— Дарогу куды, яснавяльможны князь? — не вытрымаў прафесар. — Мы не ўстанавілі месца знаходжання пячоры!
Госць паблажліва ўсміхнуўся.
— Знойдзеце вы што, ці не знойдзеце, ведаеце дакладна, куды ехаць, альбо не — на аплаце гэта не адаб’ецца. Галоўнае, той чалавек, якога пан Багінскі з вамі пашле, не павінен сумнявацца ў важкасці даручэння і дакладнасці вашых звестак і будзе рэгулярна паведамляць пра напружаныя пошукі свайму сюзерэну.
Вось яно што, нехта ад Багінскіх… Адразу ўспомніўся белавалосы гігант Герман Ватман, целаахоўнік князя Міхала Багінскага, які некалькі разоў выратоўваў жыцці былога алхіміка і ягонага маладога гаспадара, і некалькі разоў спрабаваў іх забіць — у залежнасці ад атрыманых загадаў.
Лёднік рашуча адсунуў пусты кубак, на парцалянавых баках якога імчалі сінія фрэгаты з ганарліва напятымі ветразямі.
— Баюся, гэтая місія для мяне занадта цяжкая. Вельмі не хочацца расчароўваць яснавяльможнага пана, але я занадта стары і занадта мала ведаю пра мэту нашага падарожжа… А ягонай мосці пану Вырвічу трэба вучыцца. Таму…
— А вы падумайце, падумайце, пан прафесар! — Рапнін ні на імгненне не страціў дабразычлівага выразу твару. — Не ў такой далёкай будучыні акадэмія зробіцца цалкам свецкім універсітэтам, з усімі належнымі кафедрамі, з асобным медычным факультэтам… Спатрэбяцца новыя спецыялісты, новы рэктар… Чаму б вам не заняць гэтую пасаду? У вас аўтарытэт, прагрэсіўны склад розуму, веды… А наконт хованкі — вы ж геній, вы здагадаецеся, вылічыце.
Калі колы карэты, у якой ад’ехаў нечаканы госць, грукаталі па брукаванцы ўжо недзе за Вострай брамай, Саламея парушыла прыгнечанае маўчанне, што панавала ў пакоі:
— Значыць, расейцы паставілі на пана Станіслава Панятоўскага. А мы зноў — як пешкі… Нікуды я не адпушчу цябе, Фаўст, нават калі закарціць прыгодаў.
Вырвіч усхапіўся:
— А чаму б не скарыстацца магчымасцю паглядзець свет?
— Забыўся, як пан Багінскі пасылаў нас у полацкія сутарэнні? З таемным загадам свайму найміту перабіць нас па сканчэнні справы? — сурова спытаў Лёднік. — Знайшоў каму верыць… Мікалай Рапнін — царадворца, дзеля сваіх мэтаў ён не грэбуе ніякімі сродкамі. Колькі нашых магнатаў перасварыў між сабою з гэткай жа даверлівай усмешкай…
Прафесар стамлёна пацёр рукой лоб.
— Гісторыя — вар’ят, які наразае кругі па перыметры сваёй камеры, не заўважаючы, што ступае ва ўласныя сляды. Аўгуст Моцны таксама нацкоўваў магнатаў на магнатаў… Ліцвінскія войскі касаваў, штандарты іх ламаў… Вайна ўсчалася між Каронай і Княствам, біскуп Ян Хрызастом Жалускі пісаў, што «зчэзлі ў Літве права, стравядлівасць, сорам; усё падлягае мячу, кіруе мацнейшы, парадак заступіла дзікая сваволя. Баяцца трэба, каб за гэткі прыгнёт шляхты, хаця й не хутка, не наступіла б кара Божая…» І цяпер, адчуваю, нешта падобнае саспела. Меў я нядаўна размову з адным сваім пацыентам… Той шчыра мяне папярэджваў у бліжэйшы час не далучацца ні да якіх палітычных партый. Нібыта на гэтую восень Чартарыйскія з Фаміліяй рыхтуюць дзяржаўны пераварот. Але ў Пецярбургу на іх планы глядзяць скоса, хочуць сваймі сіламі караля нам пасадзіць. Вось і пайшлі інтрыгі… Заўтра адчытаю лекцыі, правяду адну складаную аперацыю, а ў нядзелю з раніцы рушым у Полацак. А там будзе відаць.
Пакуль што відаць быў толькі партрэт Арыстоцеля, тры пустыя кубкі з сінімі караблямі на стале і пераляканы твар Хвелькі, які вызіраў з прыадчыненых дзвярэй.
Раздзел шосты
СТРАШНАЯ ПРЫСЯГА ЛЁДНІКА
Напэўна, кожнаму здаралася пабачыць у сне нешта такое, што ён ніколі не сустракаў у рэальным жыцці, толькі чуў… А тут — на табе, як бы не сніш, а ўспамінаеш…
Пранцішу снілася пальма.
Такая, як на малюнку з кнігі па геаграфіі. З доўгім голым калматым камлём, з пукам лістоў наверсе, падобных да папараці…
Вакол быў роўненькі пясочак. Хоць зараз магілку капай.
Згодна сонніка, у які Пранціш зазірнуў, як толькі прачнуўся — соннік быў патрапаны, з вырванымі старонкамі, і застаўся ў гэтым доме яшчэ ад былых гаспадароў, нават не прэтэндуючы на месца на дыхтоўных паліцах побач з мнагамудрымі самавітымі тамамі новых жыхароў — пальма ў снабачанні азначала здзяйсненне самых патаемных жаданняў. Але здзейсніцца яны маглі, толькі калі ты аддасіся на волю лёсу, як аддаецца хвалям пасажыр патанулага карабля, якому пашэнціла ўчапіцца за дошку.
За вакном, аднак, гайдаў жоўтай галавою не пальма, а тутэйшы малады клён, абурана адбіваючыся растапыранымі даланямі ад мокрых пацалункаў прыставучага восеньскага дажджу.