Выбрать главу

— Саламея!

Вершнік саскочыў з каня і схапіў жанчыну ў абдоймы… Пранціш Вырвіч з палёгкай уздыхнуў.

Ну, далей ясна што. Назіраць, як сустракаюцца сем’і пасля доўгага расстання, заўсёднікам порта Латэ даводзілася дзясяткі разоў на дзень. Што тут асаблівага падгледзіш… Адысеі і Пенелопы з усяго свету перабывалі тут за тысячы гадоў, спрабуючы ў абрывістых, нехлямяжых ад хвалявання фразах адразу адно аднаму патлумачыць усё, што назапасілася за гады… Вось і тут — бацька сямейства сустрэў жонку, якая прыехала з малодшым дзіцем з нейкай далёкай барбарскай краіны, тут жа — іх старэйшы сын ды светлавалосы сваяк, можа, брат, можа, пляменнік…

Не пажывішся ад гэтай кампаніі.

Праўда, каб ведаў хто падбіўку сцэны, дык вырашыў бы, што знаходзіцца ў сентыментальным рамане не лепшай якасці. Малады пан быў не сваяком Чорнаму Доктару, а ягоным колішнім уладальнікам, жонка доктара не даводзілася роднай маці чарнавокаму хлопчыку Алесю — Лёднік прыжыў яго з адной арыстакраткай, што выратавала ад смерці вучонага раба, выпускніка аж двух універсітэтаў, Пражскага ды Лейпцыгскага… І прыблукала ўся гэтая неверагодная кампанія з земляў ліцвінскіх, што паміж Дняпром, Немнам ды Вяллёй пазірае ў неба сінімі вачыма азёр… Не, хутчэй, цёмнымі бяздоннымі вачыма дрыгвы.

Малая Сафійка ўсё-ткі разраўлася — на руках у расчуленага татулькі, якога, натуральна ж, не памятала.

Перад тым, як сесці ў карэту, Пранціш хапануў доктара за плячо і прасіпеў на вуха:

— Ведаеш, Бутрым, часам я дужа шкадую, што ты больш не мой слуга, і я не магу добра адлупцаваць цябе калацінай, як мне твой першы гаспадар раіў.

— Я ж усё-ткі прыехаў… — прабуркатаў доктар, хаваючы вочы, толькі на худых шчоках загарэліся чырвоныя плямы сораму.

Ужо седзячы ў карэце, што паціху каціла з порта ў бок гор, па старажытнай дарозе, якой ад часоў кесараў і друідаў карысталіся вандроўнікі з Іспаніі ў Італію, жанчына прагаварыла няроўным ад шчаслівых слёз голасам:

— Ну чаму зноў «чорны доктар», а, Бутрым? Здаецца, тут не Вільня, не Полацак і не Слуцак, а мянушкі ў цябе ўзнікаюць падазрона падобныя.

Дзюбаносы доктар, які дамогся, каб Сафійка ўтульна ўселася яму на калені, фыркнуў, як пракудлівы шкаляр на апошняй лаве, і прабуркатаў:

— Я ж не вінаваты, што ўспадчынніў ад продкаў цёмныя патлы.

Саламея, каля якой, як прыклеены, сядзеў шчаслівы Алесік, дакорліва хітнула галавой, усміхнулася іранічна — калі пані ўсміхалася, ямінка ўтваралася чамусьці толькі на левай шчацэ.

— Ды хай бы ты і маўрам быў, Баўтрамей Лёднік — не гэта людзей палохае. Спадзяюся, ты не забыўся, што князь Антоні Тызенгаўз адправіў цябе сюды да пана Жылібера дзеля пэўнай справы, каб пераняў досвед, як зладзіць на Беларусі медычную школу ды шпіталь? У мяне, дарэчы, ліст да цябе ад князя.

Бутрым, чый твар зараз быў зусім не суровы, а шчасліва-разгублены, пацалаваў улагоджаную шаптаннем на вушка ліцвінскіх пацешак дачку ў макаўку, прыкрытую карункавым каптуром.

— І медычнай школы план склалі, і шпіталя, і батанічнага саду, і школы павітух… У містыку не падаўся, бязбожнымі эксперыментамі мне таксама калісьці адбілі ахвоту займацца, — Бутрым зірнуў на сваю даланю са шнарам.

Пранціш памятаў, як у старэйшага сябра з’явіліся гэтыя шнары. Калі іх кампанія хавалася ад чумы ў мястэчку Тамашова, Лёднік сустрэў там біскупа, пад чыім кіраўніцтвам у Празе ўдзельнічаў у страшных эксперыментах над людзямі і іх душамі. Тады «чорнага доктара» ледзь удалося выцягнуць са спакусы зноў падобным заняцца, а выкупіць волю ўсёй кампаніі яму давялося, скарыстаўшы мясцовы звычай — набыць прылюдна стыгматы.

— Лекцыі, доследы, хворыя на прыём шчэмяцца… Матаюся матавілам паміж медычнай школай Ліёна ды ўніверсітэтам Манпелье… — нязграбна апраўдваўся перад жонкай доктар. — Паверыш, месяц за шаблю ўсур’ёз не браўся.

Для доктара, які спавядаў трэнінг фізічнага цела неаддзельным ад духоўнага развіцця і быў выбітным фехтавальшчыкам, гэта была нежартоўная ахвяра.

— Мяне пан Вырвіч біцца вучыць! — пахваліўся Алесь. — На шаблях, шпагах, эспадронах… Ён увесь наш клас трэніруе!

Саламея Лёднік зацікаўлена зірнула на блакітнавокага шляхціца.

— А вы, пан Вырвіч, хіба не студэнт?

Вырвіч трохі замяўся, кінуў спадылба позірк на Лёдніка, які іранічна скрывіўся.

— Ну, павучыў трохі паэтыку, але — куды мне ўжо на студэнцкую лаўку… Я на ёй столькі наседзеўся — не ўсе ж, як Лёднік, да здабыцця ведаў ласыя, як карасі да гразі. А мне пасля таго, як вайсковым камандзірам тры гады адтрубіў, ды паваяваў, з рознымі смаркачамі фіглі строіць… Ну а тут пасля аднаго двубою графчык мясцовы застаўся ўражаны маім баявым майстэрствам, папрасіў даваць урокі ягонаму старэйшаму сыну… Потым іншыя захацелі… Дэкларавалі месца выкладчыка баявых майстэрстваў у Ліёнскай вайсковай школе. Да мяне ім адзін збяднелы маркіз быў, так што ўрону гонару няма.