Выбрать главу

Што азначала — у сутарэнні. Выпрасіў там Лёднік у рэктара куток дзеля рызыкоўных доследаў, у дадатак да афіцыйнай лабараторыі. Ключ ад тых апартаментаў меўся толькі ў прафесара, а бывалі туды дапушчанымі некалькі давераных вучняў, што цвёрда вырашылі стаць медыкамі, ды, вядома, Вырвіч. Праз падземны ход, які цягнуўся ажно да каралеўскіх стайняў, зручна было прыносіць трупы для доследаў. Пранціш падазраваў, што лабараторыю перыядычна абшукваюць езуіты — нельга ж дапусціць да непапраўнага блюзнерства, але Лёднік алхіміяй больш не займаўся, золата не варыў, духаў не выклікаў. А ўскрываць трупы ў еўрапейскіх універсітэтах даўно не было забароненым — наадварот, гэта рабілі ў анатамічных тэатрах, перад сотнямі вачэй, апошнім часам сталася модным прыводзіць туды тытулаваных дам, якія павісквалі на галерэі і прыгожа трацілі прытомнасць у абдоймах сваіх спадарожнікаў. Смерць пераставала быць таемствам, робячыся балаганным відовішчам. У любой кніжнай лаўцы прадаваліся падрабязныя анатамічныя атласы, у любой аптэцы Італіі, Францыі, Швейцарыі выраблялі расфарбаваныя васковыя муляжы ўскрытага цела. Але тут, у Вільні, нават загадчык кафедры мог дазволіць сабе падобныя практыкаванні толькі ў сутарэннях.

Цяпер туды адправіцца і васковая лялька.

Лёднік, які ніяк не мог змусіць сябе адарвацца ад «прэцэдэнту», корпаўся ў вантробах аўтамату так аддана, нібыта яго маглі кожнае імгненне вырваць з ягоных алхімічных рук. Вырвічу аж надакучыла. Нарэшце прафесар, задаволены, бы кот, які нарэшце дабраўся да гаспадарскай каўбасы і цішком прыгаварыў яе, стамлёна выцер спацелы лоб і абвесціў, што прынцып дзеяння ён у агульных рысах усвядоміў.

— І вось яшчэ якая дзіўнота: той механізм, які адказвае за з’яўленне малюнка — ён невялікі, з мноства драбнюткіх дэталек, — выглядае старэйшым за астатнія часткі аўтамату, падобна, яго ўбудавалі ў ляльку, зробленую значна пазней за яго. На якую халеру вялікі гетман гэты аўтамат набываў? І чаму менавіта мне адпісаў?

Лёднік пацёр мнагамудры свой лоб, стамлёны ад думання, насунуў глыбей капялюш і ледзь на развітанне не пажадаў ляльцы дабранач.

Перад тым, як выйсці з пакою, Пранціш затрымаўся, падыйшоў да Пандоры, хуценька расшпіліў на яе спіне сукенку, сунуў руку ў механізм і, пакуль не бачыў Лёднік, спрытна выкруціў тую дэтальку, якую яны з прафесарам вынайшлі, разам з нейкім шпіндзялёчкам. Так, на ўсялякі выпадак. Лялька — уласнасць прафесара, значыць, не павінна слугаваць іншым!

Раздзел трэці

СТРАШНАЯ ТАЯМНІЦА ЛЁДНІКА

Чалавек, які гаворыць проста і зразумела, можа, вядома, падацца разумным і нат мудрым, як старажытны грэк Сакрат. Хаця спадар, які пакорліва прымае на палыселую галаву памыі, выплюхнутыя жоначкай з глінянай місы, — а менавіта такое здаралася з панам Сакратам, — наўрад можа назвацца мудрым. Іначай альбо міса ў яго доме была б залатая, і справу з памыямі мела прыслуга, а не гаспадыня, альбо кабета дзесяць разоў падумала б аб наступствах, якія мудры чалавек можа зарганізаваць, нат не пералічваючы крыўдзіцелю зубы.

Не, наймудры чалавек — гэта той, у каго з дзесяці словаў зразумее прасцец дай Бог каб два. І абавязкова ўся прамова перасыпана лацінай, як сала — кменам. А калі прамоўца яшчэ і выгляд мае фанабэрысты ды пагрозны, на галаве — акуратны белы парык, на плячах — аксамітную мантыю, а на грудзях паблісквае залаты доктарскі ланцуг — усё, мудрасць тут пераліваецца цераз край, і аніяк не можа змясціцца ў нетрывалыя сасуды студэнцкае свядомасці, занятай няскончанай на перапынку гульнёй у косткі. От яшчэ б раз кінуць, дакладна б Венера выпала!

— Вырвіч! Пра што я толькі што распавядаў?

Русявы студыёзус глядзеў сумленна-сумленна, аж хацелася яму адразу дыплом выдаць і каленам пад азадак накірунак з акадэміі надаць, бо дастане, падшыванец, усіх прафесароў да пячонкі, пакуль давучыцца.

Эх, сыйшоў аднойчы харобры шляхціц Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр са слаўнага шляху сармацкага рыцарства — заміж таго, каб галовы ворагам шастапёрам прабіваць, штудзіруе Платона ды Блажэннага Аўгустына, і вось вынік — трэба пасля лекцый, калі ўсе сумленныя студыёзусы расцякаюцца ўбакі ад Акадэміі, як воды Чэрмнага мора падчас бегства габрэяў з Ягіпту, валачыся ў сутарэнні да шкоднага пана Лёдніка. А між тым астрагалы — косткі для гульні — проста пякуць скрозь кішэню, так хочацца іх пусціць у справу… А цяпер, калі не ўратуе святы Франтасій, зноў давядзецца ўскрываць дыяфрагму чарговага трупа, здабытага ў турэмнай ці бальнічнай трупярні, ды пералічваць услых лацінскія назовы цягліцаў ды костак — Лёднік узяў сабе аднойчы ў галаву, што з цягам часу зможа зрабіць Вырвіча сваім пераемнікам і ў медычнай справе.