Выбрать главу

Малады драгун не разважаў. Ён падыйшоў як мага больш разняволенай хадой да Лёдніка і паведаміў, што мусіць вярнуцца па забытую ў Агалінскіх вельмі дарагую сэрцу рэч, а менавіта срэбны корд. Таму няхай едуць сабе ў Вільню, а ён дагоніць. А калі прыпозніцца — хай не хвалююцца. Дарослы пан, не студэнт.

— За кордам, значыць, — скептычна кінуў Лёднік, як відаць, не паверыўшы. — Захацеў усё-ткі пабаляваць з панам Гервасіем? Глядзі, панапіваецеся — не пабіцеся!

— Пастараюся! — весела вымавіў Пранціш і рушыў падалей ад шчаслівага сямейства.

Схапіў першага стрэчнага мужыка за каршэнь:

— Ці ёсць тут якая яшчэ дарога да Глінішч, карацейшая?

Мужык падумаў, пачухаў галаву:

— Хіба што вунь там, лагчавінай праехаць… Толькі па дарозе будзе балота, дзе нядаўна малы паніч утапіўся з карэтай.

Вырвіч зноў гнаў каня колеру спелага каштану, і думаў пра тое, што Паланэйка займее таго, чаго баялася… Цікава, што даручана Ватману — толькі звесці паненку, альбо зрабіць яе ўдавою? А можа, вырашана абодвух, без магнацкага бласлаўлення пашлюбаваных, зняволіць? Сястру сваю пан Багінскі, вядома, забіваць не стане — а вось у манастыр адправіць.

Дарога была — так, адно найменне, што дарога. Ледзь пазначаная, голле сцябала па твары, па плячах… А потым і праўда пачалося балота. Конь паслізваўся на гліне, у адным месцы, саступіўшы са сцежкі, праваліўся ледзь не па грудзі… А вось і месца, дзе ўтапілася карэта — тут з балоцістай сцежкай скрыжоўвалася больш шырокая, наезжаная дарога, відаць, тая самая, па якой вось-вось да маёнтка даедзе атрад пад камандай Ватмана. На скрыжаванні стаяў нядаўна пастаўлены дубовы крыж — не звычайны, прыдарожны, аброчны, а ў памяць загінулых — пад ім, на грудку чорнай зямлі, ляжалі зрэзаныя, яшчэ не прывялыя, кветкі.

Пранціш, выпацканы ў гліне і твані, з наліплай на адзенне раскай, уляцеў на двор маёнтка Агалінскіх, як памежнік за кантрабандыстам:

— Пан Гервасій! Пані Паланэя! Зараз жа з’язджайце!

Агалінскі паспеў ужо, відаць, куфаль-другі піва выжлуктаваць і атрымаць за гэта ад ласкавай жоначкі добага прачуханца. Пачуўшы, што здарылася, ён страпянуўся, як певень, які праспаў світанак:

— Ну я іх сустрэну, гіцаляў! Гарматы падрыхтаваныя, зараз людзей узброю — і…

Паланэя, якая збялела, калі прагучала імя Германа Ватмана, тузанула мужа за рукаў.

— Нагадаю васпану, што гэта не купка нападнікаў, а людзі майго ягамосці брата, генерал-маёра і стольніка літоўскага… І ён, калі што, можа сюды цэлую армію прыслаць. Васпан будзе трымаць аблогу супраць цэлага войска? Вайну ўчыніць на ўсё княства? Я не Сафія Алелькавіч, а ваша мосць — не Януш Радзівіл. Гэта раней да вас на дапамогу прыскакалі б сваякі ды сябры… Але з-за нашага шлюбу вы — адзін. Усе адвярнуліся. Едзем да карабля!

Пан Гервасій лаяўся, праўда, ціха, але праз лічаныя хвілі абодва сядзелі ў карэце — на шчасце, куфры загрузілі яшчэ ўчора. На развітанне Паланэйка пацалавала Пранціша:

— Няхай пан знойдзе сваё шчасце! І… даруе мне за ўсё. Не буду прасіць — не забывайце мяне… Наадварот — няхай іншая, лепшая, як найхутчэй выцісне ўсялякі ўспамін пра мяне. А я ніколі не забудуся на адважнасць і дабрыню пана Вырвіча.

І нешта невялікае і цяжкое сунула яму ў руку…

Калі карэта схавалася з вачэй, Вырвіч усвядоміў, што шчокі ганебна мокрыя… Ды што ж гэта — расплакаўся, як дзяўчынка! Пацягнуўся кулаком выцерці — успомніў пра заціснуты там падарунак… Крыж. Залаты крыж на ланцугу, увесь усыпаны дыяментамі, рубінамі, смарагдамі, сапфірамі… Аж вачам глядзець балюча. Каралеўскі падарунак! Ды за гэты крыж, напэўна, вёску купіць можна!

Але на душы лягчэй не стала. Пранціш уздзеў дарагую рэч на шыю, засунуў пад кашулю… Што ж, мінулы раз, калі княжна паслала Пранціша на смерць у полацкія сутарэнні, яна ўзнагародзіла Вырвіча каштоўным кінжалам персіянскай працы… Той застаўся дзесь у тамашоўскіх сутарэннях, прыўлашчаны турэмшчыкам. А калі паненка разбіла свайму рыцару сэрца — адкупілася крыжам… Ці прынясе ён яму больш удачы?

Вырвіч кіраваў каня знаёмай балоцістай сцежкай, апусціўшы галаву, чуючы толькі ўласныя цяжкія думкі… Таму на скрыжаванні не адразу заўважыў, што па вялікай дарозе набліжаюцца вершнікі. Халера! Таксама — вой знайшоўся! Варона, а не вой!

Вырвіч прыпусціў каня па сцежцы, спадзеючыся, што яго не паспелі заўважыць з гасцінца. Але калі ззаду пачуліся галёканне і стрэлы, зразумеў, што папаў, як верабей у шапку.

А разагнацца не было як — па такой дарозе гаршкі не вазіць… Пакуль Пранціш адчайна раздумваў, ці не лепей саскочыць з каня ды кінуцца ў гушчар, конь спатыкнуўся…