Пранціш уявіў, якімі маглі быць тыя «папрокі» ад гняўлівага таўстуна Агалінскага, п’янага як рамізнік… Успомніў светлыя пасмачкі, што выбіваліся з прычоскі пані Галены, нібыта лёгкі дымок… Яе плаўныя рухі, ганарлівую шыю, горкі рот…
— Думаеш, гэта ўсё, што ты нарабіў? — пан Гервасій цадзіў словы скрозь зубы. — Мой высакародны пан брат, пабачыўшы смерць злачыннай сваёй жонкі, у роспачы пайшоў паведаміць мне, што адбылося, і патрапіў у вялікую бойку ля ратушы, дзе праявіў вартае роду Агалінскіх геройства, але быў падступна забіты. Канец слаўнай шляхецкай сям’і з-за бязроднага юрлівага слугі!
Агалінскі страшна зарагатаў, і Пранціш на ўсялякі выпадак прысунуўся бліжэй са сваёй шабляй.
— Я гатовы расплаціцца з панам, як ён пажадае… — глуха прамовіў прафесар, апусціўшы галаву. — Толькі няхай з-за таго жахлівага, што адбылося, не пакутуе дзіця. Хлопчык ні ў чым не вінаваты. Ці варта распавядаць грамадзе пра ягонае паходжанне і пляміць памяць пані Агалінскай і вашага брата?
— У гэтым з табой пагаджуся, паскуднік, — прагаварыў госць. — Ганьба майго брата павінна застацца таямніцай. Але я, як апякун сваіх пляменнікаў, паклапачуся, каб твой вырадак адгэтуль жыў у месцы, якое больш адпавядае ягонаму паходжанню.
Вусны Лёдніка задрыжэлі, але голас быў роўны.
— Можаце зрабіць са мной усё, што заўгодна, толькі не спаганяйце гнеў на дзіцяці.
— Значыць, ты пагаджаешся, каб я цябе забіў абраным мною спосабам? — вясёла-ненавісна перапытаў пан Гервасій.
— Так, ваша мосць, — холадна адказаў прафесар. — Як і калі вам зручна.
Тут Вырвіч не вытрымаў.
— Ваша мосць пан Агалінскі, вы маеце права на сатысфакцыю, і ніхто вам у гэтым не запярэчыць, але пан Лёднік — шляхціц, і вы павінны выклікаць яго на двубой. Свае абразы шляхцічы вырашаюць з дапамогай шаблі!
Агалінскі зірнуў на Пранціша, як сабака на высеўкі.
— А ты хто?
— Прантасій Вырвіч з Падняводдзя, гербу Гіпацэнтаўр! Нашчадак Палямона! — з выклікам адказаў Пранціш.
Госць ветліва пакланіўся.
— У больш прыемных абставінах сказаў бы, што рады пазнаёміцца з панам. Але цяпер прыемнасцяў быць не можа. Паскуднік Баўтрамей павінен адказаць за сваё страшнае злачынства. Біцца з ім? — альбанчык фыркнуў. — Каб я скрыжаваў дзядоўскую шаблю з шабляй у руках халопа, слугі майго брата? Нізавошта! Але акрамя ягонае пакутлівай смерці, іншай расплаты я не прыму. А я яшчэ шкадаваў яго ў свой час! Перад братам заступаўся — вучоны чалавек, нельга яго мучыць… Ну чаму мой брат не згнаіў цябе на ланцугу ў скляпенні! — госць са свістам уцягнуў паветра скрозь зубы, спрабуючы супакоіцца.
Пранціш не мог зразумець, чаму пан Гервасій сябе так стрымлівае — бо відаць жа, што ў гарачай вадзе купаны, ды гнеў скрозь вушы выліваецца. Але ў пана відавочна меўся нейкі план.
— Адзінае, што ты, Баўтрамей, яшчэ можаш зрабіць у сваім паганым жыцці — вырашыць лёс малодшага сына пані Галены. На што ты гатовы дзеля таго, каб гэты лёс быў прыймальны?
— На ўсё! — цвёрда адказаў Лёднік.
— Ну што ж, тады ў мяне ёсць для цябе заданне… — пан Гервасій няспешна прайшоўся па пакоі, патыкаў наском бота ў куфар з кнігамі. — З’язджаць сабраліся? Тады менш патраціце час на зборы. Заўтра мы адпраўляемся за вогненным мячом. І не рабі выгляд, паскуднік, што чагосьці не разумееш і не ведаеш. Прывядзеш мяне да ангельскай пячоры, знойдзем там што ці не знойдзем — і па вяртанні я назаўжды забудуся, што пан Аляксандр Агалінскі — не мой пляменнік, і паклапачуся, каб ніякія плёткі не псавалі яму жыццё. Ён атрымае ўсё, што належыць атрымаць нашчадку нашага слаўнага рода. Даю слова. Я паеду з вамі. І дарогай не спрабуй ад мяне пазбавіцца — калі сына любіш. А ты павінен прысягнуць, што памрэш ад маёй рукі, калі я палічу патрэбным.
— Шляхціцу не пасуе рамяство ката! Ваша мосць павінен выклікаць пана Лёдніка на двубой! — у адчаі крычаў Пранціш, разумеючы, што яго не пачуюць.