— Дурнап’ян! І парашок аднаго рэдкага грыбочка… Знаўца працаваў — бо трохі памыліся з канцэнтрацыяй, ахвяра памрэ… Высакародны спосаб развязваць язык, папулярны ў Венецыі. У роце гарчыць? Горла дзярэ?
Пранціш змрочна кіўнуў галавою. З аднаго боку, стала лягчэй: значыць, ганебная балбатлівасць выкліканая атрутай. Але ж і горка стала: не пашкадавала, не пасаромелася Чароўная Дама тае атруты падсыпаць! Ведала ж, што можа да Абрама на піва кавалера выправіць… Не кахае ніколечкі, ні на зернейка! Эх…
Лёднік пайшоў варыць супрацьяддзе, загадаўшы нічога не распавядаць пані Саламеі. Нават лаяцца не стаў. Зробленае не адменіш, цяпер заставалася чакаць, калі прыйдзе бяда, і з якога боку.
Бяда надарацца не спяшалася. Вільня смуткавала па сваім ваяводзе. Пане Каханку, у прыпадку гора (а хто й казаў, каб здабыць сабе галасоў шляхты), хадзіў у касцёл, дзе распранаўся да поясу і прыдворных сваіх змушаў, і выкупляў у імя памяці бацькі свае і ягоныя грахі шчырым бічаваннем. Прычым усе павінны былі сцябаць адно аднаго. Пане Каханку, вядома, сцябаў усіх найбольш, яго ж асабліва не насмельваліся. А ён яшчэ і за нябожчыка Міхала Валадковіча ўдары раздаваў — каб душаньцы сябрука лягчэй на тым свеце было, а то чуткі пайшлі, быццам прывід Валадковіча пазірае часцяком з вокнаў Менскай ратушы, дзе й знайшоў суд і смерць, і да патрона свайго па начах з’яўляецца гэтак жа рэгулярна, як лёкай за лікёрам. Падчас такіх святых працэдур удзельнікі, вядома, падмацаваўшы дух чырвоным вінцом, вішчэлі, ускрыквалі, падбадзёрвалі адно аднаго, хто й лаяўся… Шум, тлум… Curavimus Babiloniam![4] У храм лепей не совацца… Добрыя хрысціяне крадма сплёўвалі ад пагарды. Зрабіць з таемства пакаяння такі балаган!
Аб’явіўся пан Міхал Багінскі, які адарваўся ад парчовага падолу расейскай імператрыцы дзеля барацьбы за віленскае ваяводства… Спыніўся ён не ў доме, дзе ягоная малодшая сястра прымала наіўнага кавалера. Непадалёк ад ратушы палац някепскі заняў, балі не сціхалі, шляхце штодзень скормлівалі, напэўна, добрага вала, і віна спойвалі ладную бочку… Нават прывезлі з Полацку бочачку неверагодна каштоўнага баторына — мёду, які айцы езуіты паставілі настойвацца ў год, калі быў закладзены ў Полацку каралём Стафанам Баторыем езуіцкі калегіюм. Бочка мёду вісела ў сутарэннях кляштара, падвешаная на жалезных ланцугах, мёд, вядома, даліваўся — бо за столькі гадоў яго б выжлуктавалі дарэшты. Але займець хоць збанок баторына дзеля важнай цырымоніі — гонар быў нечуваны… Вось тым каштоўным напоем і скаралі сэрцы шляхты ў доме Багінскіх. Сам пан не вельмі на пітво налягаў, казалі, зачыняўся ў пакоях у роспачы ад няшчаснага кахання да імператрыцы і гадзінамі граў на флейце ды арфе з удасканаленай ім самім педаллю… Затое жонка ягоная, былая Чартарыйская, у адчай не ўпадала, не стамлялася інтрыгаваць, у партыю Фаміліі людзей зводзіць. Пра сясцёр Багінскіх у горадзе не гаварылі.
Восень патроху ператваралася з залатой у брунатную, шэрую, вільготную, прапахлую дымам і цвіллю. Дрэвы аддавалі зямлі свае апошнія лісты-манеты, нібыта спадзяваліся выкупіць яшчэ адзін цёплы дзень. Пранціш старанна наведваў лекцыі, нават не хаваўся ад дадатковых заняткаў у патаемнай лабараторыі. Вось-вось — і атрымае дыплом магістра філасофіі і вольных навук! Засвоіў трывіюм — граматыку, рыторыку і логіку, і квадрывіюм — музыку, арыфметыку, геаметрыю і астраномію, што складалі сем мастацтваў. Можна пасля брацца і за вывучэнне ніжэйшых нібыта, але больш цікавых на погляд Пранціша прыродазнаўчых навук, якія ў айцоў-езуітаў пакуль не дужа шанаваліся. Хімія, фізіка, анатомія… Усім гэтым ён і цяпер займаўся пад кіраўніцтвам Лёдніка, і той запэўніваў, што другі дыплом Вырвіч пры жаданні атрымае хутка, і ў якой-небудзь цікавай краіне… Як сам Лёднік. І прыводзіў у прыклад магістра Марціна Пачобут-Адляніцкага, што выявіў незвычайныя здольнасці да астраноміі і едзе ў Пражскі універсітэт.
Вось толькі ніякія дыпломы не наблізяць простага шляхціца да сястры магната… Вострае лязо немагчымага кахання, аднойчы неасцярожна дапушчанае да саменькага сэрца студыёзуса, ад такіх думак пачынала паварочвацца, дадаючы боль да болю, і Пранціш злаваўся сам на сябе за такую слабасць. Шляхціц сам павінен быць, як лязо — бясхібнае, трывалае, годнае!
І ў камін ляцеў чарговы сентыментальны вершык…
Не, лепей заміж яшчэ аднаго ўніверсітэту паваяваць!
Вырвіч пачынаў ужо верыць, што гісторыя з лялькай закончана…
Але аднойчы, вярнуўшыся пасля доўгіх і прыемных блуканняў пад вокнамі красунькі, на гэты раз з вуліцы, дзе жылі збройнікі, Вырвіч пабачыў, што дзверы ў дом Лёднікаў наросхрыст, перад брамай валяецца нечая шапка, быццам раздушаная котка, а Піфагор брэша-скавыча, як паранены. Вырвіч выхапіў шаблю і бегма кінуўся ў пакоі… У зале ўсё было перавернута, кнігі валяліся на падлозе, апошні нумар Лейпцыгскага навуковага часопіса з артыкулам прафесара Віленскай акадэміі Баўтрамея Лёдніка разадраны напалам і прыпячатаны бруднымі абцасамі. Падабенства з полем бойкі ўзмацнялі кінутыя на падлогу дзве шаблі, на шчасце, не акрываўленыя. Лёднік, збялелы і змрочны, туліў да сябе Саламею, якая адчайна ўсхліпвала, правая рука доктара сціскала шаблю. З-за шафы чулася спалоханае бубненне Хвелькі: