— Пані Саламея! Пан Лёднік! Гэта я, Пранціш! Можна ў вас пераначаваць? Я ключ ад свайго пакою згубіў, не магу патрапіць у канвент… І нагу падвярнуў…
І пачуць, як пад буркатлівыя праклёны гаспадара і супакойлівыя рэплікі гаспадыні бразгаюць замкі, прыадчыняюцца дзверы, і нырнуць у выратавальнае цяпло сяброўскае хаты, дзе заўсёды дзеля няшчаснага студыёзуса Вырвіча ёсць вольны тапчанчык, і схавацца з галавой пад пуховую коўдру, забыўшыся на радзімку панны Агнешкі, начную вазу ейнай цёткі і на тое, што заўтра зранку — заняткі па рыторыцы, да якіх Пранціш падрыхтаваўся не лепей, чым індык да заплыву ў Вяллі. А каб сон быў саладзейшы, уявіць адну высакародную паненку, з гарэзнымі вачыма і ўсмешлівымі вуснамі, з фанабэрыстым імем Паланэя, якая зараз, магчыма, таньчыць на балі ў Варшаве — бо балі там могуць гудзець і да раніцы, і не хапае сярод палкіх кавалераў пана Пранціша Вырвіча гербу Гіпацэнтаўр. Але надыдзе, надыдзе час, калі загарыцца зорка пана яскрава, як камяні на гетманскай булаве, і Фартуна і ўласная адвага падораць яму тытул і славу, вартыя ўвагі князёўны са славутага роду Багінскіх.
Вільня працінала неба цёмнымі шпілямі храмаў, і празрыстая халодная кроў усё крапала і крапала на чарапічныя ды гонтавыя дахі, на брукаванку і траву, на Вялікае княства Літоўскае, якое зноў чакалі вялікія перамены, а гэта значыць, узрушэнні, рушэнні і расчараванні.
Раздзел першы
СПАДЧЫНА ВЯЛІКАГА ГЕТМАНА
Калі праўдзівы студыёзус ідзе на лекцыю, сама меней ён думае пра лекцыю і вучобу, пра святарны свой абавязак перад бацькамі, што выправілі дзіцятка, можа, за апошнія сямейныя грошы ў абдоймы багіні мудрасці Мінервы… Не, пра абдоймы ён думае — але ж не пра халодна-мармуровыя.
Студэнты цягнуліся да акадэміі праз халодную восеньскую раніцу і апошні сон, як цені па тваністым беразе Леты, намагаючыся зрабіць твары поснымі, як незасквараная капуста, бо найперш усіх чакала імша. Вырвіч, схізматык, мог асабліва не шчыраваць, але прысутнічаць таксама быў абавязаны — айцы езуіты строга за гэтым наглядалі. Каб яшчэ можна было навучыцца спаць з адплюшчанымі вачыма…
А пасля лекцый, калі Вырвіч ужо амаль адчуваў у роце смак гарачых клёцак, здарылася яшчэ больш непрыемнае. Вінцук Недалужны, аднакурснік Пранцыся, які выконваў на курсе абавязкі цэнзара, чарнявы гарадзенец з вялікай лабастай галавой і плячыма, на якіх можна было, здавалася, абіваць снапы, тузануў Вырвіча за рукаў:
— Трымайся, сябрук. Цябе прафесар Лёднік выклікае, каб ён аблез няроўна. Злы, як Цэрбер, у якога адразу з трох пашчаў адабралі па костцы.
У шэрых вачох Недалужнага плёскаўся пракаветны жах, бо цягам апошніх гадоў не было страшнейшага стварэння для студэнта Віленскай акадэміі, чым доктар Баўтрамеюс Лёднік, які ўзначальваў кафедру, так бы мовіць, «усіх падазроных навук», і чытаў лекцыі па практычнай фізіцы, хіміі, біялогіі, а таксама вёў факультатыўныя заняткі для тых, хто хоча заняцца медыцынай. І не тое, каб доктар крычаў альбо, крый Божа, за чуб уласнаручна кагось цягаў — наадварот, пан Лёднік чалавекам быў выключнай выхаванасці, здавалася, змусіць яго змяніцца ў твары альбо загарлаць не зможа нават з’яўленне пражскага Галема на віленскіх вулках. Але суворы пагляд цёмных вачэй ды атрутны тон нізкага голасу дзейнічалі на правінаваўцаў, як позірк васіліска, гэта значыць змушалі слупянець ад жаху. А доктар вынаходзіў гэткія з’едлівыя словы, што некаторыя нядбайцы лепей абралі б атрымаць скураной дысцыплінай па спіне, чым выслухоўваць вымовы пана Лёдніка. Ніякіх кампрамісаў доктар не прызнаваў, на высакароднасць і багацце бацькоў не зважаў, падарункі не прымаў… Пабойвалася яго нават прафесура, і чуткі пра доктара хадзілі неверагодныя, асабліва сярод першакурснікаў, якіх адзін выгляд доктара палохаў: высокі, хоць і не асілкавага складу, твар худы, нос драпежны, вусны ганарыста падціснутыя, а цёмныя вочы пранізлівыя… Перажагнацца хочацца. Адны сцвярджалі, што пан Лёднік чарнакніжнік і некрамант, не слабейшы ад славутага пана Твардоўскага, другія лічылі яго пераваратнем і ваўкалакам, трэція пляткарылі пра незвычайнае фехтавальнае майстэрства доктара: здабыў ён сабе шляхецтва на полі бойкі, дзе выратаваў жыццё вялікаму гетману, але народу за жыццё ўклаў не менш, чым уся каралеўская янычарская харугва, пра ваяўнічае мінулае сведчылі шнары на ілбе, на шыі. І, вядома ж, за адметнае валоданне шабляй заплаціў дэманічны доктар страшную цану самому Люцыпару, магчыма, наладаваў яму мех беднымі студэнтамі, што не здалі ў час практыкум…