Дзяўчо, гатовае зараўці, забраў Хвэлька, прыгаворваючы, што вось жа, якая дактароўна Баўтрамеева Лёднічанка не гжэчная паненка расце, жаніхоў усіх у свой час распалохае, калі гэтак жа, як дзядзьку Вырвіча, біць па лбе будзе.
— А дзе Бутрым?
Пытанне прагучала са збялелых вуснаў жанчыны ціха, нібыта яна баялася пачуць адказ. У сініх вачах плёскалася такая трывога, што праўдзівы рыцар адразу ж заазіраўся б — каго выклікаць на двубой?
— Не хвалюйцеся, пані Саламея, з Баўтрамеем усё добра, — паспяшаўся запэўніць кабету пан Вырвіч, адводзячы вочы. — Жывы, здаровы… З ніякімі Пандорамі не закруціў. Заняты навукай.
— Пан бацька ў лабараторыі! Доследы робіць! — з гонарам выкрыкнуў чарнавокі Алесь, рука якога так учапілася за рукаў матчынай сукенкі, нібыта баяўся — выпусціць, і адразу ж зноў застанецца адзін.
Саламея спахмурнела, расчараванне ценем лягло на вытанчаныя рысы.
— Чакай… Я адчуваю, нешта тут не тое. Што ж у Бутрыма за доследы, якія не далі сустрэць жонку і дачку, з якімі амаль два гады не бачыўся? Такім ён быў толькі ў маладосці, калі здабываў у Полацку філасофскі камень, свету не бачачы, пакуль дзверы не ўзламалі ды самога за даўгі не прадалі. У што Бутрым зноў улез?
Вочы пані бліснулі небяспечна, як каштоўныя камяні на дзяржальне вострай зброі. А такую кабету не надта штурханеш, нават калі ведаеш, што яна — не герцагіня.
Мора абыякава плёхалася пад палямі прычала, гайдаючы накіданае смецце.
— Ды праўда ўсё добра! — запэўніў Вырвіч, адвярнуўся, махнуў камусьці рукой. — Зараз карэта бліжэй пад’едзе, загрузімся… Нам яшчэ да Ліёна трэсціся семдзесят з гакам лье.
— Не адгаворвайся! — угневаная Саламея ўхапіла Пранціша за рукаў. — Што там з нашым Фаўстам? Чаму не прыехаў сустрэць? А можа… можа, яшчэ прыедзе, калі пачакаем?
Надзея гучала ў голасе гожай пані так адчайна, што Вырвіч з прыкрасцю апусціў вочы, бо адказваць не хацелася.
— Наўрад ён прыедзе, — неахвотна прызнаўся Пранціш. — Я ж і затрымаўся, бо ў лабараторыю ягоную ламіўся… Пра вас нагадваў… Дзверы пацалаваў, карацей. На, дурню, печанай рэдзькі, разумны будзеш.
Вырвіч злосна сплюнуў, але змусіў сябе супакоіцца і не палохаць далей пані.
— Не пераймайцеся, Саламея. Вы ж ведаеце — заяц у моркву, прафесар — у рэторты. Доктар Баўтрамей Лёднік — чалавек у Манпелье і Ліёне вядомы. Проста… — Пранціш нібы завагаўся, ці распавядаць далей. — Паўгода таму прыехаў у Манпелье з Парыжа такі барон дэ Вард, у яго тут уладанні. З ім — доктар, носьбіт ісцінаў медычных. Утварылі Таварыства прагрэсіўнай медыцыны, да якога адразу прыляпілася кіраўніцтва ўніверсітэцкае ды мясцовыя багацеі. Праводзяць нейкія сакрэтныя даследаванні, грошай у іх як у цмокаў з-пад гары, ёсць магутныя апекуны… А Лёдніка яны самі да сябе завабілі. Сакрэтныя веды! А тут не трэба баяцца, што лабараторыю раскалашмацяць, як у Вільні, ды абвінавацяць у блюзнерстве. Лёднік жа ўвесь час марыў, каб вольна навукай займацца. Вось і даў нырца ў яе. З галавой. Манпелье ды Ліён — цэнтр навукі лекарскай! Сюды стагоддзямі з усяго свету хворых вязуць, як да святой крыніцы.
Голас Пранціша гучаў роўна, халаднавата.
— Апошнім часам татка і дамоў не прыязджае, — вінавата прашаптаў Алесь, зазіраючы матулі ў вочы, і Саламея здрыганулася.
— Добра, паехалі… А то дзеці стаміліся….
Голас жанчыны гучаў амаль безнадзейна. Яна раздражнёна кранула рукой капялюш, нібыта карцела яго сцягнуць разам з парыком… Дарэмныя былі яе жаноцкія старанні — прыбрацца яшчэ ў цеснаце каюты як найлепей, як звычайна не ходзіць, прыхаваць дарожную стому… Некалькі калматых партовых хлапчукоў — як кажуць на Палессі, нарадзіла маці, ды не аблізала — ужо ўзяліся цягаць куфры засмучанай чужаземкі да сціплай дарожнай карэты без гербаў.
Раптам люд зашумеў, рассыпаўся ўбакі — да прычала віхрам ляцеў вершнік на арабскім танканогім кані, пан сярэдніх гадоў у чорным камзоле і капелюшы, з-пад якога звісалі цёмныя з сівізной валасы. Хударлявае аблічча пана было суровым, як у старога воя альбо хутчэй алхіміка, што зацугляў усіх стыхійных духаў разам ды змусіў іх, як праштрафленых студыёзусаў, нашмароўваць воскам паркет у сваім кабінеце. Драпежны нос, цёмныя вочы, шабля пры баку… А вузкія далоні, што моцна трымалі цуглі, — са шнарамі пасярэдзіне, нібыта калісьці былі прабітыя. Лепей адысціся ды скрыжаваць за спінай пальцы.
— Le Docteur Noir… Le Docteur Noir…[1]
Мінакі не тое каб сапраўды паўцякалі ад страху, паглядалі з належнай павагай, але баязліва. А вось жанчына, якую называлі Саламеяй, заўважыўшы вершніка з драпежным носам, расцвіла ад шчасця, плесканулася сіняе-сіняе мора ў вялікіх вачох, патануць бы ў такіх — але ўладальніца не пусціць, бо ўся сінеча, уся любасць — аднаму. Вось гэтаму пахмураму, небяспечнаму, дзюбаносаму…