Выбрать главу

Раздзел пяты

ЯК ЛЁДНІК І ВЫРВІЧ АПЫНУЛІСЯ МІЖ КАВАДЛАМ, МОЛАТАМ І… ЯШЧЭ АДНЫМ МОЛАТАМ

Шкодныя маленечкія альраўны, пакінуўшы роднае карэнне мандрагоры, скакалі па галаве Пранціша Вырвіча, і ад іх пранізлівых галасоў проста ў вушах закладала. Між альраўнаў, звыродлівых, брунатных, маршчыністых, падобных да драбнюткіх карэньчыкаў, толькі што выкапаных з зямлі, мітусіліся бела-ружова-блакітныя парцалянавыя Селадон і Галатэя, што збеглі з парыка панны Паланэі Багінскай. Але заміж таго, каб разыгрываць любоўныя сцэны, гэтыя пастаральныя персанажы падскоквалі і крыўляліся гэтак жа, як альраўны, і неадменна былі той жа самай паскуднай пароды. Бо мандрагора вядома дзе вырастае — пад шыбеніцай, з семені, якое выліваецца на зямлю з паміраючага цела шыбеніка.

Шкадлівыя стварэнні завішчэлі яшчэ гучней, проста ў вуха Пранціша… І той расплюшчыў вочы, у якіх ляталі залатыя пчолкі…

— Чаго пан крыцаю ляжыць у чужым доме? Ці ў пана свайго няма, ці хапіў з дзежкі, аж не бачыў сцежкі? Варту паклікаць, або пан сваімі ножкамі сыдзе?

Перад Вырвічам стаяла, упёршы рукі ў бакі, мажная кабета ў шэрым салопе, па выглядзе — ахмістрыня, бо ў руцэ трымала гронку ключоў. У доме чулася грукатанне, у пакоях нешта цягалі, гучэлі грубыя галасы… А вось нічога з таго, што прыкрашала пакой учора, не было. Ні абцягнутай залацістым саф’янам лавы, на якой сядзела панна Паланэя ў сваім неверагоднага аб’ёму раброне, ні разнога століка, на якім для студыёзуса Вырвіча выставілі крышталёвы графін з такайскім віном і шмат чаго смачнага, нават свежы вінаград, дастаўлены з цёплых краёў альбо вырашчаны ў магнацкіх аранжарэях. Вядома, не было ні самой панны Паланэі, ні ейных слугаў… Затое альраўны з галавы нікуды не падзеліся.

Не тое, каб Пранцішу ўпершыню было прадзіраць вочы пасля цалавання са шкляной свінкай, але адчуванні на гэты раз былі нейкія асабліва паскудныя: горла дзярэ, нібыта дзёгцем закусваў. Эх, дзе той Лёднік са сваім цудадзейным адварам…

Пры ўспаміне пра Лёдніка Пранціш адчайна застагнаў, чым выклікаў цэлы град насмешных заўваг ад гнюснай бабы, якая, ясная рэч, адрачэцца ад усялякіх ведаў пра панну Багінскую, і хто сюды ўвечары засяліўся, куды падзеўся, лісіца хвастом замяла, воўк языком залізаў…

Падманулі, як шчанюка скуркай ад мінулагодняга сала! Кеп, дурань, блазен — тры штукі разам, і імя ўсім Прантасій Вырвіч. Бо Вырвіч, стогнучы, успомніў, што вываліў падступнай прыгажуні між палкімі пацалункамі ўсё, пра што забараніў расказваць Лёднік. Пра Пандору, пра ейны малюнак, пра надпіс «Тут знойдзеш перамогу агню над жалезам», нават пра здагадкі Баўтрамея наконт доктара Дзі і ягоны вогненны меч…

Адзінае, што змякчае крыўду — абышліся са студыёзусам даволі ветла, пад галаву клапатліва паклалі шапку, а вунь і пакінулі кубак з вадою…

Але студыёзус, як ні смажыла, піць тае вады не стаў — хопіць, начаставалі… Timeo danaos et dona ferentes.[3]

Пахістваючыся, ён павалокся з клятага дому, куды зараз заязджалі іншыя часовыя гаспадары, або вярталіся ўладальнікі… У галаве пульсаваў боль, нібыта альраўны ўзяліся ўбіваць у Пранцішаў мозг жалезны колік. З заімглёнай свядомасці ўсплывалі ўсё новыя і новыя падрабязнасці нядаўняй размовы з хітручай Паланэяй. Усё-ткі і яна пра тое-сёе кавалеру прагаварылася. Напрыклад, звесткі пра сувязь лялькі з доктарам Дзі яе не здзівілі.

Бож-жа, ён жа панне свае вершы чытаў! Тыя, што шчасліва спаліў у каміне, але на няшчасце запомніў… Галасіў, як Арфей перад галоднымі ваўкамі! Вось пасмяялася яе мосць Багінская над закаханым хлопчыкам-вершаплётчыкам…

Вырвіча перахапіў на вуліцы знерваваны Хвелька, ягоныя тлустыя шчокі аж трэсліся ад хвалявання — прафесар учыніў навальніцу з нагоды знікнення падапечнага, які нат заняткі прагуляў.

А пасля было яшчэ горш. Давялося расказваць Лёдніку пра тое, што адбылося. Вырвіч разумеў, што тут не да хітрыкаў — бо наступствы ягонай начной прыгоды ўдараць найперш па Бутрыму. Язык ледзь варочаўся, словы блыталіся, як водарасці ў віры.

Раптам Лёднік абхапіў Пранцішаву галаву, рассунуў пальцамі павекі, уважліва зазірнуў у блакітна-мутнае вока.

вернуться

3

Баюся данайцаў, хай і дарункі прыносяць (лац.).

Крылатая фраза, упершыню сустраканая ў паэме Вяргілія «Энэіда». Ужываецца ў выпадку, калі нейкі падарунак ці дабрадзейства ўяўляюць патэнцыйную небяспеку для прымаючага гэту ўяўную дапамогу.