Выбрать главу

— Адчыняй, доктар! Маю звесткі пра пані Агалінскую і яе сына! Ты ведаеш, хто я! Я ўвайду адзін, слова гонару! Мне трэба толькі пагаварыць. Адчыняй!

Голас быў тае ступені раз’юшанасці, калі гучыць на мяжы адчайнага крыку. Збялелы Лёднік застыў на месцы, потым крыкнуў Пранцішу:

— Адвядзі ў дальні пакой Саламею… Зачыні і вартуй. Хутчэй! Залфейка, павер, так трэба! Прашу цябе, сядзі ціха, не падслухоўвай і не спрабуй умяшацца!

Пані Лёднік хацела запярэчыць, але нешта ў голасе мужа было такое, што спрачацца не выпадала — такім голасам доктар размаўляў падчас складаных аперацый. Аднак Вырвіч, як толькі праверыў, што пані Саламея ў бяспецы, бегма вярнуўся назад. Лёднік паспеў ужо адчыніць дзверы.

У пакой уваліўся шыракаплечы шляхціц гадоў трыццаці з прыгожым ганарыстым абліччам: сінія вочы выпраменьваюць пагарду, светлыя вусы з рудаватым адценнем ваяўніча тапырацца… Але самае застрашлівае — на пане была апратка альбанчыка, а за кожным з банды стаяла іх пагрознае брацтва на чале з усемагутным Пане Каханку. У альбанчыкаў быў нават свой унутраны суд — іншага яны не прызнавалі. І за здраду маглі асудзіць кагосьці са сваіх на смерць — і той павінен быў пакорліва прыняць гэта і біцца на двубоі па чарзе з кожным, пакуль не здзейсніцца вырак.

Альбанчык глядзеў на прафесара Віленскай акадэміі, як на шкодную кузурку, якую можна толькі грэбліва раздушыць. Правая рука сціскала шаблю так, што костачкі на руцэ збялелі. Трэба было быць Лёднікам, каб пры гэтым захоўваць вонкавы спакой.

— Чым абавязаны візіту ў свой сціплы дом яснавяльможнага пана Гервасія Агалінскага?

Пранціш уздрыгнуў: вось яно што, гэта малодшы брат лёднікаўскага крэдытора! Хто б мог падумаць, што ў чырванамордага таўстуна такі ладны брат! Хаця, калі прыгледзецца, можна заўважыць фамільнае падабенства: рудаватыя валасы, шыракаватыя нервовыя ноздры, светлыя вочы, у якіх лёгка загараецца агеньчык шаленства, упартае раздвоенае падбароддзе.

— Скажы, Бутрым, як бы ты абыйшоўся з чалавекам, які подла зганьбіў і знішчыў самае дарагое, што ты меў? — голас госця быў застрашліва ціхі.

О-ёй, схавалі млын за кустом… Вырвіч асцярожненька агаліў шаблю.

— Не ведаю, пра што вы гаворыце, ваша мосць, — прамовіў Лёднік. — Вы казалі, што ў вас ёсць звесткі пра пані Агалінскую…

Пан ненавісна працадзіў скрозь зубы:

— Вядома, ёсць… Няма яснай пані Галены ўжо на гэтым свеце. Два дні як няма.

Лёднік перарывіста ўздыхнуў, нібыта яму пераціснула горла, памаўчаў, перахрысціўся.

— Як здарылася гэта страшнае няшчасце?

Агалінскі ашчэрыў зубы ў падабенстве ўсмешкі.

— І ты яшчэ пытаешся, мярзотнік? Гэта ж ты забіў яе! Пазнаеш?

І сыпануў на падлогу з кішэні некалькі рознакаляровых шкеліц — у такія Лёднік звычайна разліваў свае мікстуры. Пана аж трэсла ад пагарды і нянавісці. Прафесар вытрываў ягоны пагляд.

— Я ніколі б не прычыніў пані шкоды… Я перадаваў ёй лекі ад сардэчнай хваробы. Магу прысягнуць, што яны бяспечныя, магу сам выпіць усё, што засталося…

— Не сумняюся, што гэта былі добрыя лекі! — Агалінскі, мякка ступаючы ў жоўтых саф’янавых ботах, прайшоў вакол Лёдніка, грэбліва падбіваючы нагамі шкляніцы.

Вырвіч уважліва сачыў за кожным яго рухам, каб не прапусціць скіраваны да прафесара шабельны ўдар.

— Вядома, ты стараўся дагадзіць сваёй пані. Такой прыгожай, такой добрай. Такой даверлівай… Ты забіў яе, калі спакусіў!

Выкрыкнуўшы апошнія словы з усёй моцай гневу, Агалінскі штурхануў прафесара ў грудзі так, што той, не зрабіўшы спробы абараніцца, адляцеў да стала, на якім ад сутыкнення ўсё пападала. Лёднік прыгнечана маўчаў, апусціўшы вочы. Вырвіч таксама разгубіўся — тут справа гонару, умешвацца ганебна. Між тым Агалінскі зноў наблізіўся да Лёдніка, не дастаючы шаблю.

— Што ты зрабіў з ёю, вядзьмак пракляты? Чым апаіў? — раптам пан усхліпнуў, голас ягоны задрыжэў ад сапраўднага гора. — Я ж на яе маліўся! Калі мой пан брат ажаніўся, я быў не старэйшы за гэтага хлапца, — Агалінскі кіўнуў у бок Пранціша. — Я глядзеў на сваячніцу, як на Мадону, прабач мяне, Божа! Якое змаганне я вёў з сабою, каб адагнаць непатрэбныя мроі, каб нават у думках не абразіць святое таемства шлюбу ўласнага брата. І мне няма за што сябе папракнуць! І тут з’яўляешся ты, халоп, звыродлівы чарнакніжнік, і схіляеш яе, сваю пані, да смяротнага грэху! І цяпер наш шляхецкі род выхоўвае твайго вырадка! Які носіць наша імя!

Агалінскі яшчэ раз штурхануў Лёдніка. Той глуха прагаварыў:

— Я быў бы шчаслівы сам выхоўваць яго і даць яму сваё імя.

— Мярзотнік! — вусны Агалінскага крывіліся ад пагарды, а вочы зрабіліся ажно белымі ад гневу. — Ты смееш ставіць сябе побач з Галенай Агалінскай з Агарэнічаў! Мала табе было ўсяго гэтага — дык трэба з’явіцца цяпер, уваліцца ў зганьбаваны табою дом, важдацца з дзіцем, слаць свае паскудныя бутэлечкі! Няўжо ты думаў, што майму брату не распавядуць пра гэта? Не ведаю, чаму ён, небарака, дасюль ні пра што не здагадаўся — даверлівай натуры, ды яшчэ ўвесь гэты час пакутваў на вочы, амаль нічога не бачыў, ці не па тваёй міласці, іначай даўно б і сам упэўніўся, што ў ягонае гняздо падкінулі чужое птушаня. Калі мой пан брат даведаўся пра ганьбу — ён пайшоў да жонкі… І ніхто не асудзіць яго за гнеў. Таму што звяршыўся Божы суд — яе сэрца не вытрымала справядлівых папрокаў.