Выбрать главу

Лёднік палез у шафу з кнігамі, пакорпаўся, перакладаючы з месца на месца таміны, нарэшце выпараў маленькі томік ін-кварта з залатым абрэзам «Духоўныя дзённікі доктара Дзі», пагартаў і зачытаў:

«Няцяжка зрабіць люстэрка, якое моцай сонца, нават схаванага аблокамі, ператварае ў попел усе разнавіднасці каменя і металу. І я магу лёгка здабыць агню перамогу над жалезам».

— Разумееце, тут нічога не гаворыцца ні пра духаў, ні наконт прадбачанняў, ні пра відзежы… Канкрэтная фізічная з’ява. Пераўтварэнне адной энергіі ў другую. Архімед тым самым займаўся, калі з дапамогай люстэркаў паліў рымскія караблі, што плылі скараць ягоныя родныя Сіракузы. І падыходзіць пад сэнс надпісу над уваходам! — голас доктара стаўся вінавата-няўпэўненым. — Калі б раптам выявілася, што Пандора дае ключ менавіта да гэтага вынаходніцтва, яго варта было б пашукаць.

— Фаўст, ты зноў захапляешся немагчымым! — напружана зазначыла Саламея. — Ніводзін агонь не можа ператварыць у попел камяні і метал!

— Калісьці сцвярджалі, што павозка сама па сабе ніколі не паедзе. А мы самі бачылі машыну Пфальцмана з вадзяным рухавіком, — упарта прагаварыў Лёднік. — Гадоў трыста таму ніхто не мог уявіць, што гадзіннік можа быць такім маленькім, што яго стануць насіць на шыі, што ткаць і прасці будуць станкі, што за акіянам адкрыюцца новыя землі, населеныя народам з даўняй культурай… Якісьці барон ці маркіз сядзеў у сваім замку і быў упэўнены, што ніякі кароль яго за каменнымі мурамі не дастане — але з’яўляюцца гарматы, і барон вымушаны рабіць свае землі часткай вялікай дзяржавы… У індыйскім эпасе ёсць апісанне «дроціка Індры» — смяротнай зброі ў выглядзе промня свету. Прамень выходзіў ад круглага адбівальніка, магчыма, люстэрка, і цэліўся па гуку. Можа быць, гэта і ёсць зброя доктара Дзі?

Пранціш уявіў, каб яму дастаўся такі вогненны меч — на што ні направіў ягоны прамень, спаліць, спапяліць. Ото славы здабыў бы з такой сілай!

А з другога боку — якая ж гэта слава, калі перамога здабываецца не смеласцю, не стратэгіяй, не ўмелым валоданнем зброяй — а проста таму, што табе ў рукі трапіла смяротная штуковіна, якой больш ні ў кога няма. Ты можаш быць слабым, баязлівым, сквапным, падлючым… Галоўнае, амбітным. Наставіў прамень, і перад табой гекатомба… Чым жа тут ганарыцца? Пранцішаў бацька нават агнястрэльнай зброяй пагарджаў, кажучы, што ад яе заняпад у Рэчы Паспалітай высакароднага мастацтва фехтавання…

Сумненні студыёзуса агучыла Саламея:

— Дапусцім, Бутрым, ты здабудзеш сакрэт люстэрка, ад якога спапяляецца жалеза. І каму ты яго аддасі, і што з гэтага будзе? Вайна, якой яшчэ не здаралася? Не з тысячамі, а з мільёнамі ахвяраў? Твая цікаўнасць вартая такога, Фаўст?

Лёднік сядзеў, абшчаперыўшы галаву. Загаварыў глуха:

— Вы проста не разумееце, як гэта вабіць… Усе гэтыя таемныя навукі… Бо не спазналі, на сваё шчасце, іх атруту, якую я піў поўнымі кубкамі. Як гэта… хвалюе, круціць галаву — новыя веды, новыя адкрыцці, недаступныя «звычайнаму» чалавеку… І як цяжка ўстрымацца, бачучы перад сабой чарговага малапісьменнага багатага хамуйлу, ад таго, каб збіць з яго фанабэрыю якойсьці просценькай дэманстрацыяй магіі… Вось уладар, пыхлівы, задаволены жыццём, які ўважае цябе за рабака. А табе зоркі паведамляюць пра ягоную вартую жалю будучыню, і ад цябе залежыць, ці не скіраваць пыхліўца да бездані… Гэтая сатанінская амарока дужа моцная — наконт усемагутнасці. Разумееш, што гэта амарока, толькі калі пачынаеш гінуць. Не, не хачу!

Лёднік рашуча ўстаў, падыйшоў да вакна, расчыніў шыбы і з усяе сілы шпурнуў у цемру хітры шпіндзялёк з трыма злавеснымі літарамі, а ўслед за ім, папярэдне пераламаўшы, адноўленую дэталь. Да канавы, бруднай і глыбокай, якраз, мусіць, дакінуў. У пакой уварвалася свежае восеньскае паветра разам з пахам дыму і тугі. Прафесар узяў абодва лісты з малюнкам Пандоры і кінуў іх у палаючы камін. Вырвіч ускочыў з месца з абураным ускрыкам, але было позна. Агонь круціў у жоўтых пальцах чорныя бясформныя камякі, якія рассыпаліся на вачах, успыхваючы сінімі пялёсткамі.