Выбрать главу

— Бутрыма ніхто да рук не прыбярэ! Гэта проста немагчыма, вашамосць! — рэзка адказаў Пранціш, а сэрца сціснула ад трывогі.

Нешта і праўда доктар доўга не з’яўляецца… Ці не ўтварыла з ім што падступная паненка?

А потым нечакана карабель перастала гайдаць. Чуліся галасы, нешта стукала, грукала… А потым дзверы нарэшце адчыніліся. Капітан змрочна паведаміў вязням:

— Можаце павіншаваць сябе, панове. Вы даплылі да слаўнага горада Гданьску жывымі. Хоць альбатрос, вамі падстрэлены, здох, і той-сёй з каманды дужа хацеў адправіць вас за ім у птушыны рай. Пастаўце па пудовай свечцы святому Хрыстафору. За нязручнасці выбачайце — самі вінаватыя. Тое, што мне ўвесь час трэба было адрываць ад працы па два надзейныя матросы, каб вас ахоўвалі, таксама мог бы паставіць у рахунак. Але Бог з вамі, стралкі хрэнавы. Усё, шчаслівай дарогі дадому.

Пранцысь і пан Гервасій, жмурачы адвыклыя ад яркага святла вочы, выпаўзлі на палубу. Апошнія бочкі і цюкі згружаліся на сушу, апошнія матросы пакідалі «Залаты альбатрос» у прадчуванні сустрэч з роднымі і дарагімі, альбо хаця б з партовымі самадайкамі і куфлямі піва, лёгкі сняжок святочна прыкрашаў чарапічныя дахі, брук і каменныя скульптуры…

А каюты былі пустыя. І Лёднікава, і Паланэйкі. Мяшок з рэштай цэхінаў ад Пандоры быў на месцы. Але, як можна было прадбачыць, знікла і скрынка з люстэркамі, і зялёны сшытак, і крышталёвы чэрап — усё, што дасталося з хованкі доктара Дзі.

— От гадаўка! — неяк здзіўлена-захоплена прагаварыў пан Гервасій.

Вырвіч выбег з каюты і схапіў першага з каманды, што патрапіўся, за грудкі:

— Дзе доктар Баўтрамей Лёднік? Высокі такі, чарнявы? Дзе панна?

Худы смуглявы матрос спадылба зіркнуў на пасажыра.

— З’ехалі. Абодва. Селі ў карэту з гербамі, і…

— Даўно?

— Ды з гадзіну таму.

Пранціш схапіўся за русявыя валасы, гатовы іх выдраць з гора. Гэта немагчыма! Лёднік не мог так учыніць! Што з ім зрабіла гэтая кірпаносая вядзьмарка? Атруціла? Не, нават п’яны і хворы, доктар не мог не распазнаць атруты. Аглушыла? Звязала?

— Гэй, а ты бачыў, як доктар з карабля сыходзіць? — гукнуў у спіну матросу, які ўжо закінуў за плячо валізу, з якой тырчэў тонкі рулон ангельскага паркалю ў сінія кветачкі, падарунак для той, што дачакалася свайго любага.

Марак незадаволена азірнуўся:

— А што тут бачыць? Ну, сыйшоў пан у капелюху, пры дарагой шаблі, дапамог паненцы ў карэту сесці. Злы, праўда, быў, як біскуп пад канец посту. Не хацеў бы з такім у цёмным завулку сустрэцца.

І пайшоў, пагойдваючыся, як бы карабель усё яшчэ змагаўся са штормам.

— Бутрым сапраўды любіць сваю жонку так моцна, як я думаю? — задумліва прамовіў пан Гервасій.

— Разумею, куды хіліць вашамосць! — знервавана прамовіў Пранціш. — Калі Багінская паабяцала Бутрыму, што павязе яго забіраць Саламею, паехаў на любых умовах. Слухай, яны яшчэ не так далёка! Паланэя прагаварылася, што Саламея ў Гутаўскім кляштары бернардзінак…

— Дагонім! — закрычаў пан Гервасій і ірвануў з карабля, як руды пацук з падпаленай адрыны.

Пранціш ледзь паспеў падхапіць мяшок з цэхінамі.

Яны гналі коней, не шкадуючы, маючы яшчэ па адным у повадзе. Спыняліся толькі, каб распытаць пра карэту з гербамі Багінскіх. Першы след азначыўся яшчэ на выездзе з горада — экіпаж бачылі ля паўднёвай брамы. Потым пра сустрэчу з шыкоўнай карэтай — зусім нядаўна — пацвердзіў мужык, які вёз на санях забітага ваўка. А потым пачаўся лес, цёмныя са снежнай сівізной постаці елак вартавалі дарогу, і здавалася, што зараз нехта з-за іх змрочных шэрагаў падасць знак, і векавыя дрэвы, узмахнуўшы цяжкім голлем, рушаць напярэймы маленькім шкадлівым істотам, якія саманадзейна лічаць сябе ўладарамі над дрэвамі, жывёламі, птахамі ды жыхарамі марскімі, а самі не могуць адно з адным ужыцца ды дамовіцца…

А вось на дарозе і свежыя сляды палазоў. Пан Гервасій прыгнуўся да спіны каня і завыў па-ваўчынаму — руды, як гаспадар, конь захроп і паляцеў яшчэ хутчэй. Вырвіч таксама прыспешыў свайго рысака… І вось удалечыні паказалася карэта.

— Бутрым! Лёднік! — загарлаў з усяе сілы Вырвіч.

Вершнікі няўмольна даганялі экіпаж, але слуга, які ехаў на запятках, прыцэліўся ў іх з пісталету, падобна, па чыёйсці камандзе… Але выстраліць не паспеў, скінуты ў снег чалавекам, які спрытна высунуўся з карэты.