Амерыканец падазрона зіркнуў на русявага блакітнавокага студыёзуса і пацягнуўся па свой нататнік… На варыўні Лёднік чытаў млынароўне з чырвоным нарастам на твары занудлівую лекцыю пра гігіену і тлумачыў, якія сродкі ні ў якім разе ўжываць нельга, хаця б лекавалі імі бабулі-прабабулі… У бакавой прыбудове шаргацеў млынар, рыхтуючы пакой дзеля высокіх гасцей, храплі дзесьці ў каморы на ўсе застаўкі фурман і Хвелька — а чаго чакаць, пакуль паны нагамоняцца, так што не лёс быў Хвельку адведаць адвару Саклеты, занятай лекцыяй віленскага прафесара. І толькі млын маўчаў. Ягонае кола было спыненае воляй часовага гаспадара, і паміж жорнаў пакутліва чакала смерці апошняе недамолатае зерне.
І калі б Пранціш выпадкова не зірнуў за вакно, знуджаны байкамі Амерыканца, бяду заўважылі б толькі, калі стукнецца ў вароты. З боку далёкага лесу набліжаліся-мітусіліся агні.
Млынар сутаргава ўздыхнуў, як жаўнер, якому папала пад сэрца страла, і ён усвядоміў, што памірае.
— Гамон… — прашаптаў Яўхім непаслухмянымі вуснамі і зажагнаўся, зашаптаў малітву.
Ягоная дачка проста глядзела на агеньчыкі вялізнымі безнадзейнымі вачыма, і Пранцішу падавалася ў прыцемку, што нараст на яе шчацэ варушыцца, як жывая п’яўка. Агні набліжаліся, пачуліся аддаленыя выкрыкі… На двары нарэшце забрахаў сабака.
— Гэта што за гіцалі? — сурова запытаў Агалінскі, углядаючыся ў цемру. — Разбойнікі?
— Частка лясных, частка з вёскі…— прамармытаў млынар. — Гразіліся колькі дзён, калі пошасць у вёсцы не скончыцца — Саклету заб’юць. А нам куды падзецца — не схаваешся, адсочаць… А дачушка толькі зёлкамі лячыла…
— Што за пошасць? — строга ўдакладніў Лёднік.
— Сверб, ваша мосць.
Нападнікаў, мяркуючы па паходнях, сабралася дзесяткі са два… А калі Пранціш, тое-сёе скеміўшы, кінуўся да другога вакна, выявілася, што і з таго боку набліжаецца тузін…
Цяпер было зразумелым і адсутнасць наведнікаў на млыне, і тое, што разбегліся ўсе млынаровы памагатыя…
— Ды я зараз гэтых бунтаўнікоў, як хмызы, пакладу! — бушаваў Амерыканец. — Нас шасцёра, калі слуг палічыць, пораху хапае — зараз я ім учыню бунт! Яўхім, кліч майго фурмана! Зброю даставай, якая ёсць! Перастраляю гадаў!
Агалінскі з шабляй у адной руцэ, з пісталетам у другой кінуўся на двор, за ім у восеньскую зорную ноч — зоры ажно гронкамі звісалі, — вылецелі Пранціш і Лёднік. Прафесар утрымаў Агалінскага, які ўжо быў гатовы страляць ва ўсё, што рухаецца:
— Ваша мосць, гэта не проста халопы, якія разбягуцца ад стрэлу. Гэта людзі, спалоханыя да таго, што перасталі баяцца смерці. Яны ўзброеныя віламі і косамі, супраць якіх нашыя шаблі — як трэскі… Дазвольце я напачатку з імі перагавару. Мне даводзілася падчас пошасцяў сустракацца з натоўпамі паляўнічых на ведзьмаў.
Пан Гервасій грэбліва страсянуў з сябе руку доктара, як быццам гэта быў гідкі павук.
— Без тваёй парады абыдуся, баязлівец!
— А гэта не парада, вашамосць. Гэта адзінае разумнае выйсце, — рэзка заявіў Лёднік і, не чакаючы выбуху гневу ад суразмоўцы, выйшаў за браму і гукнуў назад: — Зачыняйце і не высоўвайцеся! Не страляць, пакуль не дам знаку!
Бубнеў спалоханыя малітвы Хвелька, яму дапамагаў млынар… Пранціш прыпаў да шчыліны між дошкамі, цэлячыся са стрэльбы ў прыхадняў: доктар стаяў, скрыжаваўшы на грудзях рукі, падманліва спакойны. Людзі з паходнямі, узброеныя хто чым, спыніліся перад ім. Наперадзе быў худы высокі мужык з запалымі светлымі вачыма, якія гарэлі фанатычным агнём.
— Аддайце нам вядзьмарку!
— Вы ведаеце, што нападаеце на самога пана Гервасія Агалінскага, які спыніўся ў гэтым доме? — спакойна спытаўся Лёднік, і Агалінскі пацвердзіў сваю прысутнасць градам выкшталцоных праклёнаў, сярод якіх самым прыстойным было «дзеці карослівай сучкі».
— Супраць яснавяльможнага пана нічога не рабіцьму, — высокі мужык, нібы ў пацвярджэнне слоў стукнуў у зямлю сваймі віламі, што смешным чынам прыпадабнялася мажардомскаму стуканню жазлом у паркет на знак пачатку балю. — Але мы не хочам, каб вашыя мосці тую вядзьмарку звезлі, і нашы людзі ад ейных сурокаў змарнелі. Пан Агалінскі наш гаспадар і суддзя — вось няхай тут жа і асудзіць пачвару! А мы прысуд выканаем!
Натоўп за ягонай спінай загуў… Некалькі чалавек, як і правадыр, відавочна адрозніваліся ад звычайных змарнелых халопаў — замест сярмягаў вывернутыя поўсцю наверх кажухі, за паясамі — шаблі. Лясныя людзі… З гэтымі дамовіцца цяжка.