Пранцішу давялося быць асістэнтам, калі доктар рабіў аперацыю Саклеце. Студыёзус увесь час маліўся святому Кіпрыяну, які дапамагае супрацьстаяць магіі і чараўніцтву, але за час аперацыі ўпэўненасці ў вядзьмарскай прыродзе млынароўны ўсё-ткі паменшылася. Амерыканец таксама быў пажадаў паглядзець, але хутка страціў цікавасць да крывавай дзеі. А дзяўчына нават не плакала — дзеля пазбаўлення ад свайго праклёну гатовая была перацярпець любы боль. Праўда, і Лёднік узяў з сабой не толькі абавязковы набор інструментаў, але і запас лекаў, сярод якіх даволі моцныя абязбольваючыя.
— Яшчэ пара такіх аперацый — і мне можна будзе блох падкоўваць, — бурчэў стамлёны, але таемна задаволены сабой Лёднік, які страціў гадзіну, каб зрабіць след ад свайго скальпеля як мага больш незаўважным.
А тады пачалася катаржная праца па нарыхтоўцы мазі. Смурод клубіўся неверагодны, як у пекле. Хвелька і фурман Карп, панурыя і злыя, пераціралі, таўклі і наразалі, млынар цягаў, Пранціш варыў, Лёднік кіраваў… Толькі Саклеце было забаронена ўставаць — каб усё зажыло як хутчэй і найлепей.
А Амерыканец альбо валяўся на сенніку з кнігай пра заморскія падарожжы, альбо хадзіў страляць птушак у бліжэйшы гаік. Адзіная карысць — пан высветліў, што за млынам сочаць, так што збегчы не ўдасца, і паслаць па дапамогу ў Глінішчы таксама. Яшчэ адно, на гэты раз уласнае, назіранне Пранцішу не спадабалася: Карп і раней пазіраў на доктара, як сыч. А цяпер і Хвелька перамяніўся. У ягоных паглядах на гаспадара мігцелі расчараванне і крыўда, як у дзіцёнка, якому замест сапраўднага жывога коніка падарылі выразанага з дрэва балванчыка. Доктару не было калі звяртаць увагі на такія нюансы, але Пранціш схапіў Хвельку за вуха ў цёмным куце пасля асабліва непаважлівага звароту да прафесара.
— Ты што гэта, сучы сын, сабе дазваляеш? Я цябе, хамуйла, навучу, як са шляхціцам паводзіцца!
— Дык то са шляхціцам… — раптам з крыўдай прагаварыў Хвелька. — А мне Карп распавёў, што пан Лёднік — зусім і не пан, а чарнакніжнік, і ў вас, вашамосць, слугою быў, а брат пана Гервасія дык увогуле яго за халопа трымаў.
Пранціш для важкасці адвесіў Хвельку пару кухталёў.
— Запомні, хамуйла: нават кароль можа ў палон патрапіць і на ланцугу сядзець. Калі пана Лёдніка сам вялікі гетман паважаў, за стол з сабою садзіў, дык не табе ставіць пад сумнеў ягоную годнасць. Ясна? Доктар жыццё табе выратаваў, з таго свету выцягнуў, а ты важыш, ці дастаткова твой пан для цябе радавіты!
Хвелька, вядома, запэўніў, што ўсё з’ясаваў, і перапрашаўся, і каяўся… Але водгулле атрымалася ад такога дробнага здарэння непрыемнае… Пранціш памятаў сябе, шкаляра, якому дастаўся ў рабства раскаяны алхімік. І як ён ставіў алхіміка на месца… І, выходзіць, Лёдніка, сына гарбара, да канца жыцця так і будуць ставіць на месца — нават слугі… Для Пранціша, які аднойчы прызнаў доктара роўным сабе, гэта атрымлівалася асабістай абразай… Але ж і сам пан Вырвіч, уладальнік герба Гіпацэнтаўр, у глыбіні душы лічыў Лёдніка няхай і выбітным чалавекам, але — інакшым ад патомнай шляхты, бо ў ягоных жылах усё роўна цякла простая, брудная кроў… І бацька Пранціша, пан Даніла Вырвіч з Падняводдзя, загонны шляхцюк, які сам вывозіў на поле гной, уторкнуўшы ў воз шляхецкую шаблю, быў па сармацкіх законах бясконца вышэй за бязроднага прафесара з двума дыпломамі, у парыку і модным камзоле.
А потым давялося ісці ў вёсачку з красамоўнай назвай Карытнікі, счакаўшы свята, каб людзі былі дома. Перад выправай прафесар з валізай у руках спыніўся ля тапчана, на якім, задраўшы ногі ў жоўтых саф’янавых ботах на падваконне, ляжаў пан Гервасій:
— Ваша мосць не хоча паглядзець, як жывуць ягоныя падданыя?
Доза жоўці ў голасе прафесара была дастаткова заўважнай. Амерыканец сеў і варожа ўтаропіўся ў прафесара.
— Што я, мужыкоў не бачыў?
Лёднік скрывіў вусны.
— Вы, вашамосць, так жадаеце даведацца, як жывуць бедныя індыянцы… Ці не варта мець, з чым параўноўваць? Запэўніваю — экзотыкі і дзікунства ў глухіх тутэйшых вёсачках ніяк не менш, чым у пасяленнях ацтэкаў і майя.
Амерыканец падумаў, і зрабіў літасць зацікавіцца. Усё роўна ад нуды пачаў мух расстрэльваць гарохам з трубачкі, а астралябію, хітрамудрую і бескарысную з-за тае хітрамудрасці закінуў так, што забыўся, куды.
Пашкадаваў пан Гервасій аб сваёй цікаўнасці ўжо калі пад’язджалі конна да Карытнікаў па такой гразкай дарозе, што не заслугоўвала наймення дарогі — так, недаробленая сцежка па гліністай гразі. Конь пана Агалінскага ледзь не паваліўся ў адным асабліва слізкім і гразкім месцы, камякі гліны ляцелі на вершнікаў, асядалі на вопратцы ардэнамі восеньскіх вандраванняў.