Пранціш наважыўся зірнуць на пані Паланэю. Фанабэрыстая, упэўненая, хітравата-мілая, напятая смяротнай небяспекай — і шчаслівая…
Шчасце каханай жанчыны з другім — што можа раніць больш балюча?
— Я набыла выдатныя пістолі галандскай працы! Мы з Гервасіем прыстраляліся — усіх варон у парку перабілі!
Пан Агалінскі з пачуццём пацалаваў жончыну ручку:
— Ну, у каго яшчэ такая кабета ёсць? — і засмяяўся, як Цэзар над пераможанымі егіпцянамі. — А як лаяцца пачне — насалода слухаць! Я і слоў такіх не ведаю… Ну, усё, змарыўся я з-за гэнага доктара, аж плячо баліць. Лёднікі няхай пераначуюць у тым дамку, дзе мы паніча трымалі — ніхто не заўважыць. Пані Саламея спіну доктару падлечыць. Есці-піць карміліца ім прынясе… А ты, пан Вырвіч, пойдзеш з намі вячэраць — праз дзень-другі мы выпраўляемся за акіян.
— А Лёднікам лепей зранку ціхенька з’ехаць — каб ніхто не пабачыў іхняга сына, — скамандавала Паланэйка.
Пранцысь азірнуўся на прафесарскае сямейства — і зразумеў, дзеля чаго яны ўсе ездзілі ў гэтае нялёгкае бязглуздае падарожжа.
Нараніцу галава была цяжкаватая… Пранціш ледзь стрымліваўся, каб не пазяхаць пры дамах. Вырвіч вырашыў не заставацца ў гаспадароў, хаця пан Гервасій настойліва прапаноўваў працягнуць прыемнае развітанне. Нядоўгае сямейнае жыццё не дужа змяніла характары, таму развітанне з панам Гервасіем магло ператварыцца ў такое баляванне, пасля якога сцены і свядомасць па цаглінцы збіраюць. Тым болей пану Гервасію і Паланэйцы, па ўсім было відаць, карцела застацца сам-насам.
Неба пералівалася жаўтавата-ружовымі колерамі, як модны шлафрок, у якім выходзяць са спачывальні піць каву, і здавалася таксама нявыспаным і санлівым. Доктар, усеўшыся на каня, захінуў соннага малога сваім плашчом, як найвялікшую каштоўнасць. Малы Алесік дарогай соладка драмаў, але трэба было даць адпачыць і вершнікам, і коням. Таму прыпыніліся ля карчмы пад ганарліваю назвай «Тры цэзары». Якіх менавіта цэзараў меў на ўвазе той, хто замаўляў шыльду, незразумела, бо на кавалку бляхі была намаляваная толькі крываватая карона з перлінамі. Непадалёк блішчэла плынь ракі, і Пранціш успомніў, што дзесьці побач павінен быць пракляты млын, на якім яны столькі страхаў нацярпеліся.
У тлум і смурод карчмы заходзіць усёй кампаніяй не сталі, Лёднік выкупіў лепшага, што там мелася, прыдатнага да спажывання, і пані Саламея, усеўшыся на лавачцы пад кустом бэзу, частавала хлопчыка, які неяк адразу да яе прыхінуўся. Нешта яму напявала, усміхалася шчасліва… Пранціш не сумняваўся, што пані палюбіць малечу ўсім сэрцам. Лёднік прысеў побач з жонкай і сынам і любаваўся ідылічнай карцінай сямейнага шчасця. Пуга пана Гервасія была вельмі малой платай за гэта.
А Пранціш спрабаваў заглушыць тугу бутэлькай піва. І піва было не надта добрае — не портэр лонданскі, і туга была не з тых, якія могуць рассмактацца за адзін дзень… Не, не бачыў Пранціш у пане Гервасіі нічога такога, што рабіла б яго вартым панны Багінскай больш, чым пан Вырвіч. Толькі што — багацейшы ды нахабнейшы… Але Пранціш цяпер падхаружы драгунскай харугвы!
Ад піва прыемна круцілася галава… Вырвіч адыйшоўся да брамы, да густых кустоў язміну, якія яшчэ свяціліся вохкімі белымі зорачкамі, бо вуркатанне Лёднікаў над сваім малым лагоды душэўнай у ягоным цяперашнім стане не дадавала. Сонца пачало прыпякаць, нібыта цівун махануў над ім бізуном за нядбайную працу на панскіх палетках. Усё трэба было пачынаць спачатку — збіраць душу па кавалачках, шукаць сэнс жыцця, вяртаць здольнасць верыць і кахаць…
На падсохлай дарозе падняліся клубы пылу: неадменна ехаў вялікі атрад. Вырвіч напяўся: мала што… Час неспакойны. Можа, маскоўцы, можа, прусакі, можа, шляхецкі наезд… Але вершнікі, узброеныя, як на вайну, без мундзіраў ды іншых пазнак сваёй прыналежнасці, пад’ехалі да карчмы, хуценька перахапілі па кубку віна — і, кінуўшы карчмару жменю манетаў, рушылі далей. Не задзіраліся, не жартавалі, не спрабавалі зазірнуць пад спадніцу якой гожанькай прыслузе… Сур’ёзныя людзі, спрактыкаваныя воі, найміты на службе ў часовага пана. Пранціш стаяў у ценю язміну, сціснуўшы зялёнае горла паўпустой бутэлькі, нібыта хацеў яе задушыць… А потым кінуў у траву, нават не паспрабаваўшы дапіць. Таму што пазнаў аднаго з вершнікаў, таго, хто кіраваў атрадам. Пазнаць яго было няцяжка: здаровы, як мядзьведзь, з белымі валасамі і брывамі і бяздоннымі вачыма. Герман Ватман, найміт Багінскіх.
І Пранціш не сумняваўся, куды яны кіруюцца — у маёнтак Агалінскіх.