— Чаму вы думаеце, ваша светласць, што той доктар насамрэч не вынайшаў цудадзейнай зброі? — пацікавіўся Лёднік. — Калі быў эмпірычны доказ — рассечаная сталь…
— Вы лепей за мяне ведаеце, пан прафесар, як можна загадзя распалавініць латы, і як з дапамогай сістэмы люстраў падмяніць імі цэлыя, — прамовіў князь. — Бо акрамя гэтых латаў — чаму ні на чым не выпрабаваны вогненны меч? Чаму не ўпалі ўсе ніцма перад яго ўладальнікам? Але наш сучаснік, вяльможа, з якога пачалася казка, гэтымі пытаннямі не пераймаўся, а проста захацеў атрымаць чароўную зброю. Золата давядзе і да пакінутага Эдэму. Вось толькі ўваход туды не купіш. Вяльможу даклалі, што ёсць запавет стваральніка анёльскага мяча. Але доктар нічога не ўчыняў проста і па-людску. Ён зрабіў ляльку, якая ўмела маляваць. І перад смерцю наладзіў яе так, каб малявала месца, дзе спачывае ягонае вынаходніцтва. Ляльку замест дакумента завяшчаў шведскаму каралю. Але кароль ад д’ябальскага падарунка адмовіўся, і тады ляльку спалілі. Застаўся толькі механізм, які, як цудоўны экспанат, паказвалі ў шатландскім замку. Наш вяльможа не пашкадаваў грошай, механізм выкупіў і замовіў, каб яго аднавілі ў Швейцарыі. Вось толькі пабачыць плён свае працы не паспеў — памёр…
— Дык вялікі гетман жа паспеў атрымаць аўтамат! — удакладніў Пранціш.
Рапнін пастукаў пальцамі па сваёй табакерцы.
— А хто сказаў вам, вашамосць, што герой майго аповеду — вялікі гетман Міхал Казімір Рыбанька? Насамрэч я гаварыў пра ягонага брата, Гераніма Радзівіла.
Лёднік і Пранціш спахмурнелі, а Саламея захінула твар тонкімі рукамі: у слуцкім замку Гераніма Жорсткага ім усім давялося перажыць нямала… Зняволеная ў вежы Саламея мусіла ўдаваць з сябе па загадзе князя Сільфіду. Лёднік і Пранціш, якія адправіліся выручаць яе, самі сталіся вязнямі сутарэнняў…
— Значыць, ягоная мосць Міхал Казімір Рыбанька выкупіў замоўлены братам аўтамат… — прамармытаў доктар. — Але, як я назіраў, ён вельмі не любіў усялякіх вядзьмарскіх штуковін… Відаць, і не хацеў, каб хтосьці скарыстаўся з падазронай зброі. Асабліва сын… А можа, проста значэння гэтай штуковіне не надаваў — вось і адпісаў мне.
Пранціш злосна фыркнуў, зазначыўшы ў думках, што ў атачэнні ягонае мосці пана Караля Радзівіла той-сёй, адкак, дужа жадае таямніцу скарыстаць.
— Дык вы не патлумачылі, вашамосць, навошта нам ехаць за нейкім шалберскім прыстасаваннем, ад якога ніякага толку?
Рапнін разглядаў свае пярсцёнкі, як быццам першы раз іх бачыў.
— Паўтараю: маюць сілу не рэчы, а вера ў іхнюю сілу. Пакуль шаноўны князь Міхал Багінскі будзе чакаць, калі яму даставяць з-за мора-акіяна, з вострава Буяна цудадзейную зброю, з якой ён пераможа ўсіх і стане каралём і мужам імператрыцы, ён будзе граць сабе на кларнеце, маляваць нацюрморты з персікамі і ўдасканальваць тэатральныя машыны. І гэта найлепей для нашай сітуацыі. Дарогу вам аплоцяць, сябры мае.