Выбрать главу

На апошніх фразах голас Меланхоліі зрываўся — ніколі Вырвіч такога адчаю ад шалёнай дзеўкі не чуў. I хоць ён у думках ніколі не называў яе Бутрымавай жонкай — гэтак магла менавацца толькі Саламея, прыўкрасная, мудрая і непаўторная, — але не мог не прызнаць: і гэтая за дзюбаносага полацкага Фаўста хоць на плаху пойдзе. I ведае ж, што для Бутрыма яна заўсёды будзе недзе пасля ягоных дзетачак ды ўспамінаў пра Саламею.

Лёднік маўчаў, толькі свідраваў цёмным позіркам сваю другую жонку, ані кропелькі не падобную да пачцівых кабетаў. Нат муха на акне сціхла.

Меланхолія зрабіла крок назад, расчараванне зацяніла аблічча.

— Сядзі. Маліся. Мы справімся самі.

Маўчанне. Ціша нацягнулася струною, закручанай п’яным лірнікам. Вырвіч не збіраўся яе рваць — калі ўжо Гальшка не змусіць свайго барадатага слімака выпаўзці з ракавінкі, ніхто не здолее.

— Як ты шаблю Алеся адбіла?

Цяпер голас патэнцыйнага мніха гучаў сумна і троху вінавата.

— Не паверыш — веерам.

Сапраўды, цяжкавата паверыць... Меланхолія крывавата ўсміхнулася, запусціла руку ў белыя валасы.

— Быў у мяне... Ад старых часоў. Ён насамрэч са сталёвымі спіцамі. Памятаеш, ля люстэрка валяўся? Надзейная зброя, бо нечаканая. Схапіла, што пад руку трапілася. Калі клінок ушчаміць паміж спіцаў, яго можна вывернуць... Вось і напароўся твой сын на ўласную шаблю... Прабач... Мая віна...

Доктар ледзь чутна ўздыхнуў.

— А я гадаў пасля... Алесь жа... нічога толкам не расказваў.

Пранціш такіх падрабязнасцяў таксама не ведаў. Аказваецца, усё было зусім не так, як уяўлялася. Які двубой? Замахнуцца на бяззбройную кабету шабляй! Нічога сабе Алесь Лёднікавіч Вогненны ўчыніў! А яшчэ рыцара з сябе з маленства строіў!

Меланхолія з тужлівай надзеяй узіралася ў пануранага Бутрыма, які ціха прагаварыў, адвёўшы вочы:

— Алесь... шкадаваў.

Гальшка кіўнула, дагаварыла з невымоўнай пакорай:

— Што мяне не забіў. Ведаю. Павер, я тысячу разоў пракляла сябе, што схапілася за той веер.

Бутрым захітаў адмоўна галавою.

— Не, не... Яму... было сорамна. Цяпер я гэта разумею. I страшна ўявіць іншы расклад. Каб ён цябе засек, каб ты не змагла абараніцца... Як бы ён тады жыў? Як бы я...

Меланхолія ажно падалася наперад — з такой адчайнай надзеяй, што хоць плач ад шкадобы, — хацела, відаць, прытуліцца да схуднелага сужэнца, ды не насмелілася. Бутрым таксама кінуў на жонку незразумелы позірк, але зноў толькі панурыўся...

Ну ўсё, скончыўся першы акт меладрамы. Цяпер дакладна адно аднаго не пазабіваюць.

Пранціш з палёгкай высунуўся з пакоя:

— Ясючок! Хай Сцяцко ліе гарачую ваду ў балею, а ты стол накрывай!

Раніцай адмыты, накормлены i прабачаны Вырвічам Лёднік, апрануты ў нагавіцы i белую кашулю, сядзеў перад запэцканым мухамі люстэркам у круглай драўлянай раме, упрыгожанай груба выразанымі вінаграднымі гронкамі. На стале ў мядзянай місе пухірылася мыльная вада, у руцэ доктара насцярожана паблісквала брытва. Доктар углядаўся у сваю фізіяномію з рэшткамі толькі што астрыжанай сівой барады.

A што ўглядацца, вядзьмак ведзьмаком, аніяк не мніх рахманы... Схуднеў на трэску, нос крыгай, валасы адрасціў да лапатак... Зморшчынаў прыбавілася. Шчаслівы, не лысее. Вырвіч закруціўся на ложку з худымі падушкамi, пагладзіў сябе па русявых кудзерах, быццам хацеў іх папрасіць таксама не пакідаць галавы, у якой віліся паэтычныя строфы... Паэт павінен быць з кудзерамі! Што за слуга Каліёпы, Эўтэрпы і нават троху Эрата, калі ён з лысінай, на якой можна блінцы смажыць, а не лаўровыя вянкі ўскладаць!

Да задуменнага доктара ціха наблізілася са спіны Меланхолія. Нерашуча пацягнулася левай рукой, той, на якой усе пальцы былі цэлыя, да брытвы.

— Дай... памагу.

Лёднік, не адводзячы змрочнага позірку ад люстэрка, выпусціў брытву з пальцаў... Адкінуў трохі назад галаву, каб зручней было галіць... Меланхолія паднесла лязо да ягонай шыі... Яна i да свайго калецтва аднолькава спрытна валодала абедзвюма рукамі. Так што не захоча — не зарэжа.

Пранціш між тым шчасліва ўсміхнуўся: якая дэталька для рамана! Ён ужо з паўгода падумваў напісаць штось у духу «Пакутаў маладога Вертэра» немца Гётэ — Дамініка з Германіі кніжыцу выпісала, дужа ж усе хваляць... Ну, часцей абураюцца. Кажуць, юнакоў пастралялася па ўсёй Еўропе па прыкладзе галоўнага героя...