Выбрать главу

Грукат змусіў захопленых палітычнымі развагамі дарослых ускочыць. Сафійка злаўчылася нарэшце пацягнуць за тканіну, што схавала адзін з таямнічых стаўбуркоў. Застрашлівы васковы муляж, які выяўляў чалавека са здзёртаю скурай — так, што былі добра відаць усе цягліцы, чырвоныя матузкі артэрый і сінія суплёты венаў — меланхалічна ляжаў на падлозе, страціўшы палову васковых мазгоў.

— Бумс! — весела прагаварыла Сафійка, узмахнуўшы густымі чорнымі вейкамі — як толькі не ўзляцела, Мятлушачка.

Спалоханыя дарослыя абмацалі дзіцяня, упэўніліся, што нават не напужалася…

— Хал-лера… Дваццаць ліўраў… Унікальная мадэль… — мармытаў скрозь зубы доктар, падымаючы з падлогі няшчаснага васковага калеку.

На ніжэйшых паліцах адкрытага стаўбурка красаваліся не менш застрашлівыя творы мясцовага аптэкарскага майстэрства — бялелі штучныя косткі, пунсавелі цягліцы.

— Бацька называецца! — дакорліва прагаварыў Пранціш, падпіхваючы нагою пад шафу адляцелы кавалак васковага чэрапа. — Дзіця ж мусіла прыехаць, самы пракудлівы ўзрост. Трэба было прыняць свае анатамічныя аздобы, а не проста ўкруціць у анучы.

— Тата, далуй! — прамовіла Сафійка два чароўныя словы, гледзячы шчыра-шчыра вялізнымі цёмнымі вачанятамі на суровага доктара.

Не тое, каб малеча ведала значэнне прамоўленых слоў, але ўжо добра ўцяміла, што варта іх вымавіць — і гэты суровы высокі чалавек з чорна-сівымі валасамі адразу растане, як воск на сонцы, ад яго проста пачне праменіцца пяшчота… Вось і цяпер: апусціўся на калені, абняў, цалуе сухімі няўсмешлівымі вуснамі — а вусны ажно дрыжаць ад любасці і замілавання:

— Красачка мая… Каралевічна мая… Гэта ты мне прабач. Я табе сапраўдную ляльку падару — парцалянавую, гожанькую, да цябе падобную!

Хоць вяроўкі з гэтых дарослых ві. Сафійка была вельмі разумнай дзяўчынкай і хутка ўсяму вучылася.

Пані Саламея падскочыла і з цяжкасцю вызваліла з маленькіх, але ўчэпістых пальчыкаў дактароўны шкляное вока ад разбітага манекена — Сафійка мудра збіралася яго прыўлашчыць. Вока пазірала дзіка і дакорліва, чырвоныя сасуды, карпатліва прамаляваныя на ім, нагадвалі парванае павуцінне крывавага павука.

— Бутрым, гэта ўжо занадта! Алесік мне ўчора гадзіну распавядаў, як тузаюцца цягліцы мёртвай жабы пад уздзеяннем апарата нейкага італійскага вучонага, цяпер дачка твая будзе гуляцца з муляжом чалавечага вока… Бедлам, а не сямейны дом!

— Мама, шарык хацу!

Пранціш стоена хіхікаў, пакуль пані Саламея супакойвала пакрыўджаную дачушку, а Лёднік збянтэжана бегаў па пакоі, шчыльней укручваючы стаўбуркі, на якіх, як відаць, былі такія ж неапетытныя анатамічныя дапаможнікі — у аптэках Ліёна іх выраблялі дасканала.

Начышчаная былым каралеўскім драгунам Вырвічам шпага заняла сваё законнае месца на сцяне, побач з іншымі развешанымі шляхецкімі ўцехамі — шабля-серпанціна, шабля-карабэла, эспадрон, рапіра… А гаспадара цярпліва чакала ў вітальні радавая шабля Вырвічаў Гіпацэнтаўр, з гербам, выгравіраваным на дзяржальне. Вось што трэба шляхціцу ў руках трымаць, а не ланцэт альбо пяро!

— Усё роўна на баку барцаў — праўда! — упэўнена выгукнуў Пранціш, вяртаючыся ў палітычныя спрэчкі, якія спаконвеку грэюць сэрцы і самалюбства нават самых ціхамірных мужчын — а прысутныя ў гэтым пакоі ціхамірнымі ніякім чынам не былі.

Цень ад галінкі каштана спалохана слізгануў па сцяне, абцягнутай трохі выцвілай светла-зялёнай тканінай, па вялікай старой карце з надпісам «Вялікае Княства Літоўскае». Маленькія дрэўцы на карце пазначалі, дзе ў гэтай далёкай краіне лес, хвалістыя гарызантальныя рысачкі ўперамежку з вертыкальнымі — балоты. Мяркуючы па малюнку, балотаў у Вялікім Княстве было больш, чым пацукоў у парыжскіх катакомбах. Маленькія ганарлівыя замкі са сцяжкамі на вежах выяўлялі гарады, а паміж дрэў можна было пабачыць не адно смешнаватае страшыдла, ад фенікса і адзінарога да звычайных тураў ды зуброў.

Асабліва сімпатычна выглядаў зубр, бо ў яго была барадатая ўсмешлівая пыса — быццам толькі што выпіў бочку піва. А з аднаго намаляванага хвалістымі рысачкамі возера высоўвалася на доўгай шыі галава сапраўднага цмока з рожкамі, як у слімака.