Выбрать главу

Вогнікі скакалі ў каміне, нібыта гледачы ў балагане радаваліся незвычайнаму спектаклю, у якім нехта з герояў павінен памерці гвалтоўнай і ганебнай смерцю.

— Ідзі, Базыль, да карэты, і чакай мяне. Я зараз збяруся, — прагаварыў Лёднік сваім звычайным фанабэрыстым тонам і імкліва пайшоў у кабінет.

Пранціш дагнаў яго, затрымаў за рукаў:

— Бутрым, што з табой? Няўжо паслухмяна пойдзеш слугаваць тым, хто цябе ў раба ператварыў?

Піфагор прыхінуўся рудым бокам да Пранцішавай нагі, патрабуючы, каб пагладзілі — знайшоў час, дурная жывёлінка.

— Там пакутуе маленькі хлопчык… — ціха прагаварыла Саламея. — Усё іншае — лухта…

Лёднік з удзячнасцю пацалаваў жонку ў шчаку.

— Дзякую, дарагая… І яшчэ… Я вам не расказваў, — голас прафесара стаў зусім ціхі. — Пані Галена мне жыццё выратавала. Каб не яна — наўрад я дацягнуў бы да спаткання з панам Вырвічам.

І зайшоў у кабінет, застукаў там інструментамі і бутэлечкамі, збіраючы свой прафесійны сакваяж. Потым пачуліся словы малітвы. Саламея наблізілася да Пранціша:

— Пан Вырвіч, калі ласка… Я баюся адпускаць яго аднаго… Не маглі б вы?..

Пранцішу не трэба былі нічога тлумачыць і прасіць. Ён моўчкі ўздзеў шапку і ўзяў шаблю з выгравіраваным на дзяржальне гербам «Гіпацэнтаўр». Цяпер Вырвіч — не якісьці шкаляр, ён і сябе абароніць, і свайго настаўніка! Хоча той ці не…

Рэдкія ліхтары ператваралі мокрую брукаванку ў засланы месяцовым дываном казачны шлях, камяніцы застылі, нібыта зачараваныя волаты, з гары Гэдыміна спаўзаў прывідны туман. Пранціш сядзеў у карэце насупраць доктара, апранутага ў нямецкі строй, глядзеў на ягоны профіль — бо прафесар моўчкі ўтаропіўся ў вакно — і здагадваўся, што за вар’яцкая карусель з невясёлых успамінаў зараз творыцца ў прафесарскай галаве. Хоць ты зноў ідзі за Крыжовую гару на магілу Кашпара Бекеша, які загадаў напісаць на помніку, што ні ў ва што не верыць. Пры сузіранні гэтай магілы Лёдніка заўсёды прабівала на натхнёную лекцыю пра вечную надзею і выратавальны шлях душы праз пакуты.

Маўчанне, што назапасілася ў карэце за ўвесь час падарожжа, было такім густым, што прымусіла б знямець цэлы сойм. Колы пагруквалі і парыпвалі, нібыта скардзіліся на холад, восень і дождж…

Дом, дзе спыніліся Агалінскія, не быў надта шыкоўным — шляхта, што панаехала з Княства ды Каралеўства, пазаймала ўсе прыстойныя будынкі, так што каму ўжо які дастаўся. Святло ліхтара адбівалася на мокрай чарапіцы даху. Можна было разгледзець толькі ганак з двумя драўлянымі калонамі і вокны з сапраўднага шкла, за якімі свяціліся цьмяныя агеньчыкі свечак. Адзін з агеньчыкаў плыў у бок дзвярэй — гасцей чакалі…

— Сюды, пан доктар! — прыслуга ў белым каптуры і белым фартушку, якой ні была б устрывожанай, кінула прагна-цікаўны пагляд на Лёдніка. Вырвіч зразумеў, што таксама бачыла яго ў іншым становішчы.

У вітальні доктар сурова запатрабаваў вады — вымыць рукі перад тым, як ісці да пацыента, потым акуратна выцер чыстым ільняным рушніком кожны палец асобна, вільготны рушнік няўважна кінуў на рукі прыслузе… За ягонымі дзеяннямі назіралі, як за чорнамагічным рытуалам, пасля якога ва ўсіх рогі вырастуць. Ну і рэпутацыя тут у алхіміка была! Пасля візітаў асоб з такой рэпутацыяй ліхаманкава шукаюць у хаце падкінуты «расскепены жолуд» альбо завязаную вузлом анучку. Прафесар пагардліва падціснуў вусны, закінуў галаву і рушыў наперад, шабля паблісквала пры ягоным левым баку. Вырвіч таксама прыняў самы свой фанабэрысты выгляд і дэманстратыўна паклаў руку на дзяржальна шаблі, увесь такі слічны ды палітычны, гатовы ўвобмірг пакараць за найменшую непачцівасць.

Пакояў аказалася нечакана шмат, лямпа ў руках прыслугі плыла па цёмным калідоры, як нечая светлая душа, якая са шкадобы вырашыла праводзіць неафіта праз падземнае царства. Адчувалася, што дом здымны — праз расчыненыя дзверы пакояў бачылася, што мэблі малавата, партрэтаў дык зусім няма, акрамя тоўстай фізіяноміі Аўгуста Саса ў залачанай рамцы. Але, падобна, цяперашнія гаспадары прывезлі з сабою тое-сёе для ўтульнасці — там стаялі шырмы кітайскага шоўку, тут пабліскваў на століку срэбны сервіз… Нарэшце расчыніліся апошнія дзверы, і перад гасцямі апынулася гаспадыня.