Піва было не самым паганым, не заяц зварыў, але Пранцысь прыкмеціў, што маладая карчмарка, якую, як увішны шкаляр даведаўся, звалі Адэля, некалькі разоў бегала наверх са збаночкам, куды налівала віно з адмысловай бочачкі. Віно, як відаць, куды смачнейшае, чым тое піва. Пранцысь вырашыў, што лепшы спосаб пакаштаваць добрае пітво — падлабуніцца да карчмаркі. Але тая толькі зморшчыла кірпаценькі носік: маўляў, шаную вашу мосць, але не пра васпана далікатэсы, тытулаванымі панамі выкупленыя.
Між тым Адэля ў чарговы раз, пацокваючы па прыступках чырвонымі абцасікамі, што гэтак спакусна паказваліся з-пад фальбонаў спадніцы, пабегла наверх, на гэты раз не так хутка, бо срэбны тазік у яе руках быў поўны цёплай вады. Дакладна наверсе высакародная дама… Пранцысю так і карцела паглядзець на таямнічую незнаёмку. А можа, праз Адэлю прапанаваць ёй паслугі свайго лекара, вось і будзе падстава для візіту?
Вырвіч азірнуўся. Лёднік змрочна ўтаропіўся ў келіх, нібыта хацеў убачыць скрозь яго сваю вартую жалю будучыню… Але ў келіху ўсяго толькі пенілася не самае лепшае піва. Музыкі завялі чарговую песню, заплакала скрыпка, загула басэтля, задрыжэлі па кутах вечаровыя цені, якія не магло разагнаць дрогкае полымя бледных свечачак, што рыхтаваліся стаць бруднымі лужынамі воску.
Алхімік правёў доўгімі пальцамі па худым твары, нібыта не пазнаваў сам сябе. Палез у кішэню і дастаў маленькую шкляную бутэлечку… Пранцысь ведаў, што ў ёй.
Скрыпка галасіла, нібыта была жывой істотай, якая страціла самае дарагое. Нават за суседнім сталом на імгненне прыціхлі галасы гульцоў у косткі. Бутрым паднёс блізка да вачэй бутэлечку, страсянуў, углядаючыся ў сваё апошняе золата… Нават здалёк Пранцысь бачыў, як крывяцца ягоныя вусны.
Каго прадаюць за талер, а каго й за шэлег, усім ёсць цана ў гэтым не лепшым са светаў… Басэтля глуха падтаквала высокаму голасу сляпога спевака. Пранціш намацаў у кішэні вежачку — кубак з астрагаламі, косткамі для гульні. Можа, далучыцца да кумпаніі? Часам удавалася ж выйграваць ды мухляваць, калі не натрапіш на мацнейшага махляра. У калегіюме ён ды адзін шчаўлік з малодшага курсу, Міхась Міцкевіч, таксама з небагатай шляхецкай сям’і, былі самымі моцнымі гульцамі. Міцкевіч, праўда, асаблівыя здольнасці меў: мог тры разы запар выкінуць «венеру» — усе шасцёркі, і ніхто падлавіць не мог на ашуканстве. Той шчаўлік цвёрда збіраўся, як падрасце, ехаць у Лемберк, каб павучыцца ў лепшых шулераў і пасля каралёў абыгрываць. Пранцысь жа марыў стаць славутым ваяром і здабыць багацце і тытулы шабляй, якую, дарэчы, таксама ў бліжэйшы час варта было раздабыць. Выпітае піва прыемна круціла галаву і змушала да подзьвігаў.
Чарнявая карчмарка зноў спусцілася ўніз і наліла ў збан з маленькай бочачкі адмысловага віна. Пранцысь зараз жа падскочыў да маладзіцы, як бусел да наладаванай жабкамі калюгі, залапатаў, зажартаваў… Але карчмарка і сама мела язычок востры, як шабля каралеўскага улана, і блакітныя вочы Пранцыся ніяк не маглі прабіцца да ейнага загартаванага досведам карчмарскага рамяства сэрца. Гэта яна шляхціцу адмаўляе? Эх, была б у яго шабля!
Збанок у руце Адэлі прыцягваў, як гарачая смала — парушынку… Кабета спрытна абмінула нахабнага юнака і рушыла, аглядаючы сваю гаспадарку, як гетман — поле бітвы. Параўнялася са сталом, дзе сядзеў Лёднік… Нешта ціха таму сказала… І — што такое? Паставіла перад Пранцысевым слугою запаветны збаночак!
Шкаляра ажно працяла ад злосці. Баўтрамей падняў на кабету цёмныя вочы:
— Выбачайце, пані, я цяпер не магу дазволіць сабе такайскае.
— Гэта пачастунак ад мяне пану лекару!
А прамовіла з якой удаванай сарамяжнасцю! І нават нібы няўзнак прыхінулася да чарадзея! Пранцысь нічога не мог зразумець. Ён, Вырвіч — юны, вясёлы, гожы, а добрае віно дастаецца на дарэмшчыну старому змрочнаму чарнакніжніку з дзюбатым носам! Што ён, прысушвае кабетаў лацінкай? Альбо носіць пры сабе мяса маладога жарабяці, высушанае ў новым паліваным гаршку, ці валасы з канца воўчага хваста, а можа ўласную кроў, выпушчаную ў пятніцу, змяшаную з заечымі ядрамі і вантробай галубіцы, у парашок ператвораную, кабетам падсыпае?