Бутрым абсёкся і не стаў тлумачыць, для чаго, а вось расціснуць маленькія пальчыкі дактароўны на спакуснай цаццы аказалася няпроста. Урэшце абцугі ўпалі проста доктару на нагу, ад чаго той засычэў, не раўнуючы, як змяюка на распаленай блясе.
— Тата, далуй!
На каленках у маці Сафійка сядзець не захацела, да ўласных лялек засталася халоднай, як каралева — да звольненых фрэйлін, таму Лёднік вываліў для свайго чарнавалосага шчасцейка на падлогу цэлую гару бясшкодных (здаецца) забавак, ад трубкі для праслухоўвання хворых да ватных шарыкаў. Пранціш паглядаў, як чароўнае дзіцяня ў белай кашульцы з карункамі шчасліва перабірае медычныя прылады, і ледзь утрымліваўся ад смеху. Праўда, хутка яго ўвагу зноў паглынула размова, бо Баўтрамей пачаў распісваць Саламеі незвычайную карысць, якую прыносіць супраца з ягамосцю баронам ды смелым даследчыкам Альфонсам Бяскоўскім.
— Вядома, як доктар, Альфонс мне саступае, затое ягоныя ідэі проста бліскучыя! Я б не наважыўся сам на такое… — вочы полацкага Фаўста фанатычна гарэлі. — Мы вывучаем мозг чалавека! Гэта… гэта цуд! Новы свет, неспазнаная стыхія, куды больш значная, чым усе бойкі свету! І ніякай магіі. Яшчэ Гіпакрат прапанаваў рабіць трэпанацыю чэрапа пры эпілепсіі альбо калі чалавек аслепне. Гален лекаваў пухліны мозга… Кельсус удалыя аперацыі рабіў, Галеніюс Пергамен, Берэнгарыа да Капры, — так і ўяўлялася, што Лёднік стаіць за кафедрай, апантана ўбіваючы мудрасць у галовы студыёзусаў, што і ёсць самай складанай аперацыяй на мозгу. — Чунь Лі, з якім мы ў Вільні сябравалі, расказваў пра кітайскага доктара Хуа То. Ён паўтары тысячы гадоў таму рабіў трэпанацыю і вынайшаў абязбольваючы сродак пад назвай ма фей сан. Бяда, што цяпер мы такому развучыліся, веды страчаныя, і пацыенты альбо паміраюць, альбо — паралюш. А ў барона і Альфонса незвычайна дакладныя звесткі пра структуру мозга — мне такіх ні разу атрымаць не ўдалося, і зусім дабрачынна мне іх перадалі! Трэба толькі зразумець, як на гэты орган уздзейнічаць — і хворыя, раней невылечныя, ацаляцца!
— Не дай Гасподзь мне так ацаліцца, як вы некаторых ацаляеце, — скрозь зубы прагаварыў Вырвіч.
Лёднік нечакана сумеўся, перахрысціўся, бляск у ягоных цёмных вачах прыгас.
— На жаль, лекар — не Гасподзь… Здараюцца памылкі, няўдачы… Трэба працаваць, даследаваць…
— Ці не тых небаракаў даследаваць, што знікаюць у бедных кварталах Ліёна, а потым іх знаходзяць з прабітымі чарапамі? — злосна прагаварыў Пранціш, і Саламея здрыганулася, з жахам падняўшы вочы на мужа.
Але той шчыра абурыўся.
— І ты туды ж, Вырвіч! Выпускнік Віленскай акадэміі! Як можна патураць забабонам цёмнага натоўпу! Гэта брудныя чуткі, якія распускаюць праціўнікі прагрэсу! — перавёў вочы на жонку, вусны яго пакрыўджана здрыгануліся. — Ты што, Залфейка? Ды я лепш сябе заб’ю, чым чалавека дзеля доследаў замучаю. Я раблю аперацыі — толькі калі сапраўды іначай не дапамагчы. Да таго ж чалавек — істота кволая і неасцярожная, небарак з прабітымі галовамі кожны дзень у бальніцу возяць, практыкі хапае. А так… Як і ўсе калегі, на пацуках эксперыментую… Нябожчыкаў ускрываю — на анатамічны тэатр маецца дазвол. Тут не ставяць на магілы жалезных «ахоўнікаў смерці», як у Шатландыі.
Сапраўды, звычай шатландцаў накрываць магілы жалезнымі кратамі пачалі пераймаць па ўсім свеце, бо чым больш пладзілася студэнтаў-медыкусаў, тым больш квітнеў бізнес выкрадальнікаў трупаў.
Вырвіч выразна скрывіўся, але не паспеў выказацца, бо Саламея з жахам ускрыкнула, гледзячы ў кут пакоя. На фоне цёмнай шафы вымалёўвалася маленькая фігурка Лёдневічанкі ў белай, месцамі, праўда, ужо завэдзганай, кашульцы. Паненка з цяжкасцю трымала перад сабой жоўты чэрап, занадта прыплюснуты, каб належаць звычайнаму чалавеку, і цікаўна ўзіралася ў разгубленыя пустыя вачніцы.
— Дзядзя!
Сафійка прагаварыла гэта вельмі задумліва проста ў пляскатае касцістае аблічча новага сябра, не падазраючы, што нагадвае аднаго нерашучага дацкага прынца. Лёднік рынуўся да дачкі і выхапіў з тоненькіх, далікатных, як пялёсткі пралескі, ручак чарговы трафей.
— І як яна яго выцягнула з шафы? Гэта ў пячоры знайшлі, са слядамі трэпанацыі… Выкупіў быў…
— Аддай дзядзю!
Ад адчайнага плачу юнай Лёдневічанкі скалануліся нават цяжкія кніжныя шафы з цёмнага моранага дубу, а васковыя муляжы ледзь не заварушыліся.
— Што здарылася з мадэмуазэль Сафі? — пачуўся вясёлы голас мадам Жулі, нізенькай пухленькай францужанкі — здаецца, не ходзіць, а коціцца, — якую Лёднікі нанялі дапамагаць па гаспадарцы. — Што нарабіла неслухмяная мадэмуазэль, пакуль Жулі мусіла збегаць на рынак?