— Я магу кахаць жанчыну! Так, што ёй не захочацца падсыпаць мне парашок ці настаўляць рогі!
Панна Багінская верашчала, учапіўшыся ў падлакотнікі, але Амерыканец урачыста пранёс яе па ўсім пакоі і толькі тады асцярожна апусціў разам з фатэлем.
— І калі пан Караль будзе літасцівы і падаруе мне жыццё, хоць я здабыў за морам толькі бескарысную скрынку з люстэркамі, я паспрабую выйсці яшчэ раз у кола супраць Галіяфа — пазмагацца за вас, чароўная панна. Супраць князя Паца, князя Багінскага, усяе Рэчы Паспалітае і ўсяго свету, — зірнуў на збляднелага Пранціша. — Ну і супраць вашага даўняга прыяцеля, студыёзуса.
Паланэйка прагаварыла сур’ёзна:
— Вы з панам Вырвічам бачылі мяне ў мужчынскім адзенні, у гразі, на саломе, без пудры і памады, вы бачылі, як я магу спраўляцца з кінжалам і атрутай, лаяцца і падманваць…
— Золатка маё, гэта робіць вашу мосць яшчэ каштоўней у маіх вачах, — галантна пакланіўся Амерыканец, — Мне не патрэбная васковая лялька, нават калі яна ўмее маляваць месца скарбу.
Пазяхнуў.
— Але ад атруты тваёй, мая панна, так у сон хіліць, што, бадай, пайду ў ложак… Пакуль што халасцяцкі, — падміргнуў і сышоў.
А Пранціш зразумеў, што часам забіць чалавека вельмі лёгка — прынамсі, ён прыкончыў бы пана Гервасія з такой насалодай… Нават у спіну не пасаромеўся б загнаць кінжал.
— Ну што, панна атрымала задавальненне ад свайго ўчынку? — ціха спытаўся Лёднік.
Паланэйка не адказала, задумліва гледзячы ў агонь і круцячы ў пальцах срэбны медальён з рэшткамі парашочку.
Так гэты вечар у Ангельшчыне застаўся ў памяці ліцвінаў блёкатам, трызненнем і сумам…
А Каляды сустрэлі на караблі. І каталіцкія, і праваслаўныя. Карабель быў магутнейшы, чым «Святая Брыгіта» — двухпалубны фрэгат «Залаты альбатрос». Усе атрымалі па асобнай каюце, а панна Багінская — нават з прыслугай жаночага полу, з мяккім ложкам і люстэркам у пазалочанай раме. З чаго вынікала, што капітан быў папярэджаны, што на борт падымецца радавітая дама. Радавітая і багатая настолькі, што на яе не распаўсюджваюцца прыкметы і забабоны. У адрозненне ад купецкай «Святой Брыгіты», тут высакародныя пасажыры прысутнічалі часта.
Зімовае мора прадказальна было неспакойным, і Лёднік сядзеў у каюце, забяспечаны вынайдзенымі падчас мінулага плавання лекамі ажно па макаўку. Але стараўся не напівацца — прымаў ромавую настойку столькі, абы не нудзіла. І Пранціш, пазбаўлены прафесарскага нагляду, кінуўся ў віры куртуазныя. Панна Паланэя, відаць, вырашыла кампенсавацца за ўвесь час, праведзены ў мужчынскай вопратцы, і цяпер у сваёй каюце зладзіла мініяцюрны свецкі салон, цвелячы па чарзе абодвух сваіх рыцараў, а падчас абедаў у кают-кампаніі распаўсюджвала чары і на флоцкіх афіцэраў. Падобна, і прафесара Віленскай акадэміі была б не супраць далучыць да сваёй світы — але паглядзела, як ён гайдаецца ў падвясным ложку, няшчасны, змрочны, аброслы чорнай шчэццю, прыціскаючы да сябе напалову пустую бутэльку, уздыхнула з прыкрасцю і сышла. Пакуль пад нагамі не акажацца сушы — ад вялікага мага і фехтавальшчыка толку мала.
Пранціш крэмзаў вершы, Амерыканец вывучаў крышталёвы чэрап і скрынку з люстэркамі і ўздыхаў, нібыта прыкідваў, ці не памяняцца з паннай Багінскай здабычай. А панна Багінская змушала нізенькую чарнявую іспанку-камерыстку рабіць сабе мудрагелістыя прычоскі і весялілася — як асуджаная на смерць.
Бяда здарылася, калі выдаўся рэдкі пагодны дзень, і ў хмарах залунала вялізная белая птушка з чорнымі крыламі. Вырвіч і Амерыканец стаялі на верхняй палубе, ля афіцэрскіх каютаў, і назіралі за палётам істоты, якая нават не ўзмахвала доўгімі крыламі, яе нёс вецер, як вада — рыбу, і ў гэтым адчувалася такая воля, такая сіла, што мімаволі хацелася паспрабаваць так жа.
— Кажуць, стары кароль зараз забаўляецца тым, што страляе з пісталету і кулямі перасякае ніткі і гасіць свечкі. Трэба ж — ледзь жывы, тлусты, як воз, а рука цвёрдая, — бязвінным галаском прамовіла Паланэйка, якая вызірнула са сваёй каюты, захутаная ў белае футрачка па апошняй лонданскай модзе.
Не трэба было быць астролагам, каб прадказаць бліжэйшую будучыню: Вырвіч і Агалінскі, абы давесці ўласную трапнасць і цвёрдасць рукі, пачалі пуляць у няшчасную птушку, забыўшыся на эстэтычныя ўражанні. І падстрэлілі — якраз калі белая прыгажуня крыляла над караблём… А толку — калі невядома, чыя куля пацэліла.
Птушка біла па палубе здаровым крылом — другое было афарбаванае крывёй, і страшна і хрыпла крычала, проста вычуваліся словы лаянкі. Нос у яе быў загнуты, як у Баўтрамея Лёдніка.