Выбрать главу

— Нічога ты не зробіш, доктар, — пагардліва прагаварыў Ватман. — Ні ты, майстар вучоны, ні рамантычныя хлопчыкі, як твой вучань, ні гэтыя мужыкі. Вы — або інструменты, якім дазваляюць мець трошкі клёку, ці проста быдла, якое ганяюць пугай. Па мне, дык лепей трымаць пугу ў руцэ.

— Ты ўпускаеш адну важную дэталь, Герман, — са стрыманым гневам прагаварыў сын полацкага гарбара. — Пугай можна пагнаць у храм ці на вайну… Але не прымусіш шчыра маліцца альбо стаць героем. Можаш згвалціць жанчыну — але не прымусіш яе пакахаць. У кожнага павінна быць тое, у што ён верыць і за што не збаіцца паміраць. Што ў цябе такога ёсць, а? Замак у чужой краіне, напханы нарабаваным дабром? У мяне — мая каханая, мой сын, мой вучань, мой Полацак…

— Пафасам не захлыніся, прафесар, — кінуў раззлаваны найміт. — Прамаўляеш, як героі старажытнагрэцкіх трагедый. Зараз я цябе проста заб’ю. І праз трыста гадоў ніхто не ўспомніць доктара Баўтрамея Лёдніка з усімі яго подзьвігамі. А пра паноў Багінскіх, Сапег, Радзівілаў, Панятоўскіх ды іншых уладароў — будуць чытаць і пісаць у кнігах. Якімі б пры жыцці паскуднымі, здрадлівымі, жорсткімі яны ні былі. Гісторыя — рэч несправядлівая! І калі не прызначана тваёй радзіме быць — яна знікне, расчыніцца ў іншых краінах, як дзясяткі і сотні да яе дзяржаў, княстваў, герцагстваў…

— Яна не знікне ніколі, таму што заўсёды будуць нараджацца такія, як мы! — сказаў Бутрым, глыбока ўздыхнуў — як заўсёды рабіў, калі праганяў злосць, нервовасць, стому — і гледачы атрымалі задавальненне…

Праціўнікам было больш не да слоў. Яны ўжывалі ўсе свае ўменні напоўніцу. Не для форсу, а каб забіць і не быць забітым. Сонца паволі знікала за лесам, цені раслі, быццам набліжаліся цікаўныя здані. У двары маёнтка Агалінскіх зрабілася шумна — бо гледачы захапляльнай бойкі раўлі, падбадзёрвалі дуэлянтаў, лаяліся… Карацей, нічым не адрозніваліся ад натоўпу ў Дракошчыне, Тамашове, Лондане ці Вільні, якому паказваюць відовішча з крывёй і смяротным завяршэннем… А завяршэнне мусіла быць хутка. Бо абодва дуэлянты стаміліся, пот і кроў залівалі вочы. Нарэшце Ватман зароў, як мядзведзь, і так махнуў шабляй вакол сябе, перакруціўшыся, як ваўчок, што доктару, каб пазбегнуць удару, давялося кульнуцца на зямлю. Зараз жа у тое месца, дзе ён упаў, уторкнулася шабля. Доктар круціўся па стаптанай траве, як вужака, ледзь паспяваючы ўхіляцца ды лежачы адбіваць удары, Ватман з хэканнем сек шабляй, не даючы ворагу падняцца… Вырвіч бегаў туды — сюды, спрабуючы ўсачыць за кожным рухам бойкі…

— Маёй будзе баба! — раўнуў Ватман і з сілай уторкнуў шаблю ў Лёдніка.

Падняў — на лязе цямнела кроў. У Пранціша ажно сэрца спынілася… А Лёднік на імгненне замёр, і раптам выгнуўся, як спружына, неверагодным намаганнем паслаў знясіленае цела наперад — і Ватман застыў, заціскаючы рукамі рану ў грудзях, у белых вачах яго было шчырае здзіўленне:

— Табе б… доктар… у балагане выступаць…

На вуснах найміта паказалася крывавая пена. Гігант зноў падняў шаблю, зрабіў крок да ворага, але захістаўся і паваліўся, як слуп. Вырвічу падалося, што зямля задрыжэла.

Лёднік упаў на калені, абапершыся рукамі, і спрабаваў аддыхацца. Пранціш падбег да свайго прафесара:

— Бутрым, ты цэлы? Куды ён цябе параніў?

Лёднік ажно не мог гаварыць… Яшчэ б — каб паглядзець на такі паядынак, лонданскія знаўцы аддалі б горы золата! Нехта падаў конаўку з вадой. Прафесар, захлынаючыся, адпіў, аддыхаўся, падняў галаву…

— Саклета?

Невысокая жанчына ў намітцы шчасліва ўсміхалася:

— Пан доктар! Я, як толькі даведалася, што вы ў бядзе і на дапамогу клічаце, адразу свайго мужа адправіла. І братоў ягоных… І бацька мой вунь там, з канём, за дрэвамі.

Лёднік, пахістваючыся, узняўся: кашуля на баку набрыняла крывёй, падобна, там слізганула наастачу шабля Ватмана.

— Дазвольце, я вам раны прамыю… Я лекі ўзяла! Як вы тады вучылі, зроблена! З крываўнікам, з драўляным алеем… І хлеб з плесняй — як жа без яго?

Доктар абцёр рукой твар.

— Значыць, ты замуж выйшла?

— Так! — шчасліва ўсміхнулася Саклета. — Пан Гервасій пасаг прыслаў… А Антось мой харошы, з дзяцінства мяне шкадаваў… Толькі раней, як у мяне нараст на твары быў, сваякі не дазволілі б яму са мной ажаніцца. Цяпер майму бацьку дапамагае на млыне. Усё дзякуючы вам, пан Баўтрамей! Павек мне не расплаціцца!

Ад сонца застаўся толькі барвовы пасак над лесам. Баўтрамей, перавязаны, апрануты, фанабэрысты, стамлёна-змрочна зірнуў на Пранціша:

— Ну што, паехалі, рыцар? Пераначуем на млыне, вунь як запрашаюць. Хопіць, нагасцяваліся ў паноў Агалінскіх… Узяліся ж яны на нашу галаву… Рамэа ды Юлія мясцовага разліву… А лоб за іх падстаўляць чамусьці нам. А я стары ўжо для такой гімнастыкі.