Выбрать главу

— Пандора! — Пранціш забыўся на галаўны боль і ўскінуўся на ложку. — Бутрым, пайшлі ляльку дапраўляць!

Лёднік пацёр лоб, які, відаць, усё ж трашчэў неміласэрна.

— Ad res portandas asini vicitantur ad aulam.[1] Паснедаем, ачомаемся, прыму пісара з хворай пячонкай, тады можна будзе і аўтаматам заняцца.

Пранціш устаў на нядужыя пасля ўчорашняга ногі, нецярпліва ўздыхнуў. Зануда ўсё-ткі гэты доктар.

— Снедаць паны будуць, ці абмяжуюцца расолам? — з лёгкай насмешкай прагучэў голас гаспадыні, якая нячутна зайшла ў пакой.

Пранціш усміхнуўся: калі глядзіш на пані Саламею, якая ветла ўсміхаецца, аўтаматам бяздушным трэба быць, каб не адказаць тым жа. У пані ямінка ўтваралася чамусьці толькі на левай шчацэ… І гаспадар дому, калі не было старонніх, гэтую ямінку зараз жа імкнуўся пацалаваць. Сёння, падобна, яму было не да таго. Дзіва яшчэ, што фанабэрыцца, як звычайна. Лекцыяў непрачытаных шкадуе. Ды страшна ўявіць, як бы ён сёння на тых лекцыях студэнтаў цвічыў!

Пані Саламея апранутая была ў сціплую брунатную сукенку, бліскучыя чорныя валасы схаваныя пад белы каптур, танклявая рука сціскала ружанец. Пранціш ведаў, што больш за ўсё на свеце пані марыць падарыць мужу дзіця, але Бог не дае… І пані бясконца моліцца аб такой літасці. Вось і сёння, відаць, паспела ўжо злётаць у Свята-Духаву царкву.

Дзесьці на ратушы гадзіннік прабіў полудзень. Нічога сабе заспаўся студыёзус! У прафесарскім доме зараз жа азваўся напольны гадзіннік з чорнага дрэва, які стаяў у сталоўні — прыстойны строгі гадзіннік без усялякіх упрыгажэнняў ды забавак, без штучных салавейкаў, нетутэйшых краявідаў у эмаляваным вакенцы, танцуючых фігурак. Гэты гадзіннік, як і гаспадар, быў строгі і ўпарты: дванаццаць гадзінаў полудня — і ўсё, маеце навуковы факт.

Але, як і гаспадар, ён хаваў у сабе шмат таямніцаў — бо час таямніца найвялікшая, ідэя, субстанцыя, пустэча, інтэнцыя, уяўная велічыня, лік руху і рух вечнасці, тое Нешта, якое нельга ўсвядоміць, але страшэнна хочацца закілзаць. Прынамсі, Пранцішу вельмі хацелася трошкі абагнаць яго ды зазірнуць у тую светлую будучыню, дзе ён, з гетманскай булавою ў адной руцэ, другой рукой абдымае чароўную паненку Паланэю Багінскую ў сляпуча-белай сукенцы, расшытай сапраўднымі дыяментамі! І глядзіць Паланея на яго так, як… як пані Саламея на дзюбаносага пахмурага Лёдніка, калі той не бачыць.

Пранцысь не перастаў уяўляць свае будучыя подзвігі, нават калі за стол усеўся, ад салодкіх карцінаў ледзь лыжку ў крупнік не ўпусціў, чаму і злавіў строгі позірк Лёдніка з другога канца стала. Эх, дзе тыя часы, калі слаўны шляхціц Вырвіч мог свайго бяспраўнага слугу Лёдніка, што аддаў сябе ў пажыццёвае рабства за даўгі, адным поглядам змусіць маўчаць, меў права яго на калені паставіць і нават галаву бязродную за абразу адсячы… Не тое каб Пранціш жадаў для свайго настаўніка рабскае долі, але захаваць трохі ўлады над гэтым Фаўстам не пашкодзіла б.

Вырвіч тужліва ўтаропіўся на карціну ў цяжкой пазалачонай рамцы, якая ўпрыгожвала сталоўню: на ёй шаноўны філосаф Арыстоцель, худы старэча з доўгімі сівымі кудзерамі і барадой, паважна прыклаўшы руку да ілба, займаўся мудраваннем на фоне мармуровых калонаў, абвітых вінаградам і ўюнкамі. Карціну Лёдніку падарыў адзін з пацыентаў, малявальшчык, выпісаны з Італіі дзеля роспісаў у касцёле. Доктар спрытна ўправіў худзенькаму, калматаму, як чорны баранчык, італійцу на месца локцевы сустаў, пашкоджаны падчас падзення з рыштаванняў, заадно падлячыў ягоныя хворыя лёгкія. І вось вам — Арыстоцель… Калі прыгледзецца, дык старажытны грэк меў пэўнае падабенства з прафесарам. Прынамсі, у старасці апошні мог бы выглядаць неяк так… Пранціш ледзь стрымаў смех, уявіўшы Лёдніка з даўжэзнай сівой барадой, у сандалях і белым прасцірадле…

— Рубцы з анісам, як ты любіш, — прамовіла гаспадыня да прафесара, асцярожна ставячы на стол цяжкую місу.

Пах быў такі спакусны, што Пранціш, які, сядаючы за стол, быў упэўнены, што пару лыжак крупніка — гэта ўсё, што можа гэтым ранкам прыняць ягоны няшчасны страўнік, мімаволі аблізнуўся.

Але не лёс быў студыёзузу атрымаць насалоду ад смакоцця, падрыхтаванага Саламеяй Лёднік. На вуліцы адчайна забрахаў руды Піфагор, у браму настойліва пастукалі, пачуўся тонкі спалоханы голас Хвелькі…

вернуться

1

Аслоў клічуць на двор для перавозкі цяжару (лац.).