Выбрать главу

— Магу паспрачацца на свой улюбёны парыжскі раброн са срэбнай парчы, што і запаветныя кляйноды з палаца лэдзі Кларэнс зніклі! — лена працягнула панна Багінская, якая перадаверыла пакаваць свой багаж гатэльнай прыслузе. — Яе мосць лэдзі занадта легкадумна ставілася да палітычных інтрыгаў. Калі ўвязваешся ў барацьбу за трон — трэба, каб ад кожнага кубка тры разы перад табой слугі адпівалі, — павучальна гаварыла панна. — Тыя, хто хацеў лэдзі вывесці з гульні, усё зрабілі мудра. Кляйноды акрым яе ніхто не чытаў, яны зніклі, уладальніца памерла, а замест таго, каб адразу распачаць інтрыгу, прабавілася ў кампаніі аднаго чужаземнага доктара, на якога вельмі зручна павесіць забойства. — Багінская гарэзна паглядзела на знерваванага Лёдніка, які ссыпаў бутэлечкі з лекамі ў валізку. — Ну, прынамсі, спадзяюся, што лэдзі перад смерцю правяла час з насалодай. Так ці не, пан Лёднік? Вам жа лепей ведаць!

Нават Пранцішу зрабілася прыкра ад такога цынізму. Доктар раздражнёна выпрастаўся і працяў паглядам нахабную паненку:

— Я не абмяркоўваю ні сваё, ні чужое прыватнае жыццё. І вам не раю.

— Ды ці не закахаўся вашамосць у тую халодную, як кавалак лёду, і пачуццёвую не больш за палена англічанку? — Паланэйка перабольшана наіўна ўзмахнула вейкамі.

Доктар звузіў вочы.

— Баюся, што я, просты мяшчук па паходжанні, не магу дапяць да вашага разумення слова «кахаю». Неяк яно ў вашых магнацкіх мосцяў дзіўна трактуецца. Але запэўніваю вашу мосць, што ў мяне няма аніякіх падстаў для параўнання яе мосці лэдзі Кларэнс з лёдам і паленам.

Багінская трохі пачырванела і шматзначна паківала галавой, а пан Агалінскі дадаў сваёй атруты, злосна кінуўшы:

— Нешта ўсе твае каханкі, доктар, нядоўга жывуць.

Лёднік прамаўчаў, сцяўшы зубы, толькі так шпурнуў астатнюю шкляніцу ў валізу, што тая разбілася, і пакой запоўніў рэзкі пах балота.

Бывай, Вавілондан, ці давядзецца калі яшчэ сустрэцца…

Яны гналі коней скрозь халодны вецер і смугу, скрозь стому і расчараванне, і Вырвічу здавалася, што ад таго часу, калі ў кабінет прафесара Віленскай акадэміі пана Лёдніка ўваліліся п’яныя шляхцюкі з запаветам вялікага гетмана, прайшлі не месяцы, а гады… Як быццам яны здабывалі Святы Грааль у зачараванай краіне феі Марганы.

Агонь у каміне Дуўрскага гатэлю будаваў і зараз жа абрушваў гатычныя храмы, за вокнамі свістаў вецер, у кубках астываў грог, які не паленавалася ўласнаручна прыгатаваць адна высакародная княжна, і здавалася, што акрамя гэтага паўцёмнага ўтульнага пакою, дзе чацвёра маўчалі, кахаючы, ненавідзячы і церпячы адно аднаго, няма нічога.

Панна Паланэя ўвесь час няўзнак распраўляла карункі на сваёй сукенцы — нібыта хацела ўпэўніцца, што нарэшце прыняла звыклае аблічча дамы. У яе парыку луналі блакітныя птушачкі. Пранцысь не зводзіў вачэй — панна трошкі схуднела за час іх вандроўкі, але носік прыўздымаўся ўсё гэтак жа задзірыста, ніжняя губка міла выдавалася наперад. Палову жыцця аддаў бы за тое, каб пацалаваць гэтыя вусны — без пагрозы, што цябе пырнуць кінжальчыкам, напояць атрутным віном альбо насмяюцца над даверлівым студыёзусам. Вось пан Гервасій Агалінскі, «жаніх» самазваны, не пераймаецца — падкручвае вусы ды напявае сабе пад нос пра звялую руту і разбітае сэрца рыцара… Лёднік маўчыць, уткнуўшыся ў нейкую дужа рэдкую і адметна нудную кнігу, набытую у Лондане, але часам забывае перагортваць старонкі — глядзіць адсутным позіркам, думае нешта сваё, тужлівае… Нічога, вось-вось прыйдзе з Гданьску карабель, там доктару з ягонай марской хваробай будзе не да філасофскіх разважанняў.

Каб толькі бура сунялася…

— Што вы будзеце рабіць па вяртанні, пан Вырвіч? — лена папыталася Паланэйка, любуючыся адшліфаванымі пазногцікамі. — Можа, на вайсковую службу пойдзеце?

— Найперш атрымаю дыплом доктара вольных навук, — упарта адказаў Пранціш. — А там будзе відаць.

— Што ж, у майго будучага мужа, князя Паца, знойдзецца месца для яшчэ аднаго паэты, — невыносна фанабэрыстым тонам прамовіла панна Багінская. — А калі вы пойдзеце далей па медычнай частцы, магу выправіць вам і месца нашага прыдворнага лекара.

Вырвіч адчуў, што кроў прыліла да твару…

— Не думаю, што пайду на службу да вашага мужа.

Пан Агалінскі спыніў напяваць і ашчэрыўся, вычуўшы пачатак сваркі.

— А я б да вас, пан Вырвіч, лячыцца не пайшоў. Доктар павінен быць, вунь як гэты ваш былы слуга, сур’ёзны, змрочны, страшны. Добрыя лекі — горкія і агідныя на смак.

Панна Багінская манерна зарагатала.

— Так, пан Пранціш занадта куртуазны для навукі.