Выбрать главу

На двары забрахаў руды Піфагор — весела, прыветна. Нешта забубнеў таксама прывітальнае Хвелька… Значыць, вярнуўся гаспадар.

Лёднік стамлёна зайшоў у пакой, зняў капялюш, паставіў доктарскую сваю валізу, сеў на канапу, правёў рукой па худым дзюбаносым твары.

— Цяжкая аперацыя была… Ледзь адратаваў пацыента. Жоўць разлілася ў брушыну… А вопытных асістэнтаў бракуе, — гэта ён дакорліва адрасаваў Вырвічу, які адрынуў медыцыну дзеля вайсковай справы.

Пранціш, аднак, віны не адчуваў ні на каліва — пан Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр, нашчадак Палямона — шляхціц, рыцар, вой!

Малы Алесь радасна падбег да бацькі, забраўся на калені. Лёднік пацалаваў малога ў лоб і адкінуўся на спінку канапы, заплюшчыў вочы, прыціскаючы да сябе сына і чуючы пахі вячэры — пані Саламея хуценька накрывала на стол…

Ніхто не ведаў, колькі лёс дазволіць доўжыцца такім ціхім вечарам, напоўненым сямейным шчасцем, таму яны і былі асабліва дарагія сэрцу.

На вуліцы пачуліся стрэлы і крыкі… Лёднік нат не зварухнуўся, не адплюшчыў вачэй, адно па твары ягоным прабег цень. Вырвіч ускочыў, зазірнуў у вакно:

— Што там робіцца? Бутрым, ведаеш што-небудзь?

Лёднік цяжка ўздыхнуў і неахвотна адказаў:

— У саборы людзі Станіслава Панятоўскага пачалі страляць па радзівілаўскіх… Ну і… зноў сеча. Відаць, хутка прыбягуць прасіць камусьці з паноў выпушчаныя вантробы ўправіць на месца.

Пранціш замітусіўся, схапіў шапку, шаблю. Пані Саламея трывожна глядзела на яго.

Лёднік толькі сумна папытаўся:

— За каго біцца будзеш, драгун?

Пранціш трохі задумаўся, потым усміхнуўся, расправіў плечы:

— Не бойся, у дурную зваду не палезу. Але што ж я за шляхціц, калі стану хавацца ад боек у цяжкія для радзімы часы? За каго біцца? Ясная рэч, за волю, за Бацькаўшчыну! Ну, бывайце!

Пранціш выбег на двор, хутка па бруку застукалі капыты ягонага каня…

— Як думаеш, ён не патрапіць у бяду? — папыталася Саламея.

Лёднік толькі паціснуў плячыма.

— Калі залева, не вымакнуць немагчыма. Невядома, куды нас віры палітычныя занясуць. Будзем маліцца, Залфейка, ды чакаць. Калі ў чалавека ёсць годнасць ды любоў да радзімы — ён не стане трэскай на чужых хвалях. Не прападзе і ягоная мосць пан Пранціш Вырвіч.

Над Вільняй зазванілі званы, паплылі аблокі, заплакалі анёлы… Сонца прабілася скрозь хмары, як вогненны меч.

І не было іншага часу і іншага месца для тых, хто быў прызначаны жыць, кахаць і змагацца тут, дзе жыве Беларусь.

2012