Парсючок зусім паспеў астыць, калі ў суправаджэнні цэлай світы лёкаяў нарэшце заявіліся госці, кленучы нетрывалыя масты лангедокскіх узвышшаў. Пранціш абодвух прыхадняў любіў, як дзірку ў новым боце. Барон Мішэль дэ Вард, немалады, расплывісты, з вечнай паблажлівай усмешкай, не хадзіў, а насіў сябе, важна абапіраючыся на ўпрыгожаную дыяментамі ды рубінамі кульбачку. Такія сытыя напудраныя фізіяноміі можна ўбачыць на асамблеі шэрагамі, як спелыя гарбузы на градзе… Калі б не вочы. Светлыя, як лёд, але занадта пранізлівыя. Застрашліва пранізлівыя для спешчанага арыстакрата былі вочы ў барона дэ Варда… Падобныя Пранціш бачыў у некалькіх чалавек — і сустрэча з кожным заканчвалася дурной містыкай і смяротнай рызыкай.
У Лёдніка таксама вочы маглі падобнымі рабіцца. І не самыя дабрадзейныя ўчынкі ў гэткія моманты полацкі Фаўст утвараў, каб пасля раскайвацца ды чытаць канон святым пакутнікам Кіпрыяну ды Юстыніі.
За спінкай крэсла, якое заняў барон, адразу намаляваўся ягоны лёкай з выцягнутым, як ад вечнага расчаравання, тварам. Барон няўважна перадаў яму сваю кульбачку, працягнуў назад, не гледзячы, руку, і лёкай уклаў у яе белую шаўковую сурвэтку, ад якой нават на адлегласці пахла вербенай.
Пан Альфонс Бяскоўскі быў не такі прадстаўнічы, як барон, худы, як пуга, насаты, але пагляд меў непрыемны. Ды яшчэ вочы яго, вадзяніста-зеленкаватыя, мітусіліся, як гарошыны ў шалбера, што сядзіць на рынку і прапануе адгадаць, пад якой з трох чарачак схаваная тая гарошына. Прадзед пана Альфонса быў з Польшчы, ваяваў у войску Багуслава Радзівіла, што прыняў бок шведаў, і разам са шведамі пасля іх паразы і з’ехаў. Сам пан Альфонс прыехаў з Парыжа ў Манпелье паўгода таму разам з баронам. Кліентаў ачмураў галантна-вучоным балбатаннем, як Пранціш карчмароўнаў. Праўда, многія багатыя пацыенты ўсё роўна выбіралі маўклівага змрочнага Лёдніка — толькі той кліентаў на свой густ адсяваў. Мог бясплатна падлячыць, калі цікавы прэцэдэнт, ну і калі трэба ратаваць жыццё — не вагаўся. А так — ніякімі грашыма не спакусіць ліцвінскага доктара, шкада яму траціць час на банальны раматуз графіні.
Першы іхні год у Лангедоку Пранціш успамінаў, як пільнавальнікі сармацкіх нораваў на Літве — пракаветнае залатое стагоддзе. Маўляў, тады ўсе дзеўкі былі прыгожымі ды цнатлівымі, і на адным сцябле расло па пяць каласоў. Калі прыехалі ў Францыю, Лёднік у шпіталі Жана Жылібера ледзь не начаваў, лекцыі ў медычнай школе слухаў, тады і сам пачаў іх чытаць. А ў батанічным садзе ў квартале Брота, які Жылібер за свой кошт заснаваў, на пару з апантаным батанікам кожную травінку абнюхаў…
Пакуль не з’явіліся «прагрэсіўныя дактары», і, даведаўшыся пра заезджае, хаця й барбарскае, свяціла, не далучылі яго да сваіх таямніцаў, раз ужо не ўдалося завабіць да сябе Жылібера.
А ў апошняга тут жа пачаліся непрыемнасці, нібыта хтосьці крыкнуў «ату». Некаторыя даследаванні давялося згарнуць. У батанічны сад прызначылі адміністратараў настолькі недасведчаных, што як знарок пачалі губіць каштоўныя раслінныя зборы.
Парывісты і патрабавальны — возьмуцца з Лёднікам спрачацца, ледзь шыбы не лопаюцца, але сумленны Жан Жылібер, з грубаватым абліччам і высокім ілбом, Пранцішу падабаўся. Ненашмат старэйшы за Пранціша, нарадзіўся ў вёсцы, не з багацеяў — а столькі паспеў дасягнуць! Выкладаў батаніку, анатомію, хірургію, збіраў народныя песенькі, вырошчваў рэдкія расліны… Праўда, Пранціш аніяк не мог падзяліць рэспубліканскіх перакананняў Жылібера. Той сябраваў з Вальтэрам, Русо і Дзідро, у салоны блюзнерскія матаўся і любіў вярзці пра роўнасць саслоўяў і разбэшчанасць «прывілеяваных класаў», патрапляючы ў лад Лёдніку, гэткаму ж прадсталюдцу. А ў гэтым inter dominum et servum nulla amicitia est[3]. Абодва прафесары, дарэчы, плату з хворых бралі толькі пасля ацалення, а беднякоў прымалі бясплатна. Чым выклікалі шчырае абурэнне калегаў.
І пані Саламеі батанік прыйшоўся да душы. Пан Жылібер быў у іх разам са сваім студэнтам Давыдам Ляйбовічам, пляменнікам полацкага аптэкара Лейбы, якога Лёднік прыхапіў з сабою з Полацку. Аптэкар у свой час дапамог малому сыну гарбара выйсці ў людзі, і Бутрым на гэта не забыўся.
Тады за сталом Чорнага Доктара паспрачаліся добра… Але пра патрэбнае. Напрыклад, Жылібер быў супраць залішняга ўмяшальніцтва ў прыроду. Лічыў — замест пігулак ды ўсялякай хіміі лепей дыета ды зёлкі, не падабалася яму і ўжыванне опіуму. А вось Лёднік, былы алхімік, вельмі дык любіў з атрутнымі рэчывамі паэксперыментаваць.