— Чаму вы вырашылі, што Саклета вінаватая ў пошасці?
— А хто яшчэ? — выгукнуў адзін з мужыкоў, узброены звычайнай сякеркай. — Яна чараўніцтвам з дзяцінства жыве! Сам бачыў, як чорнага ката пад кола млына кідала! А як дала зёлак маёй жонцы, дык тая праз тыдзень плямамі чырвонымі пайшла. А тады і я, і ўся вёска!
Мужык тыцнуў пальцам сабе ў твар, дзе сапраўды красавалася раздрапаная да крыві пляма.
— Вядзьмачка яна! Хоча, каб усе былі такімі страхотнымі, як сама. Бачыў пан, што да аблічча яе чырвоны змей прысмактаўся? Усе ведаюць — Яўхім ейную матку цяжарнай узяў, ад Вадзяніка яна!
— Жорнаў на шыю — і ўтапіць! — зараўлі прыхадні.
— Чакайце, спадарства! — доктар падняў руку, і крыкі сціхлі. — Я — доктар. Дайце мне час, і я вылечу ўсіх.
— А яна зноў на нас хворасць нашле! — выкрыкнуў нехта.
— Калі я прыбяру з яе твару «чырвонага змея», вы паверыце, што Саклета — не вядзьмачка? Яна ж, мусіць, у царкву ходзіць, прычасце бярэ…
— Ты, можа, сам вядзьмак! — выгукнуў нехта з натоўпу, і вілы наставіліся на Лёдніка, як на загнанага ваўка.
— Доктар, не мянці языком! Я тут пан, мне і вырашаць! — выкрыкнуў Агалінскі з-за плоту. — Бунту не пацярплю, але і чараўнікоў пакрываць не збіраюся!
Людзі ўхвальна загулі. Лёднік уладна загадаў прыхадням:
— Мы зараз параімся! Чакайце тут выраку! — і зайшоў у браму.
Да доктара зараз жа падляцеў Агалінскі.
— Ты што тут узяўся камандаваць, клісцірнік пракляты? Хто ты такі? Вядзьмак вядзьмачку ратаваць узяўся? Ды я цябе…
Агалінскі выхапіў з-за пояса бізун і замахнуўся. Лёднік пераняў панскую руку і так сціснуў, што пан вохнуў.
— Я, вашамосць, прысягу сваю вам памятаю і гатовы сплаціць. Але пан памыляецца, калі думае, што я дазволю хоць адзін бізун ад тае смяротнае дозы загадзя выпрабаваць на свае скуры. І я не дазволю аддаць на смерць гэтае няшчаснае дзяўчо…
Лёднік кіўнуў у бок Саклеты, якая нават не плакала, не спрабавала схавацца, а пакорліва стаяла каля бацькі, апусціўшы галаву, падобная ў белай хустцы на зламаную кветку.
Пранціш зараз жа падляцеў да Лёдніка, гатовы астудзіць пал Агалінскага шабляй.
— Я ўсё ўладжу сам, ваша мосць, — цвёрда сказаў Амерыканцу доктар. — Я бачыў праявы пошасці і пазнаў хваробу. Нічога звышнатуральнага. Прашу толькі яснавяльможнага пана не ўмешвацца — урэшце, гэта мужыцкая справа, не вартая вашых высакародных клопатаў.
Агалінскі, якога Лёднік адпусціў, адскочыў назад і выхапіў шаблю. Ноздры яго раздзімаліся, і ён бы кінуўся на доктара, каб быў трохі больш п’яны, але, відаць, яшчэ памятаў, што сам звязаны прысягай наконт здабыцця спадчыны доктара Дзі, таму толькі пагардліва сплюнуў.
— Гэта я табе таксама прыпомню, паскуднік!
Фурман і Хвелька паглядалі на млынароўну з нянавісцю і страхам, і, падобна, гатовыя былі зараз жа перакуліць яе цераз плот.
Доктар строга папытаўся Саклету:
— Кідала ката пад млын?
Дзяўчына з безнадзейнай абыякавасцю кіўнула галавой:
— Звычай такі, вашамосць. Млын жа без гэтага круціцца не будзе, вадзянік ставы паламае…
Лёднік толькі з прыкрасцю рукой махнуў.
— Вось ён, партрэт мясцовага духу… Даведнік па травах з лацінскімі назовамі — і кот у ахвяру вадзяніку. А на аперацыю па выдаленні свайго ўпрыгожання на шчацэ ты згодная, ці свята верыш у ягоную неабходнасць дзеля паспяховай знахарскай практыкі?
Саклета ўпала перад доктарам на калені і пачала палка цалаваць таму руку:
— Паночак мой, любенькі мой, ды калі б толькі вы змаглі сурок гэты прыбраць! Ды я за вас Богу маліцца стану і ўдзень, і ўночы!
— Млын прадам, усё прадам, толькі прыбярыце чырвонага змея з дачкі, сіроткі беднай! — зароў і Яўхім і схапіў доктара за другую руку. — Матка ейная рана памерла, адзіная мая ўцеха — дзіцятка…
Лёднік раздражнёна вырваўся.
— Папярэджваю, гэта балюча. А мне яшчэ лішаі ў гэтых дурняў лячыць. Будзеце рабіць, што скажу, без дапамогі не спраўлюся.
І пайшоў за вароты.
Калі натоўп расчыніўся ў прыцемку, як соль у поліўцы, Лёднік абвесціў, да абурэння Агалінскага, што давядзецца затрымацца на млыне на тыдзень. Бо ён дэкляраваў нападнікам вылечыць ад пошасці жыхароў вёскі, а млынароўну Саклету паказаць з чыстым тварам. Тыдзень — найменшы тэрмін, за які шнар пасля аперацыі на твары хоць трошкі зацягнецца, прыгатуецца дастатковая колькасць мазі ад скуранога захворвання, якое, па сцверджанні Лёдніка, узнікла не ад сурокаў, а «мыцца часцей трэба», і ад тае мазі лішаі пачнуць сыходзіць.
А каб абвергнуць падазрэнні ў вядзьмарстве ўласным, доктар абвесціў, што разам з сям’ёй млынароў пойдзе ў царкву — яна тут засталася праваслаўнай — да споведзі і прычасця.