Выбрать главу

— Бутрым! — узрадваўся Пранціш.

— Стой! — гарлаў пан Агалінскі, які амаль параўняўся з экіпажам.

А фурман раптам збочыў — дарога ішла направа пад адхон, дзе ўнізе пятляла рэчка. Узімку пакрытыя ільдом рэкі ператвараліся ў найлепшыя дарогі, якім аддавалі перавагу перад сцяжынамі. Моцных маразоў сёлета не было, і наўрад лёд стаў дастаткова тоўсты… Затое на гладкім лёдзе карэта на палазах, запрэжаная чацвярнёй, мела болей шанцаў адарвацца ад пагоні. Баўтрамей ці сам саскочыў, ці проста паваліўся ў снег, пакаціўся… Пранціш спешыўся ля яго, дапамог падняцца:

— Ты як, цэлы?

— Нармальна, — доктар і праўда быў больш-менш звыклага выгляду, толькі трохі вочы запалі. — А ты хіба не сышоў раней за нас з карабля? — паглядзеў на скептычны твар вучня, пазмрачнеў. — Падобна, паненка развяла нас, як шчаўлікаў. Дык дзе ты быў увесь гэты час?

— У турэмным адсеку сядзеў, пад вартай, разам з панам Гервасіем.

— А мне казала — ты ў карты гуляеш. Каб толькі не хвароба мая клятая… — з прыкрасцю прамовіў доктар.

— Да Саламеі ехаў? — папытаўся-сцвердзіў Пранціш.

— Да яе, — уздыхнуў доктар. — Панна паставіла ўмову — без сведкаў, каб я адзін быў… А я перад жонкай і так вінаваты, і ейным жыццем рызыкаваць…

Між тым наперадзе пачуўся жаночы віск. Пранціш і Лёднік кінуліся туды.

Відовішча был жывапіснае: карэта адным бокам правалілася ўжо ў ваду, і было ясна, што выцягнуць яе немагчыма. Фурман у адчаі вызваляў коней, абразаючы вупраж, панна Багінская спрабавала выцягнуць з карэты дзве скрынкі са спадчынай доктара Дзі, а Гервасій Агалінскі стараўся падабрацца як бліжэй. Гэта было нялёгка, бо расколіны ў лёдзе распаўзаліся, як грахі па сумленні. Раптам карэта яшчэ больш абсунулася ў ваду, павалілася набок, панна ўскрыкнула.

— Руку давай! — загарлаў Агалінскі і ўхапіў такі Паланэю за таненькую, але моцную ручку, якая толькі што згубіла мехавую рукавіцу, і пацягнуў да сябе…

— Пачайкаце, вашамосць! Трэба гэта забраць! — паненка адчайна рвалася назад — з вакна тырчэлі скрынкі, іх можна было яшчэ лёгка дастаць.

Доктар і студыёзус застылі каля берага, лішні цяжар на лёдзе адразу павялічваў трэшчыны.

— Паглядзі на мяне! — крыкнуў пан Агалінскі, не выпускаючы рукі панны. Паланэйка няўважна азірнулася на яго. — Кінь гэта ўсё! Выходзь за мяне замуж! Мы з’едзем у Амерыку!

Князёўна нервова засмяялася.

— Пан што, вар’ят?

— Выходзь за мяне замуж! Абвянчаемся сёння ж! — вочы пана Гервасія гарэлі ўпартым агнём.

Паланэйка істэрычна закрычала-зарагатала:

— Вар’ят! Дакладна вар’ят! Пан забыўся — я нядаўна пасадзіла яго ў турму і абакрала! Я на вачах пана цалавалася з іншымі! Я атруціць магу! Ці пан хоча адпомсціцца?

— Нават калі ты ўсадзіш мне нож у сэрца, я толькі пацалую тваю руку! — пракрычаў пан Агалінскі, нібыта яны знаходзіліся на розных берагах. І прагучэла так — што немагчыма было не паверыць. — Слова гонару — я адмаўляюся ад твайго пасагу! Не вазьму ні пярсцёнка, ні ламанага граша! Хопіць з нас майго майна. Мне патрэбная толькі ты, такая, як ёсць, смелая, хітрая, адчайная, вясёлая! Табе спадабаецца ў Амерыцы! Там нікога не дзівіць высакародная дама, якая гойсае на конях і трапна страляе. З індзейцамі ваяваць станем!

Паланэйка ў адчаі азірнулася на карэту, якая амаль пагрузілася ў ваду.

— Пакінь! — уладна выгукнуў пан Гервасій. — Я адмаўляюся ад свае часткі здабычы — адмоўся і ты! Няхай нікому не дастанецца праклятае ангельскае чараўніцтва! Дзеля цябе я забудуся на даручэнне свайго пана — забудзься і ты на сваё! Ну!

Панна разгублена паглядала то на карэту — скрынкі былі яшчэ бачныя, яшчэ можна было дацягнуцца, то на пана Гервасія, чые ноздры раздзімаліся, як у шале бойкі, а ў вачах гарэў вясёлы адчай. Вада падпаўзала да самых боцікаў панны, як цёмная халодная смерць, вусны Паланэйкі дрыжэлі, і Пранціш ніколі не бачыў яе такой па-дзіцячы бездапаможнай…

— Ну, золатка маё! Рашайся! Ці табе зацуглянай жыць, хай тыя цуглі й залатыя? Ільвіцы патрэбны леў!

— Таксама мне леў знайшоўся ў ліцвінскім лесе! — скрозь слёзы ўсміхнулася панна. — А не баішся — што й цябе, як Дзмітрыя Сангушку — дагоняць з радавітай нявестай, заб’юць?

Агалінскі страсянуў рудымі пасмамі.

— У Сангушкі была шлюбная ноч, глыток волі і каханне ў вачах ягонай адзінай жанчыны. Ты думаеш, мне гэтага мала, каб расплаціцца жыццём? І колькі б нам часу ні дасталося — мы не засумуем разам, мая панна. Ого, свет ходарам заходзіць!

Лёд пад нагамі затрашчаў, карэта адправілася вазіць дачок вадзянога караля, а панна Паланэя апынулася ў абдоймах пана Гервасія. Вырвіч дрыжачай рукой намацваў шаблю, але Лёднік рашуча прытрымаў яго. Два абліччы, злітыя ў шалёным, жарсным пацалунку, расплываліся ў вачах студыёзуса… А потым пан Агалінскі падсадзіў Паланэйку на каня. Ускочыў сам…