Выбрать главу

Хвэлька, амаль цвярозы і змэнчаны, другое вынікала з першага, страпянуўся, ягоны круглы кірпаносы твар прасвятлеў надзеяй, як поўня, з якой спаўзла сумная хмарка…

— І праўда, пан Пранціш, давайце я збегаю, паклічу пані, тут ужо недалёка, а вы ягоную мосць пана доктара папільнуеце! Во як яго разабрала — ніколі такім не бачыў… З непрывычкі, відаць. Бо ён жа звычайна і не п’е зусім, адны свае адвары… А гэта шкодна! — голас Хвэлькі зрабіўся павучальным, хаця ягоныя маленькія празрыста-шэрыя вочы ўвесьчасна скошваліся палахліва ў бок гаспадара, які бездапаможна звесіў галаву, так што шапка ледзь не звальвалася.

Гэткі непрывычны выгляд доктара надаў слузе адвагі.

— Нельга мужчыне зусім без віна ды гарэліцы… Гарэліца рабакоў забівае, і сала без гарэлкі ў жываце перасядае… — працягваў бубнець Хвэлька. — Вось ранейшы мой гаспадар, пан Адам Малахоўскі, уладуй, Божа, ягоную душаньку ў нябёснае карчомцы, адным духам мог кварту медавухі выпіць — і нічога! Нават яснавяльможага пана нашага караля, Аўгуста Саса, аднойчы перапіў, з двух кубкаў, імя якім было Іван ды Іваніха… — Хвэлька настальгічна ўздыхнуў. — Ах, пане Пранціш, а як жа пышна хавалі гасцей на могілках ля панскае сядзібы! І кожны дзень служылі ў касцёле імшу за памерлых ад панскага пачастунку! Ды за такое пахаванне можна паўжыцця аддаць. А ў вас што… Гі-гі-ена адна, цьху! Пасля добрага шляхецкага застолля госці не павінны на сваіх нагах дамоў ісці! Ганьба гэта! А самае нядобрае — не даваць сумленаму слузе свайму выпіць у гасцях ані глыточка добрага вінца…

— Язык ампутую! — раптам раўнуў Лёднік, падняўшы галаву, і слуга спалохана віскнуў:

— Дык, можа, я за пані Саламеяй?..

Імя Саламеі падзейнічала на доктара, як гарнец расолу. Ён зноў вылаяўся па-замежнаму, на гэты раз на старагрэцкай, злосна зірнуў цёмнымі пакутнымі вачыма на Хвэльку і моўчкі пабрыў далей… Пранціш, узбадзёраны тым, што нарэшце выявіўся ў нечым больш спрактыкаваным, чым Лёднік — праўда, доктара на гетманаўскіх хаўтурах спойвала куды болей шаноўных гасцей, чым пана Вырвіча — памкнуўся падтрымаць прафесара. Але гэткі высакародны намер, на жаль, не меў вынікаў, бо Пранціша пахіснула так, што ён на хвілю пераблытаў, дзе брукаванка, дзе плот, дзе зорнае неба, і толькі нечакана цвёрдая рука былога слугі ўтрымала яго ад абдымкаў з мокрымі камянямі. Лёднік, нават у такім стане, працягваў бараніць колішняга гаспадара. У выніку абодва ўкленчылі на віленскіх каціных ілбах перад шкяным богам, прызнаючы ягоную перамогу.

— Тры лекцыі! У мяне заўтра тры лекцыі! І кан… кан… суль…тацыя п-пячонкі!

— Да кульгавай свінні твае лекцыі, Бутрым! І пячонка таксама…

Дзесьці далёка пачуліся стрэлы і п’яныя выкрыкі.

— Вечная памяць слаўнаму гетману!

Мудрая пані Саламея не сказала ні слова. Перадаверыўшы Пранціша клопатам не дужа задаволенага такім гонарам Хвэлькі, павалакла мужа ў спачывальню. Адвараў дзеля такога выпадку было ўжо наварана два збаны.

Раніца была цяжкой. Прыблізна як гарматнае ядро. Прынамсі, калі б над вухам Пранціша стрэліла гармата, гуду ў вушах не магло быць болей.

— На, пі…

Нечая рука паднесла да вуснаў студыёзуса жалезны кубак з гарачым вохкім адварам. Пранціш нават вочы як след не разляпіў… Адвар патрапіў у горла, сухое, як пустыня, дзе сорак гадоў блукаў Майсей са сваім народам, і ажывіў гэтую бясплодную пустку… Вочы нарэшце расплюшчыліся… Ну так, перад студыёзусам узвышаўся прафесар Лёднік, суровы, як скала, з якой толькі Майсей і мог выбіць жазлом ваду… Нягледзячы на вогненных конікаў, што скакалі ў вачох, Пранціш хіхікнуў: сітуацыя да болю нагадвала раніцу трохгадовай даўніны, калі Вырвіч зухавата напіўся такайскага віна ў прыдарожнай карчме пад гучным назовам «Рым», і толькі што набыты слуга — гэта самы доктар — падаваў яму падобны адвар з такім самым кіслым выразам твару…

— Лекцыі адмянілі… —прабурчэў Лёднік, якому, па логіцы, павінна было быць зараз, як снапу на таку пасля добрай апрацоўкі цапамі, і аніяк не да лекцый. — Жалоба па ўсім горадзе.

Пранціш з уздыхам палёгкі паваліўся назад на падушку і зараз жа застагнаў ад галаўнога болю. Памяць вярталася ўрыўкамі, адкручваючыся назад, як ланцуг на калодзежным вораце. Вось яны вяртаюцца дадому, абабіваючы куты ды абціраючы брукаванку, вось у палацы Радзівілаў уздымаецца кубак за кубкам у памяць памерлага вялікага гетмана, нехта гарлае: «Падліце яшчэ шаноўнаму пану Лёдніку!». Вось на чырвоным твары спадчынніка, Караля Станіслава, ашклянела блішчаць вочы, і малады князь у сваім улюбёным белым жупане, успадчыненным ад продкаў і заплямленым намаганнямі тых продкаў ды самога Караля ва ўсе колеры, у чарговы раз валіцца пад стол, яго падхопліваюць шматлікія рукі прыліпалаў, адзін з іх крадма сцягвае з пальца сюзерэна сыкгнет… Вось Пранціш з Лёднікам пад’язджаюць да палацу… Выходзяць з універсітэту… Вось замыкаецца пакой, у якім застаецца лялька з шэрымі вачыма…