Выбрать главу

Не паспеў пан Агалінскі ўрачыста дабіць здабычу, як наляцелі матросы — з шаблямі, абардажнымі крукамі, пісталетамі, і не паспелі паны ачомацца, як іх укруцілі ў нерат, як двух селядцоў. На крыкі выскачыў штурман, і, пабачыўшы параненую птушку, таксама раззлаваўся, як бы ягоную матку абакралі, і патлумачыў дурным гасцям: птушка — альбатрос, сустрэць яе ў гэтых шыротах выпадае дужа рэдка і лічыцца за шчасце, бо на поўначы толькі адзін від яе трапляецца, з чорнымі крыламі і бровамі, які ладзіць гнёзды ў Шатландыі. А забіць альбатроса — вельмі кепская прыкмета, і накліча няшчасце на ўсіх. Альбатрос паказвае мараку дарогу дахаты, амаль ва ўсіх на караблі захоўваюцца побач з ладанкамі ды распяццямі фігуркі гэтых чароўных птушак. А паколькі фрэгат называецца «Залаты альбатрос», дык злачынства пасажыраў выглядае зусім недаравальным. Затоне карабель!

Паланэйка даўно схавалася, а двое рыцараў пачыналі ўсведамляць, што з-за свайго зухаватага бязглуздага подзьвігу патрапілі, як прусак у саладуху. Вырвіч дужа спадзяваўся, што зараз прыдуць афіцэры, адукаваныя людзі, з’явіцца капітан, разгоніць матрасню… Падумаеш, птах! Але калі капітан з’явіўся, становішча палепшала не нашмат. Пан з пагрознымі чорнымі вусамі патлумачыў скрозь зубы, што адзінае, чым ён можа ўратаваць жыцці сваім пасажырам — гэта пасадзіць іх пад ахову ў спецыяльны турэмны адсек у труме. Таму што падчас першага ж шторму — а яны будуць непазбежна ў такую пару — забойцаў альбатроса хутчэй за ўсё альбо зусім выпадкова змые за борт, альбо на іх упадзе нешта цяжкое. І вінаватых у тым ніхто не знойдзе. На шчасце, птушка яшчэ жывая, яе аднясуць да карабельнага доктара, і няхай паны моляцца, каб іх ахвяра выжыла.

Пранціш і пан Гервасій сядзелі ў цёмным і вузкім, як кішэня, катуху, дзе страшэнна смярдзела прагорклым тлушчам, і не маглі асэнсаваць такі выспятак Фартуны. Святло працэджвалася толькі скрозь закратаванае вакенца ў дзвярах, ад ліхтара, каля якога сядзела варта.

— Праўда, што баба на моры — да згубы, — тужліва прагаварыў пан Гервасій. — У Ангельшчыну плылі — бунт на караблі ўсчаўся з-за яе, доктара змусілі малітвы чытаць хвалям. Назад плывем — зноў з-за яе ў карцэр патрапілі, ды яшчэ і ўтопяць нас, не дай Бог. Трэба была нам тая птушка, як свінні завушніцы. От вясёлая мне жонка дастанецца! Буду з ёй часцей на паляванне едзіць. Дзічыну пастраляе да стомы — глядзіш, муж і ацалее да раніцы.

— Вашамосць жаніх фіктыўны, не забывайце, — скрозь зубы прагаварыў Пранціш. — І хоць багацейшы за мяне, аднак у вачах Багінскіх такі самы бядняк. А сардэчную схільнасць панна Паланэя дакладна дарыла не вам.

— Ці не вам, вашамосць? — пагрозна прамовіў пан Гервасій. — Такі смаркач, як васпан, не можа разлічваць нават насоўку панны падбіраць з падлогі.

— Гэта я смаркач? Я амаль доктар і нашчадак Палямона! А вашамосць — дзікун і болбадзень бясклёпачны! — каб не цёмна было, дык Пранціш ад гневу ўсё роўна нічога не забачыў бы.

— Вашамосць абражае шляхціца Агалінскага?

Месца для добрай бойкі было малавата, але затое праціўнік не мог схавацца. Змалацілі паны адзін аднаго з насалодай: пан Гервасій здаровы, як лось, затое Пранціш шустры, як яшчарка.

Раскаціліся ўбакі, толькі як ушчэнт замарыліся.

Задавальненне паўтарылася яшчэ тройчы.

А потым неяк нецікава стала біцца. Бо мінаў дзень за днём, а нічога не мянялася. У спецыяльнае акенца вязням падавалі ваду, хлеб, сланіну, нават панскія сыр і віно. Але ключ у замку не паварочваўся. Пранціш чакаў штохвілі, што вось дзверы адчыняцца, і пакажацца мілы тварык Паланэйкі — не пакіне ж яна тут сваіх кавалераў, што трапілі ў бяду, абы пакрасавацца перад дамай. Ну а Лёднік дык абавязкова з’явіцца — бо нават у сутарэннях Тамашоўскіх свайго вучня знайшоў. Прыйдзе, абавязкова прыйдзе — усіх ворагаў абяззброіць, зачаруе, пераканае, птушку альбатроса вылекуе… Адчытае дурных маладзёнаў, і жыццё пойдзе далей, у прыгодах і надзеях.

Але карабель гайдала ўсё мацней, сыр і віно з рацыёну вязняў зніклі, і не прыходзіў ніхто, нягледзячы на крыкі і патрабаванні зняволеных.

— Яна вырашыла ад нас пазбавіцца, — аднойчы сказаў пан Агалінскі.

Гаварыў ён цяпер, трохі прышэптваючы, бо пасля сустрэчы з кулаком Вырвіча адзін зуб у пана хістаўся. І Пранцішу не спадабалася, як ён гэта сказаў. Вельмі сур’ёзна, спакойна, без сумневу. Як бы паведамляў, што выпаў снег, ці што сёння пятніца…

— Паклапацілася, каб доктар нічога пра нас не ведаў. Яму зараз кепска, ляжыць, ром смокча… А панна да яго, відаць, яшчэ і ходзіць, байкі расказвае. Прыбрала скрынку ад доктара Дзі, што на маю долю дасталася… І доктара Лёдніка прыбярэ да рук, каб фокусы пры ейным двары паказваў. Бо капітану заплачана Багінскімі — бачыў, якая каюта для панны падрыхтаваная? Нездарма слала ўвесь час лісты…