— Хіба гэта па-людску — сярод бела дня… Уламлівацца ў дом да сумленных прафесароў… Святыя ўгоднічкі, што ж гэта робіцца…
Лёднік перахапіў запытальны позірк Пранціша.
— Не прадставіліся госці. Незнаёмыя, і не самага высокага палёту, так, прыхлябальнікі панскія. Але не Багінскіх — таму што патрабавалі, каб ці малюнак ляльчын аддаў, ці ляльку пачыніў. А калі прысягнуў ім, што малюнкаў няма, а аўтамат пачыніць немагчыма, бо страчаная важная дэталь, хацелі мяне з сабою звалачы. Залфейцы пагражалі, ірады.
— Ну і? — не вытрымаў Вырвіч.
Лёднік скупа ўсміхнуўся.
— Давялося ўспомніць тое-сёе з былых навыкаў. Не забіваў, толькі пагнаў.
Пранціш хмыкнуў, уявіўшы, як раз’юшаны Лёднік учыніў нападнікам маленькі Грунвальд.
— Можа, заявіць у гродскі суд? Ты ж суддзю лечыш, мо паспрыяе? — з надзеяй папытала Саламея.
Лёднік пагладзіў яе па галаве і ўздыхнуў:
— Яны ж не самі па сабе прыходзілі, за імі — магнацкая сіла… Забылася, як Валадковіча спрабавалі асудзіць? З усяго княства давялося саюзнікаў збіраць, ды не нашага рангу… Стралою камень не праб’еш.
Пранціш падняў згубленыя злыднямі шаблі, разгледзеў:
— Гербаў няма. Звычайныя аўгустоўкі.
— Вой, што ягоная мосць пан Баўтрамей тут утварыў! — заныў Хвелька. — Ганяў яснавяльможных паноў, як прусакоў… Вой, прыйдуць нам цяпер помсціцца, пасякуць на кавалачкі… Ото ж пан мой былы, ягоная мосць Малахоўскі, калі ягоны вельмішаноўны сусед…
— Сціхні! — абсек слугу Лёднік. — Кожнаму час Богам вызначаны, не схаваешся, як мыш пад місай. Прыбірай лепей у хаце.
Пранціш злосна кінуў на падлогу варожыя шаблі.
— Вось што, Бутрым, давай я скажу сваім хлапцам — паселяцца тут са мной, будзем вартаваць, каб чаго не выйшла! У нас банда — уга! Вінцук Недалужны адзін чатырох раскідае…
— А можа, з’ехаць у Полацак? Ці ў Караблі? — падала голас Саламея. — У Полацку бацькаў дом жа яшчэ не прадалі… І ў Караблях тых, гетманам падораных, дамок маецца, дзе аканом жыве. Урэшце, табе ж прапаноўвалі месца ў Пражскім універсітэце…
— Каб я хаваўся за спінамі студэнтаў? Альбо ўцёк з Вільні, з акадэміі, кінуў кафедру, якую ледзь удаецца адстойваць? — Лёднік пагардліва пакрывіў вусны. — Не дачакаюцца. А вось вы, ваша мосць пан Вырвіч, заўтра ж перасяляйцеся назад у канвент. А цябе, Залфейка, я, бадай, і праўда адпраўлю ў Полацак… Наведаеш і Караблі — як там твае рэспубліканскія рэформы дзейнічаюць у нашых падданых у колькасці аж дванаццаці дымоў.
Што скажуць няўхвальнае і рэзкае на такія прапановы Саламея і Пранціш, можно было прадбачыць…
Наступны дзень Пранціш змарнаваў на тое, каб умацаваць прафесарскі дом на манер сапраўднага замка. Да таго ж, калі падняцца па драўляных сходах на гарышча, у каменнай сцяне меліся невялічкія амбразуры, якія звычайна заторкваліся драўлянымі цурбачкамі. З амбразураў адкрываўся выдатны далягляд на ўвесь двор. Студыёзус падрыхтаваў на гарышчы стрэльбы, порах і кулі, і пісталеты зарадзіў, і жалезны прэнт прывалок, вароты замыкаць дадаткова… Піфагор вельмі сур’ёзна выслухаў настаўленні студыёзуса наконт больш суровага абыходжання са злодзеямі і весела лізнуў маладога гаспадара ў нос.
— Трымалі б цябе, як іншыя паспалітыя людцы, на ланцугу, у голадзе, ды кіем выхоўвалі — болей карысці было б… — прабурчэў Пранціш.
Вечары рабіліся ўсё даўжэйшыя і цямнейшыя, свечак сплывала ўсё больш, да абурэння Хвелькі, і Лёднік усё даўжэй заседжваўся ў сваёй хатняй лабараторыі — але не для таго, каб разгадаць загадку васковай лялькі, а каб нарыхтаваць лекаў — і дзеля акадэмічнай аптэкі, і дзеля сваіх пацыентаў, і для Хвелькавай пячонкі… А яшчэ — ад сардэчнай хваробы ды ад алергіі… Пранціш ведаў, для каго доктар рыхтуе адмысловыя шкляніцы з мікстурамі: для пані Агалінскай і ейнага малодшага сына. Прафесар, як толькі мог часта, сустракаўся з малым, нават навучыў грамаце, дакладней, прымусіў накрэмзаць на паперцы ледзь чытэльнае «Аляксандр». І тую паперку таемна насіў пры сабе, у чым нізавошта не прызнаўся б, бо высмейваў жа сентыментальнасць у іншых…