— Брава, прафесар, доктар Дзі мае вартага спадчынніка. Можаце забіраць усе гэтыя рэчы. Вы ж купілі іх разам з домам, — пасміхнулася. — Мне, дарэчы, вельмі цікава было назіраць, як вы здабываеце грошы. Гэта ваш, доктар, сябар з каралеўскага навуковага таварыства, да якога мае людзі наведаліся пасля вашага візіту, распавёў пра шарлатана і блюзнера прафесара Лёдніка вельмі шмат цікавага. А назаўтра я сама паназірала за вашым выступленнем у маім улюбёным байцоўскім клубе. Мне паведамілі, што вы паслалі заяўку на ўдзел. Я была ў ложы, у белым капелюшы, пад маскай. Я атрымала задавальненне, — лэдзі Кавендзіш прылашчыла сабачку, якога ёй зноў паднеслі па ейным знаку, і агледзела Лёдніка неяк вельмі нядобра, ацэньваюча, як быццам збіралася набываць новы прадмет мэблі і прыкідвае, у які пакой яго лепей паставіць. — Дарэчы, я папрасіла свайго сябра, лорда Кавендзіша, праводзіць вас дамоў. Іначай, баюся, мы б сёння не размаўлялі.
Паланэйка ветліва пакланілася.
— Дзякуем, вашамосць. Але ягоная мосць лорд Кавендзіш неяк дзіўна сябе паводзіў: як толькі я спыталася пра вашую персону, высадзіў нас з карэты.
Пандора адкінула галаву і засмяялася, як з гары едучы.
— О, а я думаю, чаму ён сёння не адказаў на цыдулку! — няўважна скінула з калень сабачку, які пакрыўджана віскнуў. — Лорд мілы, але трохі надакучлівы. Чамусьці прыдумаў сабе, што ён у мяне закаханы. Мой муж з-за гэтага над ім увесь час жартуе. Мне давялося запэўніць сэра Джона Кавендзіша, што я з чатырма чужаземцамі асабіста не знаёмая… Што справа чыста палітычная… А тут высвятляецца, што вы мною цікавіцеся. Што ж, давядзецца пакараць ягоную светласць за такую смешную рэўнасць.
Пранціш глядзеў, як варушацца дасканала акрэсленыя вусны Пандоры, як яна манерна расцягвае словы, і яму здавалася, што гэта гаворыць аўтамат. Цяпер была бачна падобнасць — не знешняя, а ўнутраная — лэдзі Кларэнс і лорда Кавендзіша. Гэткая абыякавасць да жыцця і смерці — і чужых, і ўласных, упэўненасць, што кожны капрыз павінен задавальняцца… Жорсткасць дзіцяці, якое надзімае праз саломінку жабу і абрывае крылцы мухам, і проста не ў змозе асэнсаваць чужы боль.
— Ну, час ісці. Ах, гэтая палітычная барацьба аднімае так шмат сілаў! — лэдзі з дапамогай прыслугі ўстала, зноў паправіла капялюш. — Я хачу прыдумаць асаблівы гальштук для вігаў. Элегантны і трошкі з выклікам.
Панна Багінская адвесіла развітальны паклон з некаторай няёмкасцю — каб была ў сукенцы, прысела б у рэверансе. Пан Гервасій таксама пачуваўся пакрыўджаным, бо лэдзі таксама вызначыла кожнаму сваё месца. На гэты раз княжна Багінская — дзесьці блізка па статусе, пан Агалінскі — ніжэй на прыступку, і размоў не варты, Пранціш Вырвіш — яшчэ ніжэй… Паж, які трымае шлейф. А Лёднік — так, блазан, забаўка.
А з забаўкамі можна не цырымоніцца. Лэдзі наставіла на прафесара палец, абцягнуты танюткай скурай пальчаткі.
— Паедзеце са мной.
Прафесар нават разгубіўся ад нечаканасці.
— Навошта, вашамосць?
— Лячыць мяне будзеце, — лэдзі насмешна глядзела на доктара, і было ў яе паглядзе штось драпежнае. — Як вы фехтуеце, я бачыла. Цяпер пакажаце свой медыцынскі талент.
Лёднік ледзь стрымліваў злосць.
— Я не ўзяў інструментаў і лекаў.
— У маім палацы знойдуцца, — здавалася, Пандора падцягвае да сябе на павадку няшчаснага шчанючка, які ўпіраецца ўсімі чатырма лапамі, вішчыць, але ўсё роўна апынецца ў дасяжнасці гаспадарскага бізуна. — Нічога кепскага з вамі не здарыцца.
— У такім разе, ваша светласць, я вазьму з сабой асістэнта, — Лёднік паказаў на Пранціша, але лэдзі холадна сказала:
— Не. Вы справіцеся адзін. Спадзяюся.
У апошнім слове прагучэла пагроза. Вусны Лёдніка падціснуліся, вочы загарэліся, ён гатовы быў узарвацца, але Паланэйка кальнула яго сваім кінжальчыкам у бок і, прыўзняўшыся на дыбачкі, прашаптала на вуха, захоўваючы мілы выраз тварыку.
— Калі вы, доктар, зараз працягнеце ламацца, як дзяўчынка-цнатліўка, далібог, сама вас зарэжу, не чакаючы, пакуль слугі лэдзі гэта зробяць. Ну, усміхайцеся і наперад!
У вачах Пандоры, якая пачынала ўсведамляць нечуванае — непакорства яе волі, з’явілася нешта такое… «Заб’юць усіх», — мільганула ў галаве Пранціша.
Прафесар усміхацца і не падумаў, ад гневу ён змог толькі павярнуць галаву ў бок Багінскай і прашыпець лаянку на лаціне, наконт «чым вышэй, тым разбэшчаней», але за лэдзі сышоў.