Выбрать главу

— Можа, і меншае канфедэраты зло, чым партыя караля, — разважаў сумна Лёднік, — але палітыкі ніякія. Замест таго, каб з’ядноўваць людзей, па-ранейшаму правы суайчыннікаў іншай веры не прызнаюць — а расейцам гэта самая падстава ўступіцца за адзінаверцаў! Кажаш, Саламея, Панятоўскі крыўдзіўся, што яго паслугі не прынялі? І дурні, што не прынялі! Заўсёды кожны магнат у нас на сябе кілім цягне, каб пасля ўладай не дзяліцца. А толку?

Доктар сярдзіта зірнуў чамусьці на парсючка, які паміж крышталёвымі вазачкамі з чорным перцам і шафранам чакаў прыпозненых гасцей.

— Цяпер Станіслаў Аўгуст вымушаны быць на баку расейцаў і аддаваць ім на службу каронныя войскі. А людзі ж прысягалі, мусяць загады камандзіраў выконваць. Зноў свае пачнуць біцца са сваімі. Можна падумаць, Еўропе ёсць справа да таго, ці будуць ліцвіны шчаслівыя. Ну паслалі палкоўніка Дзюмур’е вучыць канфедэратаў вайсковаму майстэрству. Але хто стане за нашу волю біцца? Людовік войска пашле? Ці аўстрыйскі імператар? Зараз яны Панятоўскага дыктатарам абвесцяць, заўтра — таго, хто яго з трона саштурхне… З чаго б ім узаконьваць звычай каралёў з трона зганяць? І ўрэшце ўсе з Расеяй дамовяцца і падзеляць Рэч Паспалітую між сабой. А Панятоўскага, калі з розумам падысці, любы выкарыстаць можа. Ён не злы, не дурны, і пра патрыятызм сантыменты мае, але слабы. Пляменніка Станіслава адправіў у Парыж, да сваёй сардэчнай сяброўкі мадам Жафрэн, гаспадыні моднага салона, якая называе Цялка «дарагі сынок». А хлопец так адчытаў дзёрзкую плебейку за непаважлівыя словы пра дзядзьку, што яна дасюль паверыць не можа. Мне давялося кансультаваць мадам, дык я ад яе паўгадзіны слухаў развагі, як жа гэта пятнаццацігадовы хлапчук аказаўся больш ганарысты ды смелы за дзядзьку-караля!

— Табе што, Цялок падабаецца? — абурана выгукнуў Пранціш. — Ды ён хутка дзяржаву загубіць! Чужаземныя войскі пусціў гуляць, як хочуць! Нясвіж разрабавалі, Слуцак! Панятоўскі, можа, і някепскі чалавек. Але як кароль — толькі замінае Айчыне. Пан Рысь мне распавёў, што Валконскі, якога з Санкт-Пецярбурга даслалі замест Рапніна, прыгразіў, што пакарае Чартарыйскіх, калі будуць надалей недакладна выконваць волю імператрыцы. Панятоўскі абурыўся — Чартарыйскія ўсё ж ягоныя сваякі, Фамілія. І з боку расейцаў што за нахабства — як можна караць замежных падданых? А Валконскі яму: «Ніколі не думаў, што вашая каралеўская мосць можа вымавіць такое слова. Данясу пра ўсё майму двару…» Нават сцвярджаць, што мы — не Расія, на іх погляд, нам нельга! Так што для нас лепей, што ў Еўропе Станіслава Аўгуста абвесцяць дыктатарам!

— І Цялок — палітык ніякі, — уздыхнуў Лёднік. — Лепей бы і далей Шэкспіра перакладаў, а не вырашаў лёс радзімы. Але што загадаеш асабіста мне, праваслаўнаму дысідэнту, рабіць? Шаблю браць і ісці караля скідаць? Альбо паспрабаваць нарэшце хоць пад ягонай пратэкцыяй зладзіць першую медычную школу ў Літве? Да таго ж я магу прыўнесці туды, чаго ні ў воднай медычнай школе свету больш не будзе…

Апошнія словы Лёднік прагаварыў з нейкай прытоенай жарсцю, уперыўшыся мройным паглядам у сцяну, на якой пагойдваліся карункавыя цені ад лістоты маладых каштанаў — нібыта нехта лавіў залатой сеткай скрушлівыя прывіды. Пранціш Вырвіч нахмурыўся.

— Гэта ты пра асаблівыя веды, якім цябе вучаць сябручкі, гэтыя падлючыя Бяскоўскі ды барон дэ Вард, якіх мы ўжо дзве гадзіны лішнія чакаем?

— Яны смелыя вучоныя! — напяўся Лёднік. — Ignoti nulla curatio morbi[2], таму варта ісці на рызыку. Ты разважаеш, быццам невук…

— А ты — як даверлівы дурань, якому толькі пакажы бляск на паверхні вады, скочыць у яе золата шукаць! — Пранціш сярдзіта нахмурыўся. Відаць было, што спрэчка гэткая не першы раз. — І спадар Жан Жылібер табе колькі разоў казаў з імі не звязвацца! Бяскоўскі адно глядзіць, як тваіх пацыентаў пераманіць. А барон, мецэнат ваш усемагутны, людзей за смецце ўважае. Ты не задумваўся, з чаго б то ён з табой такі мілы? У госці прыязджае, хоць у тваім дамку нават асобнага пакоя пад сталоўню няма? Быццам кот кавалак сала аблізвае, перш чым зжэрці.

Лёднік хацеў запярэчыць, але зноў пачуўся грукат: пані Саламея, устрывожаная спрэчкай, выпусціла з-пад увагі прыціхлую Сафійку… Цяпер тая сядзела ля адчыненай шуфляды адной з шафаў, ледзь утрымліваючы ў ручках штосьці бліскучае, металёвае, такое цікавенькае…

— Цаца!

— Донечка, не чапай! — доктар кінуўся да малечы, як віхор, нагадаўшы Пранцішу пра часы слаўных боек, калі за рухамі ўзброенага шабляй Лёдніка ўсачыць было немагчыма. — Гэта абцугі для…

вернуться

2

Нельга лячыць неспазнаную хваробу (лац.).