— Ваша мосць не павінна сумнявацца, што маё сэрца даўно ёй належыць, і на любое пытанне з гэтых чароўных вуснаў я пастараюся зараз жа знайсці адказ…
Справа была не ў словах, а ў тым, што Пранціш гаварыў, як вуркатаў, з тым дамешкам загадкавасці ды пяшчоты, які прымушаў віленскіх мяшчаначак чырванець і аддаваць русяваму студыёзусу свае сэрцы. Паланэя адвяла вочы — Вырвіч разумеў, што ёй не падабаецца гэткае вольнае абыходжанне, але нічога, пацерпіць — сама запрасіла, сама напусціла на сябе важнасці.
— Я хачу папытацца пана пра адну рэч… Пра падарунак ягонае мосці князя Міхала Казіміра Рыбанькі доктару.
Пранціша як халоднай вадой абліло, і нібы званочак дзесьці ў галаве зазвінеў, папярэджваючы аб небяспецы.
— Пра які менавіта падарунак хоча запытаць ясная панна? — не мяняючы куртуазнага тону запытаўся студыёзус. — Ягоная мосць вялікі гетман быў літасцівы да нас і шчодра адорваў падарункамі.
Паланэя зноў адвяла вочы ўбок.
— Так, адна забаўка… Механічная лялька, якая ўмее маляваць. Разумееце, мой брат у сваім Слонімскім палацы збірае калекцыю такіх лялек — у яго ёсць мурын, які б’е ў барабан, леў, які рычыць, ходзіць, круціць вачыма… Штучных птушак цэлы тузін. І вельмі хацеў бы далучыць і тую ляльку-малявальшчыцу. Зразумела, пану Лёдніку будзе выплачаная шчодрая ўзнагарода…
Пранціш зноў паднёс да вуснаў ручку панны, карыстаючыся тым, што не магла ж яна яго адштурхнуць, пакуль не дамаглася звестак.
— А чаму найяснейшы пан Багінскі не даведаецца пра гэта ў самога пана Баўтрамея Лёдніка?
Блакітныя вочы ад слушнага пытання на хвілю сталі разгубленымі, потым у іх збліснуў гнеў, але паненка змагла зноў удаць ветлівы спакой:
— Пан брат зараз заняты, ён даручыў гэтую дробную справу вырашыць мне. А мне, можа быць, прыемней паразмаўляць з панам Вырвічам, чым з доктарам, ягоным былым слугою. Лёднік па-ранейшаму такі змрочны? Дзе ён трымае ляльку? Не развінціў яшчэ на шрубчыкі?
І тады Пранціш, гэтак жа навісаючы над паненкай і цалуючы то адну яе ручку, то другую, з задавальненнем паведаміў, што лялька была — ды сплыла. Скралі ляльку невядомыя злодзеі.
Багінская ад узрушэння аж ускочыла, вырваўшы сваю ручку з рук Пранцыся даволі груба.
— Як гэта скралі? Хто?
Вырвіч са здзіўленнем заважыў, што паненка заўважна падрасла… Амаль аднаго з ім росту стала. А на куафюру яе дык увогуле задраўшы голаў трэба глядзець. І зараз жа асадзіў сябе: цьху, дурань, якое там падрасла — гэта ж чаравікі на абцасах у шэсць вяршкоў, якія з Парыжу панапрывозілі ў Рэч Паспалітую да абурэння шанавальнікаў сармацкіх звычаяў.
Пачуўшы пра імглу няведання, у якой патанула лялька, Паланэя нервова захадзіла па пакоі, пацвердзіўшы падазрэнні Вырвіча пра абцасы: яны чутно пацоквалі, а паходка паненкі стала хісткай і няўклюднай.
— А малюнак хоць адзін яна паспела намаляваць?
Паланэя рэзка спынілася перад Вырвічам, і ейныя вочы ўжо не былі халоднымі, а проста палалі нецярпеннем і трывогай. Будучы філосаф запэўніў паненку, што лялька так і не ўключылася. Не паспелі яе пачыніць.
Расчараванне, якое не змагла схаваць Багінская, прымусіла трывожны званочак у галаве студыёзуса зазвінець яшчэ мацней. Але не паспеў Вырвіч пахваліць сябе за мудрасць, як твар магнаткі раптам перамяніўся. Ну як бы ў цёмны пакой унеслі яркую лямпу. На вуснах залунала ласкавая ўсмешка, вочы заўсміхаліся, аблашчылі студыёзуса:
— Ах, пан Вырвіч, што мы ўсё пра нейкія механізмы гаворым… Мы ж не бачыліся тры гады. Вы так узмужнелі за гэты час — сапраўдны рыцар… І, напэўна, шмат ведаў атрымалі… Давайце… не, пяройдзем, як калісьці, на «ты» — давай паўспамінаем нашае юнацтва… Ах, якія былі падзеі! Памятаеш карчму пад Ракавам? А кляштар?
Паненка пазваніла ў срэбны званочак, абвязаны ружовай стужкай у колер ейнай сукенкі, і загадала слугам, што прыбеглі на знак, неадкладна накрыць на стол і прынесці найлепшага віна. Паланэя Багінская жадае павячэраць са сваім даўнім добрым сябрам, панам Пранцішам Вырвічам!
— Ты якое віно болей любіш, такай альбо мадэру? — цяпер голас Паланэі гучэў таксама інтрыгоўна.
Пранцішу нават неяк няёмка стала — так моцна пачулася фальш, але студыёзус зараз жа выкінуў перасцярогу з галавы. Вядома, не пашкодзіла б паглядзець у чароўнае люстэрка доктара Дзі, якое прадказавала будучыню… Але чаму б не ўключыцца ў гульню — яшчэ невядома, хто каго перайграе, у студэнта таксама жаба на языку не спячэцца. Нарэшце ягоная Чароўная Дама сышла з п’едэсталу, наблізілася да яго, Пранціша Вырвіча, ушчыльную, сама рукі працягвае… Недарэкам апошнім трэба быць, каб такі шанец не скарыстаць! І Вырвіч бадзёра ўзняў крышталёвы келіх, напоўнены да краёў чырвоным напоем.