— Ах, гэтыя справы… І сур’ёзны падыход да іх… Самыя вялікія глупствы свету рабіліся з самымі сур’ёзнымі выразамі твараў, сябры мае. Іронія — вось што ратуе чалавецтва ад узаемнага вынішчэння, бо немагчыма забіць таго, хто цябе рассмяшыў. А вы такі сур’ёзны, пан прафесар… Я доўга збіраў пра вас звесткі.
— Навошта, ваша мосць? — ветліва папытаўся Лёднік, якому не ў навіну было падтрымліваць свецкую гаворку, што нагадвала шлях карабля між смяротна небяспечных рыфаў.
— Вы мне патрэбны, — весела патлумачыў Рапнін. — Вы праваслаўны, прычым не баіцеся вызнаваць сваю веру. Не звязаны, па сутнасці, васальнай клятвай ні з якім магнатам. Валодаеце дастатковымі ведамі і праніклівасцю, каб выконваць далікатныя даручэнні. Мне заставалася праверыць, ці можаце вы абараніць сябе — прабачце, але ў аповедах пра вашае фехтавальнае майстэрства можна было западозрыць вялікую долю казачнасці. Што ж, тое, што я ўбачыў, уражвае — вы на пару са сваім вучнем уяўляеце з сябе дастаткова пагрозную сілу… Пры тым, што яна не кідаецца ў вочы, што пры… далікатных даручэннях вялікая вартасць.
— З чаго вы ўзялі, што мы будзем на вас працаваць? — не вытрымаў Пранціш, якому адзін з наймітаў генерала парэзаў рукаў навюткай світкі.
— А куды вы падзенецеся? — абаяльна ўсміхнуўся пасол. — Самі падумайце — часы цярпімасці тут заканчваюцца, вас, пан Лёднік, не пакінуць у сценах акадэміі, якая кантралюецца езуітамі… Свята-Духаў кляштар, куды вы ходзіце, і шпіталь пры ім хутка зачыняць… Як і іншыя праваслаўныя храмы. А схізматыкаў пачнуць трактаваць, як здрайцаў, ворагаў… У краіне ёсць людзі, якія не хочуць падобнага дапускаць, і, думаю, сумленне прымусіць вас да іх далучыцца. У вас ёсць і асабістыя магутныя ворагі, да таго ж вы зноў аказаліся пасвечанымі ў дужа небяспечную таямніцу… Ну і акрамя іншага — я ведаю вашу маленькую слабасць, пан Лёднік… — Рапнін паставіў кубак на стол і пабарабаніў пальцамі па сталешніцы з чорнага дрэва, адбіваючы такт мазуркі. — Вы не можаце ўтрымацца перад магчымасцю займець новыя ўнікальныя веды. Тым болей, калі гэта будзе аплочана, і абгрунтавана высакароднай мэтай…
— І што вы хочаце мне даручыць, ваша міласць? — Лёднік па-ранейшаму быў дасканала спакойны, але ад ягонай усмешкі цягнула холадам, як ад ледзяной гары.
— Ну, скажам, праехацца ў ваколіцы Лондана — вы ж там бывалі, ці не так, маеце карысныя знаёмствы? І пашукаць там адну рэч. Вы ведаеце, пра што я кажу. Вы бачылі малюнак, выкананы адным прыгожым аўтаматам. На ім адлюстраваны складзены з каменных глыжоў будынак, з надпісам над уваходам «Victoria ferrum luce». І вы здагадаліся пра спадчыну таямнічага доктара Дзі.
Лёднік кінуў знішчальны позірк на балбатлівага не ў пару студыёзуса, той пачырванеў. Значыць, пан Міхал Багінскі быў не менш балбатлівы за студыёзуса і ўсе, што выведала для яго сястра, пераказаў расейскаму сябруку.
— Вы дзейнічаеце ў інтарэсах ягонае мосці князя Багінскага альбо ў інтарэсах яе вялікасці імператрыцы, ваша светласць? — з заўважнай з’едлівасцю удакладніў прафесар.
— Якая вам розніца, шаноўны доктар? — адказаў князь не менш з’едліва. — Вы, прабачце за параўнанне, трэска, якая трапіла ў моцную плынь, хоць, можа, і лічыце сябе магутным караблём.
Лёднік не звярнуў увагу на крыўдныя словы.
— У любым выпадку, павінен папярэдзіць, што многія дзівосы, звязаныя з імем доктара Дзі, не болей чым міф.
— Шалберства, мой дружа! Чыстай вады шалберства! — весела пагадзіўся Рапнін. — Усе гэтыя люстэркі, у якіх паказваецца будучыня, чароўныя крышталі, мова анёлаў — толькі сродак садраць грошы з даверлівых дурняў і зрабіць кар’еру пры двары. «Чароўная зброя», калі не знаходзіцца ў руках фокусніка, будзе зусім бескарыснай, падобна люстэрку, што захоўваецца ў графа Пітэрбора. Так, я трымаў у руках тое люстэрка — запэўніваю, што гэта просты кавалак вугля.
— Тады навошта вам здабываць артэфакты, ваша светласць, калі яны ўсяго толькі інструментарый фокусніка? — слушна папытаўся Пранціш, які з усяе сілы намагаўся пераймаць сухавата-насмешны свецкі тон суразмоўцаў.
Рапнін фыркнуў, як кот, які выпацкаў нос у смятане.
— Маюць сілу не рэчы, а вера ў гэтую сілу. Давайце я раскажу вам адну казку, мае сябры… — князь адкінуўся на спінку крэсла, хітра прыжмурыў вочы.
Дзесьці на двары нарэшце сціх Піфагор, нібыта і ён захацеў паслухаць.
— Адзін вялікі вяльможа, улада якога была не меншай, а можа, і болей за каралеўскую, наведаў кракаўскі кляштар… — мяккім голасам пачаў князь. — Прынялі там вяльможу лепей, чым караля. Паказалі і ўсе рэліквіі кляштарнай скарбніцы. Сярод іх нават таемны экспанат, да якога не дапускалі нікога, бо лічылася, што з ім звязаная нейкая д’ябальшчына. Гэта былі рыцарскія латы — цяжкія, сталёвыя… І разрэзаныя дакладна напалам, як кавалак масла нажом — пачынаючы ад шышака шалому. Зрэз раўнюткі, і аплаўлены, як ад высокай тэмпературы. Вяльможа дужа зацікавіўся, дзе б здабыць такі меч, які здольны лёгка разразаць загартаваную сталь. І высветлілася, што гэта зроблена зусім і не мячом — у нашым звычайным разуменні… А дзвесце год таму прыехаў у Кракаў ангелец, вучоны доктар, вальнадумец і алхімік, які нейкі час хаваўся ў Польшчы ад непрыемнасцяў. Той ангелец быў выбітным вучоным, і нават даваў каралю Жыгімонту ўрокі матэматыкі… А яшчэ любіў уражваць публіку рознымі фокусамі, якія паказваў з дапамогай люстэрак. Прывідаў выклікаў, змушаў прадметы знікнуць… А аднойчы заявіў, што анёлы падказалі яму, як зрабіць вогненны меч. Доктар зладзіў з некалькіх люстэрак рознай формы і драўляных шчытоў адмысловую вялізную скрыню, змясціў туды рыцарскі рыштунак. Скіраваў сонечны прамень у спецыяльную адтуліну, і… раз! — са скрынкі дасталі разрэзаныя напалам латы. Публіка вохкае, доктар ганарыста абвяшчае, што калі яму дадуць магчымасць і грошы, ён зладзіць такую зброю, што варожае войска зрэжа, як касою… Але заміж захопленых воклічаў і кучы золата сустрэўся з абвінавачваннямі ў вядзьмарстве. Сабраў свае манаткі, люстэркі і з’ехаў назад у Ангельшчыну. На развітанне, аднак, паабяцаў, што надыдзе час, калі ягонае вынаходніцтва ацэняць, а дзеля гэтага ён схавае яго ў надзейным месцы і абавязкова перадасць ворагам польскага караля.