— Мой пан-бацька Даніла Вырвіч, нябожчык, царства яму нябёснае, каб давесці, што не даражыцца ніякай рэччу, пазбавіў наш род маёмасці, а маю пані-маці звёў у магілу, — змрочна сказаў Пранціш. — Пабіўся з суседам аб заклад, хто больш тае сваёй маёмасці спляжыць і параздае. Ну і выйграў.
— Паважаю вашага пана-бацьку! — падняў кубак Амерыканец.
— І вось скажыце, пане-брацці, — працягнуў Пранціш, — чаму ў такім разе, калі пагарда да багацця і маёмасці лічыцца шляхецкай цнотай, вы падсмейваецеся над высакароднымі асобамі, якія той маёмасці маюць менш за вас? Колькі я нацярпеўся за жыццё — «А чаму пан Вырвіч не прымае ўдзел у прыдворнай каруселі? А дзе ягоны арабскі конь? А дзе ягоныя слугі? А гэты дыямент — адзіны, што пан мае?». А я, між іншым, вяду свой род ад князя Палямона!
Панна Багінская апусціла вочы.
Пан Агалінскі стукнуў аб дубовы стол пустым кубкам.
— Калі пан Караль стане каралём, ён усю радавітую шляхту надзеліць шчодра! Мы паны-браты ў роўнасці шляхоцкай — акрым усялякіх, з патэнтамі… Шляхціц — гэта вой! Чалавек просты душою і адважны. Пан Караль, калі да шляхты ў госці прыязджае, з каня сыходзіць — хай бы і ў гразь, і з кожным з дэлегацыі, што яго сустракае, абдымецца, нават калі іх больш за сотню. Не тое, што Цялок, які грэбуе агульны кубак за сталом прыняць. Не люблю людзей, якія хітраць ды нешта ўтойваюць….
— Нешта мы гэтым вечарам нічога не ўтойваем, — задумліва прагаварыў Пранціш, які адчуваў падазроную лёгкасць, аж сцены пагойдваліся.
Лёднік пакруціў у руках кубак з выпітым напалову напоем, паднёс да носу, уцягнуў вохкі пах з насалодай.
— Я сёння перабіраў валізу і заўважыў, што ў некалькіх бутэлечках паменшала рэчываў. А пах таго, што налітае ў гэтыя кубкі, сведчыць, што дададзеная яшчэ і шчопаць парашку аднаго цікавага грыбочка, які, асабліва ў спалучэнні з пэўнымі рэчывамі, уплывае на псіхіку… Разнявольвае, паслабляе кантроль над гаворкай… Памятаеш, Пранціш, як цябе аднойчы частавалі ў Вільні? Гэта падобнае, толькі слабейшае.
Вырвіч рэзка паставіў кубак на стол і ўзняўся на ногі, якія былі як бы ватнымі, гнеўна ўтаропіўся ў Паланэйку.
— Зноў вашамосць атруты намяшалі? А ты… — звярнуўся да Бутрыма, — ты ведаў? Папярэдзіць не мог?
— Па маіх назіраннях, канцэнтрацыя рэчыва невялікая, падабраныя інгрэдыенты па-майстэрску… У італійскага знаўцы вучыліся, вашамосць? — ветліва папытаўся Лёднік у Паланэйкі. Тая нязмушана кіўнула. — Вось і не папярэджваў. Самыя важныя сакрэты ніхто не агучыў, вечар прабавілі цікава… Парашок у медальёне носіце? — зноў папытаўся Бутрым у княжны.
— У большым аб’ёме гэта імгненная бязбольная атрута, самі ведаеце, прафесар, — паціснула плячыма Паланэйка. — Рэч неабходная для дзяўчыны ў вандроўцы.
— Я люблю атруту, — прагаварыў пан Агалінскі, — І гарэлку, і табаку, і небяспечных жанчын. На шлюбным ложы буду трымаць пад падушкай кінжал.
— Вы можаце забіць жанчыну? — зацікаўлена перапытала Багінская.
Яна, відаць, усё-ткі здзівілася, што яе падступны ўчынак Амерыканца не абурыў, як Вырвіча. А той шырока пасміхнуўся і раптам падскочыў і адным рыўком падняў на выцягнутых руках фатэль з паннай Багінскай. Тая ледзь галавой аб бэлькі не далася, добра, столь высокая.