха ледзь заўважна трымцела крыўда.
За гэткую мудрасць брата Анфімія Пранціш гатовы быў манастыру другую званіцу фундаваць.
Але расчараванне ўжо не проста гарчыла, кіслатою паліла. Доктара яшчэ спатрэбілася ледзь не выспяткам на паратунак блізкіх людзей выпраўляць?
— Ну што, давай памыйся, паеш, пагаліся, заўтра раніцай едзем...
— Куды?
Пытанне гучала адсланёна-абыякава. Вырвіч нахмурыўся.
— Да аўстрыякаў, вядома, Сафійку выручаць. Ты як бацька маеш права запярэчыць супраць таго, як абыходзяцца з тваёй дачкой у сям’і яе мужа. Нават запатрабаваць разводу. I Каруся, вучня твайго, нельга кінуць.
Лёднік выглядаў так, быццам яго зварылі, пажавалі, упэўніліся, што няўежны, і выплюнулі.
— Я ўсяго толькі няварты грэшнік... Як магу я ведаць, куды маю права ўмешвацца, а дзе парушу волю Госпада, што пасылае выпрабаванні дзеля ўдасканалення нашага...
Няздзейснены мніх не паспеў дарыпець свае сентэнцыі, а Вырвіч — абурыцца... У пакой уварвалася Чорная Меланхолія — і дзе ўплішчылася, падслухоўваючы? — і як дасць ляпаса па фізіяноміі сужэнца.
Ручка ў Меланхоліі вытанчаная, маленькая, але дужа цяжкая... Пранціш дакладна ведаў. Непакрытыя белыя валасы зноў падстрыжаныя, ускалмачаныя, спадніцы падабраныя збоку так, што відаць мужчынскія нагавіцы і высокія боты. Відавочна падрыхтавалася ў небяспечную дарогу, дзе спатрэбяцца ейныя ваярскія ўменні.
Бутрым, схапіўшыся за шчаку, ускочыў, забыўшыся на пазасветныя марэнні, вочы бліснулі ранейшым агнём. Гальшка таксама позіркам апякала, нават праз сінія венецыянскія шкельцы.
— Добранька схаваўся? Слімаку ракавінка не цісне?
— Гэта ты! Ды як ты...
Доктар усхадзіўся, як вада ў калюжыне пасля кола.
Але раз’ятранай наймічцы-забойцы язык ніхто падрэзаць не мог.
— Так, вось яна я! Між іншым, я да алтара цябе не цягнула. Мне за шчасце было недзе побач знаходзіцца... Не, павёў, бо іначай — грэх. I я пайшла. Што, я і ў манастыр за табой не пайшла б? Сужэнцы ў такіх выпадках мусяць адначасна пострыг прымаць. I пад суд пайшла б. Каб ты іншага не загадаў: «Едзь у Караблі, сядзі, чакай...» Сядзела... Нічога не дачакалася. Ды мне ў сто разоў лягчэй было б у вязніцу...
Вось чаму Гальшка не дазналася, куды Бутрым знік.
— Я разумею, ты выкрасліў мяне са свайго жыцця... Я б сама сябе выкрасліла — каб гэта хоць што выправіла. Але Сафійку — навошта? Скажы — што мне зрабіць, каб ты паехаў па яе? Ісці ў манастыр, у вязніцу? Толькі, прашу, не ўчыняй так, каб я прызнала, што назаўсёды страціла таго, каго пакахала. Што ты больш не ён...