— Гэта належала майму пану бацьку! Вось тут наш герб выгравіраваны… Я нават памятаю, як гэтая штука вісела ў бацькі на шыі! Ён на вочы быў слабы — гэта ў нас спадчыннае, і з дапамогай шкла чытаў. Адкуль яно ў млынароўны? Матка, відаць, злодзейка была!
Пранціш забраў у пана Гервасія дзіўны прадмет, уважліва ўгледзеўся, перавярнуў… На зваротным баку срэбны аклад быў абцягнуты тонкай светлай скурай, а на ёй красаваўся надпіс сінім атрамантам, які студыёзус з задавальненнем зачытаў услых:
«Слічнай маёй Альдонцы — каб разгледзела сваё шчасце. З любоўю — пан Ладзіслаў».
— Ваш бацька зрабіў цікавы падарунак прыслузе. — працягваў Пранціш. — Мабыць, і ёй падабалася дзіўнае шкельца. А вось і дата…
Пранціш паднёс лінзу да самых вачэй:
«Глінішчы, чэрвень 1743 году».
— Наколькі я разумею, дзесьці праз некалькі месяцаў нарадзілася наша агульная знаёмая Саклета.
Пан Агалінскі недаверліва зірнуў на надпіс, злосна сыкнуў нешта скрозь зубы і адвярнуўся да вакна. Толькі калі Лёднік схаваў шкельца ў куфэрак, Амерыканец суха вымавіў:
— Я быў бы вельмі ўдзячны пану Лёдніку, калі б ён прадаў мне гэты падарунак. За любыя грошы. Пяцьдзесят дукатаў, скажам. Альдону тую шылахвостку я ўспомніў, а калі пойдуць чуткі…
— Вось цікава, а нашто пану Лёдніку грошы, калі вашамосць усё роўна яго заб’е? — не прамінуў паздзеквацца Пранціш.
Доктар сярдзітым позіркам спыніў Вырвіча, які дужа ўзрадваўся магчымасці прышпіліць фанабэрыстага Агалінскага ганебнай таямніцай.
— Няхай вашамосць паабяцае, што дэкляраваныя грошы панна Саклета, незаконнанароджаная сястра пана, атрымае ў пасаг, і я зараз жа перадам вам куфэрак. Разам з нашым абяцаннем маўчаць.
Пан Агалінскі скрывіўся, як паўтара няшчасця, але прамовіў, апусціўшы вочы.
— Слова гонару. Пяцьдзесят дукатаў пашлю дзеўцы.
За вокнамі карэты зноў пачаў накрапваць паскудны восеньскі дождж, і індускі бог Яма адклікаў сваіх чатырохгаловых сабакаў, што беглі за дармезам без гербаў, у больш прыветнае, але не менш грэшнае, месца.
Раздзел восьмы
ЯК ПРАНЦІШ З ПАНАМ ПАЛОНІЕМ ПАЗНАЁМІЎСЯ
Пераступіць цераз ганак — гэта вам не лыжку заціркі глынуць. Нездарма ў новы дом першым пускаюць котку альбо пеўня — каб прынялі на сябе тое, што пад ганкам хаваецца, гнеў нябачнага вартавога… Адкупіцца ж ад таго вартавога хто як спрабаваў. Закопвалі пад ганкам манеты, кропельку іртуці, змяіную скурку, кавалак жалеза, ваўчыную галаву альбо чорную курыцу, ці яшчэ страшней — хавалі памерлых няхрышчанымі немаўлятаў.
На парозе нельга есці, бо плёткі прыцягнеш, нельга праз ганак выплюхваць на двор брудную ваду — курыная слепата надарыцца. Калі штось будзеш на ганку сячы — напусціш у дом ведзьмаў і жабаў. Затое ад спалоху няма больш вернага сродка, чым калі шаптуха спырсне цябе праз расчыненыя дзверы нагаворанай вадой, ці «заб’е» перад імі спалох нажом альбо сякерай.
На гэтым ганку ляжаў раздушаны начны матыль, яго абсыпаныя шэрым бліскучым пылком крылцы бездапаможна прыліплі да мокрага каменю, і не верылася, што ў іх некалі жыло вольнае паветра.
Доктар Лёднік забабонаў не прызнаваў, таму цераз ганак дому Рэнічаў, мёртвага матыля і жывыя перасцярогі пераступіў, не вагаючыся… А вось Пранціш Вырвіч на ягоным месцы добра падумаў бы, чаму гэта на стук ніхто не адгукнуўся, а дзверы адчыненыя. Як казалі лаціняне, нават паміж кавалкам і ротам шмат што можа здарыцца. Частку дома, які калісь належаў бацьку пані Саламеі, кніжніку Івану Рэнічу, Лёднікі здавалі ў арэнду — там, дзе пераплётная майстэрня. І па ўсяму выходзіла, што арандатар ці хтось з ягонай чэлядзі павінны быць на месцы… Але майстэрня на замку. Пранціш дастаў шаблю і заўважыў, што доктар таксама паклаў руку на дзяржальна — значыць, усё-ткі не страціў да канца пільнасці, і жэстам загадаў Хвельку заставацца на двары.
— Гэй, ёсць хто ў хаце?
Цішыня… Але Вырвіч быў упэўнены, што яны ў будынку не адны.
Так і здарылася. У гасцёўні чакала чалавек дзесяць — узброеныя да зубоў ваякі, якім не ўпершыню пільнаваць у засоцы. Пасярэдзіне пакоя, у фатэлі, нерухома сядзела пані Саламея Лёднік, збялелая, напятая, у вялікіх сініх вачах адчай. А за яе спінай, прываліўшыся да падваконня, у вольнай позе застыў белавалосы волат са страшным, пакрытым шнарамі, ружовым тварам, з бяздоннымі вачыма, якія здаваліся то празрыста-светлымі, то барвовымі… На вуснах волата лунала іранічная ўсмешка, нібыта ён прысутнічаў пры лёгкай застольнай размове.