Штопраўда, у каміне вельмі зручна паліць нязграбныя вершыкі, якімі Пранціш пачаў употай займацца, начытаўшыся Яна Вісліцкага ды куртуазных французскіх паэтаў. Кінуў скамечаную паперыну цішком у пашчу чырвонага цмока — і ўсё… Ніхто не абсмяе.
За вокнамі пачуўся грукат экіпажу, запрэжанага некалькімі коньмі. Піфагор рудым ценем шыбануў у сенцы і запоўніў іх звонкім брэхам. Экіпаж спыніўся перад домам Лёднікаў, фурман прыкрыкнуў на коняў, потым у браму застукалі.
— Ці дома пан доктар?
Зараз жа залапатаў нешта Хвэлька, які перастрэў гасцей, потым сунуўся ў пакой, папытацца гаспадароў, ці можна ўпусціць пасланца ад пацыента — багатага пацыента, як можна было меркаваць па пачцівых нотках у голасе Хвелькі.
Што ж, нечаканыя наведнікі — нават у такі позні час — у доме лекара не навіна. Колькі разоў Лёднік сярод ночы збіраў валізку і адпраўляўся ратаваць чыюсьці грэшную душу, не забыўшы памаліцца перад адыходам святому Панцеляймону-ацаляльніку, свайму старажытнаму калегу, якога ганьбілі за тое, што лячыў бясплатна і цану іншым дактарам збіваў. Піфагор сумленна адпрацоўваў свой сабачы доўг, зацята брэшучы на дзверы… А ў іх увайшоў каржакаваты дужы мужык гадоў за сорак, камечучы ў руках шапку з мярлушкі — па вопратцы слуга з багатага дому. Звычайны такі мужык, упарты, хітраваты, не надта гнуткага розуму, са светлымі невыразнымі вачыма, якія зараз глядзелі на Баўтрамея Лёдніка з насцярожанасцю і — неверагодна — нейкай насмешкай, так і мералі пана прафесара ва ўвесь немалы рост.
— Пан… Лёднік, я ад яе мосці пані Галены Агалінскай з найвялікшай просьбай.
Паклон госця быў дастаткова нізкі, але з імгненнем няветлівага прамаруджвання, што іншы, можа, і не заўважыў бы, але Пранціш, сын збяднелага дашчэнту шляхціца-шарачка, звык бараніць свой шляхецкі гонар і ў родным Падняводдзі, і ў Менскім езуіцкім калегіюме, і навучыўся прыкмячаць найменшыя праявы непавагі.
А Лёднік паводзіў сябе таксама дзіўна. Той, хто добра яго ведае, здагадаўся б, што доктар узрушаны. Ён стаяў перад госцем з ганарыста закінутай галавой, але на худых шчоках гарэлі плямы, а глыбокі нізкі голас ледзь заўважна дрыжэў.
— Чым магу дапамагчы яе мосці пані Галене?
Госць яшчэ раз акінуў ацэньваючым позіркам постаць прафесара, нібыта правяраў, як захаваўся за зіму летні вазок.
— Яе мосць разам з мужам і шваграм прыехала на хаўтуры па яснавяльможным вялікім гетмане князе Радзівіле, — патлумачыў мужык. — Пан Агалінскі з братам цяпер у палацы за хаўтурным сталом. А паніч Алесь Агалінскі, малодшы сынок, зусім расхварэўся. А ён і так кволы, ад нараджэння. Немавем чаго пойдзе ўвесь у болькі ды млее. Вось пані і паслала мяне па цябе… па вас, пан доктар.
І зноў ледзь прыхаваная насмешка, і паклон для адчэпнага… Доктар задумліва прагаварыў:
— Значыць, у тваіх гаспадароў нарадзіўся яшчэ адзін сын… Спадзяюся, роды не пашкодзілі здароўю пані. Што ж, для мяне гонар дапамагчы пані Галене.
— Пані дужа прасіла цябе… вас не марудзіць. Карэта чакае ля дому, доктар.
Госць скончыў абшарваць вачыма прафесарскі дом і кінуў позірк на пані Саламею, вядома, позірк адразу стаўся дужа зацікаўленым… Пранціш не сцярпеў, выскачыў наперад і штурхануў нахабу ў грудзі.
— Ах ты, хамуйла! Ты як са шляхціцам размаўляеш? Пасяку шабляй на салому!
Твар мужыка адразу змяніўся і набыў вінавата-ліслівы выраз, слуга бордзенька ўпаў на калені, шчыра пацалаваў руку Вырвіча, потым ягоны чаравік, пачаў прасіцца…
На плячо Пранціша лягла цяжкая рука Лёдніка, той прагаварыў глуха, як быццам яму балела.
— Не дакарай гэтага чалавека, пан Вырвіч. Не так лёгка кланяцца таму, каго цэлы год лупіў бізуном. Праўда, Базыль?
Невыразныя светлыя вочы мужыка зіркнулі спадылба на прафесара.
— Што ягоная мосць Цыпрыян Агалінскі, мой пан, мне загадваў, тое я і рабіў.
Вось яно як! Пранціш сустрэўся позіркам з Саламеяй. У той задрыжэлі вусны. Што ж, мінулае даганяе нават тых, хто ўзрывае за сабой паветраныя замкі. Да таго, як патрапіць у рукі Пранціша, знаны алхімік Лёднік стаў уласнасцю пана Агалінскага, свайго крэдытора, з якім не змог расплаціцца. Пра тое, што было з Лёднікам у маёнтку Агалінскіх, той ніколі не расказваў, і ўвогуле тэмы не любіў. Але ясна, што папеклаваўся там сённяшні прафесар парадкам. Сам пан Цыпрыян Агалінскі, які прадаў Лёдніка па дарозе на Валожын першаму стрэчнаму, выкінуўшы з карэты проста ў брудную лужыну і параіўшы выхоўваць яго калацінай, сімпатый у Пранціша, тадышняга шкаляра, не выклікаў. Таўсманы, злосны, чырванаморды… Стан ціхага адчаю, у якім тады знаходзіўся Лёднік, і шнары на ягоным целе таксама сведчылі шмат пра што. Вось і тлумачэнне… Калі ў Пранцішы, нягледзячы на маладыя гады, Базыль без ваганняў прызнаў вышэйшага за сябе, вяльможнага пана, то доктару і цяпер не супраць быў бы па-свойску пералічыць рэбры.