Выбрать главу

— А вы ўпэўнены, найяснейшая панна, што ягоная мосць князь Пац з вамі ажэніцца? — холадна спытаў Вырвіч, у якога ад гневу аж увушшу закладала. — Асабліва пасля вашай авантурнай вандроўкі. З якой вы прывезяцё замест цуда-зброі крышталёвы чэрап. І будуць паны магнаты адно ў аднаго пускаць сонечныя зайчыкі…

Паланея злосна прыкусіла губу.

— У майго пана брата і звычайнай зброі хопіць, каб заторкнуць раты нахабам!

Пранціш не збіраўся адступацца — аднекуль узялася смеласць выгаварыць усё, што згорклым асадкам ляжала на дне душы:

— Зняволілі, вашамосць, падступна пані Саламею Лёднік, і думаеце, вам усё даруецца нават на тым свеце? Вы, панна, вельмі нагадваеце мне яшчэ адну чароўную панну — Ядвігу Струтынскую.

— Гэта не тую, з-за якой на браслаўскім сойміку парэзаліся-пабіліся? — зацікавіўся Амекрыканец.

Пранціш крыва пасміхнуўся.

— Яе… Стараста Опсаўскі Ян Цеханавецкі дамогся рукі чароўнай панны Ядвігі, а ейны бацька не даў за ёй абяцаных ста тысячаў залатых. Пан Цеханавецкі запатрабаваў разводу з-за непрыстойных паводзін жонкі. А як падчас сойміку ішоў па плошчы з братам, цесць яго ўбачыў, загадаў страляць праз вокны… Пана Цеханавецкага паранілі, а брата ягонага дык і зусім забілі. І разаніна якая ўсчалася! Дом Струтынскага ўзялі прыступам. Жывых ды мёртвых згрузілі на вазы ды ў Вільню павезлі… Мёртвых — прад’яўляць, жывых — судзіць. Але за Струтынскага былі Чартарыйскія, таму Цеханавецкія справу прайгралі. А ў той разаніне майго адзінага родзіча, дзядзьку, забілі, які грошы на маё навучанне даваў, ды пасля дэкляраваў памагчы. І якая, скажыце, розніца, быў ён на баку Цеханавецкіх альбо Струтынскіх? А пані і цяпер на балях красуецца…

Пранціш адсёрбнуў вохкага напою і паставіў кубак з сіняга шкла на стол з ножкамі ў выглядзе грыфонаў. Галава прыемна круцілася.

— Загінуць у бойцы за свайго сюзерэна — гэта доўг шляхціца! — павучальна сказаў пан Агалінскі. — І няма чаго дакараць прыўкрасных дам за тое, што яны карыстаюцца, чым Гасподзь надзяліў іх на нашую радасць і пагібель. Піў і буду піць з туфліка прыўкрасных дам, нашых галантных забойцаў! Вось аднойчы ў Нясвіжы на Масленіцу мы выпілі з бота пана Караля за ягоную фартуну — і няхай ягоная мосць пан Караль усю скуру з мяне заслужана злупіць за непавагу, але з туфліка… з маленечкага, расшытага золатам туфліка піць нашмат прыемней!

Пан Агалінскі таксама адпіў грогу і ўсміхнуўся бахусавым сваім успамінам.

— Калісьці я чытаў працы Андрэя Белаблоцкага, вучонага шляхціца і паэта, якога паклікаў у Маскву Сімяон Полацкі — адукоўваць тамтэйшы люд, незнаёмы ні з вершаскладаннем, ні з сучасным любамудрыем, — умяшаўся ментар-Лёднік. — Вядома, тады мяне найперш цікавіў трактат «Вялікая і найдзіўнейшая навука Богам высвечанага настаўніка Райманда Лулія». Лулій — вось хто золата варыў лёгка, як гаспадыня гарбузовую кашу… Але прачытаў я і «Пентатэўгум, альбо пяць кніг кароткіх пра чатыры рэчы апошнія, пра мітусню і жыццё чалавека». Там чуецца нашая мова, а ў аснове — творы нямецкіх паэтаў.

Гора гладкім тварам жаночым, душам, сэрцам, надзеям, Што ганарацца, як хвост паўліна, у спакушэнне мужоў.

Блакітныя вочы панны Багінскай блішчэлі, як два сапфіры, ачышчаныя алхімікам да нябёснай празрыстай сінізны.

— Дакараеце дам за тое, што за іх кроў праліваецца? Бядуеце аб зняволенні пані Саламеі? А расказвалі вам пра лёс няшчаснай графіні Бельведэрскай? Яна надакучыла свайму мужу, таго намовіла палюбоўніца — і граф абвінаваціў няшчасную кабету ў здрадзе, і яна ўжо гадоў сем сядзіць пад замком. Ёй не дазваляюць бачыцца з дзецьмі, абкружылі самымі грубымі слугамі. Усе ведаюць, што графіня ні ў чым не вінаватая, усе бачаць, як яе муж жыве з іншымі кабетамі, але ніхто дапамагчы і не можа, і не спрабуе. А няшчасная Гальшка Астрожская! — на шчоках Паланэйкі ажно плямы гарэлі. — Яна засталася багатай спадчынніцай, за яе сварыліся жаніхі… Абвянчалася па каханні з Дзмітрыем Сангушкам — іх дагналі, Сангушку на яе вачах акрутна забілі… А потым няшчасную дзяўчыну проста кралі адно ў аднаго, пакуль прызначаны каралём жаніх, стары і сквапны, не ўзяў прыступам кляштар, дзе яна з маці хавалася, сілком з ёй ажаніўся… А калі небарака не захацела выявіць да нежаданага мужа любові — проста замкнуў яе на васемнаццаць гадоў у пакоі свайго замку, і нават слугам размаўляць з ёю забараніў. І дзядзька панны, вялікі гетман Канстанцін Астрожскі, рады не даў. А што ягоная мосць князь Геранім Радзівіл са сваймі жонкамі вытвараў! Тарэзу Сапегу ледзь бацька вызваліў, Магдалена Чапская сама да маці збегла, Анжаліку Мянчынскую брат, рызыкуючы жыццём, выкраў… У бяспраўных істотаў свае сродкі супраціву, панове. Я дасканала ўмею прыкідвацца, ліслівіць, інтрыгаваць, — Багінская нявесела пасміхнулася. — Я буду вельмі добрай жонкай. Думаеце, я не ведаю, што мяне чакае на радзіме? Я такі ж «прыз», як няшчасная Гальшка. Таго, хто ўхопіць мяне «не па рангу», чакае самая вартая жалю доля.