Калі карэта спынілася, у цішы і прыцемку глухі рокат кола падаўся гукам ад вёслаў галеры, на якой плывуць бязлітасныя жоўтаскурыя воі. Вырвіч саскочыў на мокрую ссівелую траву, з задавальненнем пацягваючыся. Вакенца млына свяцілася жоўтым трывожным святлом, але ніхто не спяшаўся да прыезжых з-за варотаў з ладных бярвенняў. Кугікалі рэдкія птушкі, якія яшчэ не адляцелі ў вырай, шалясцеў вецер у парадзелых шатах таполяў, што падбягалі да млына, быццам займалі чаргу на памол. Хвелька злез з козлаў, дзе сядзеў побач з падобным да вусатага жука змрочным фурманам Агалінскага Карпам, і ціха пастагнываў, спадзеючыся, што гаспадар ацэніць ягоныя пакуты і ўзнагародзіць за іх хоць збанком піва.
Фурман рашуча пастукаў у браму. На двары ажно зайшоўся тонкім брэхам сабака — Пранцысь адразу ўспомніў беднага Піфагора, якому дасталося ад людзей Агалінскага, добра, жывы ды не кульгавы застаўся.
— Адчыняй, млынар! Ягамосць пан Гервасій Агалінскі прыехаў!
Тая хуткасць, з якой госці апынуліся на двары, а потым у млынарскім доме, сведчыла, што пан Агалінскі шануецца тут не менш за вадзяніка, і ў ахвяру можа ўзяць, што заўгодна. Млынар, да здзіўлення Пранціша, зусім не быў волатам з каменнымі плячыма, прадназначанымі, каб цягаць мяхі. Ён быў невысокі, каржакаваты, перакрыўлены на адзін бок, з палахлівым тварам, і адно вока трохі прыплюшчана. Праўда, рукі задоўгія, з вялізнымі спрацаванымі далоньмі — здавалася, у такіх далонях камень лёгка ператворыцца ў пясок. Млынар рухаўся неяк няўклюдна, а вось рукі ягоныя нібыта жылі асобным жыццём, спрытна дапамагаючы распрагаць коней.
Дзіўна, але хаця кола млына круцілася, ніводнай падводы з мяхамі на двары. Увогуле ўсё вакол як вымерла, хаця ў выбітых каляінах стаяла вада, што значыла, сюды яшчэ нядаўна ездзілі.
У доме, прыбудаваным да млына, пахла не мукой і не хлебам, а зёлкамі. Зусім як ва ўніверсітэцкай аптэцы.
— А тое зелле ад галавы яшчэ ёсць? — буркатліва папытаўся млынара Амерыканец, які сядзеў за сталом, ледзь не да сталешніцы прыпаўшы. Рудаваты чуб пана прыліп да ілба, закрываючы адно вока. Пранціш помсліва падумаў, што наўрад Лёднік зварыць для Агалінскага свой цудадзейны адвар для такіх вось шляхецкіх хворасцяў. Але млынар пакорліва павярнуўся ў бок варыўні і выгукнуў стамлёным голасам, які трохі дрыжэў:
— Саклета, прынясі яснавяльможным панам адвару ад галаўнога болю!
У варыўні нешта зашаргатала, аж стала страшнавата — што за істота там хаваецца, русалка альбо шышыга? З прыцемку выйшла сапраўды дзіўнаватая істота — худзенькае дзяўчо з галавой, заматанай белай хусткай так, што адны вочы відаць, і тыя апушчаныя. Дзяўчо паставіла перад панам Гервасіем збанок з вохкім напоем, і Лёднік адразу варухнуўся, прынюхаўся: сам жа зельнік. Пан Гервасій, расплюхваючы напой, бо рукі заўважна трэсліся, прагна выпіў… Аддыхаўся з палёгкай…
— Майстрыца ты, Саклета! Як цябе яшчэ за вядзьмарства не ўтапілі? — Амерыканец не заўважыў, як здрыгануліся пры гэтых словах бацька і дачка.
А вось Лёднік нахмурыўся і важка прамовіў прафесарскім тонам:
— Гэта ўсяго толькі адвар на аснове кары белай вярбы. Я сам такі рыхтую. Я не памыліўся, панна Саклета?
Дзяўчына спалохана падняла вочы — быццам бліснуў чорны агонь — пачырванела і прамовіла ціхенька:
— Так, літасцівы пане. А яшчэ… Ці дазволіць вашамосць, хачу запарыць зёлкі для слугі, што з хворай пячонкай… Нічога небяспечнага… Асінавая кара, пырнік і сабачая мята… А то ён так стогне… Слуга ваш…
— А крапіву? — сурова папытаўся доктар.
— Так, літасцівы пане! І крапіву дадам… І… equisetum arvense…
Апошнія словы на лаціне млынароўна прагаварыла зусім ціха, зноў панурыўшы галаву.
Доктар зацікаўлена хмыкнуў.
— Ну а хвошч палявы навошта? Ён жа ад нырак!
— А ў спадара Хведара ныркі таксама не ў парадку… — прашаптала Саклета.